Зброя

Кульгала і рэжысёрская частка. Паўзы і збоі часам былі нясцерпныя....Калі так было ў лепшым тэатры – што ўжо было казаць аб астатніх.Оперная расейская трупа літаральна жывацела, бо яе забівалі італьянцы. Bel canto1 відавочна перамагала слабую яшчэ расейскую школу. Нікога не цікавіў сэнс слоў і гульня акцёраў.Антрэпрэнёр Марэлі пры ўпамінанні расейскай трупы і расейскай музыкі пагардліва крывіў вусны. І, у пэўнай меры, меў рацыю. Добрых галасоў амаль не было. Дэкарацыі былі зацяганыя і бедныя. Халатнасць і абыякавасць трупы і кіраўнікоў кідаліся адразу ў вочы. І таму партэр амаль пуставаў, ложы наведваліся па кантрамарках, і толькі на галёрцы была сякая-такая публіка.Слабы бедны хор з абрыдлівымі галасамі: басы, якія равуць, як бугаі на арэне, поўная нясыгранасць – глядзець на ўсё гэта было балюча. Словы “тише, тише” спявалі на самых высокіх нотах. Пры словах “бежим, спешим” стаялі на месцы. Плявацца хацелася.Алеінавыя лямпы люстраў часта лопаліся і дымелі. Калі ў царскія дні палілі замест іх свечы – на галовы гледачоў плыў стэарын. Сеткі пад люстрай яшчэ не было, і часам гарачыя асколкі лямпавага шкла падалі на людзей.І, галоўнае, нічым гэтага, па агульнай абыякавасці, нельга было выправіць. Да таго ж дурні з цэнзуры літаральна рэзалі ўсё свежае. Даходзіла да недарэчнасцей нават у дробязях. Назва оперы па-італьянску заставалася той самай (усё адно Іван не разбярэцца), а на расейскую мову перакладалася зусім іначай. Нашто ўпамінаць такое небяспечнае імя, як “Вільгельм Тэль”, – хай опера завецца “Карл Смелы”.Нашто бузаваць царкву, упамінаючы назву “Прарок”? Гэта ж блюзнерства! Няхай завецца “Аблогай Гента”....Тое самае, што з тэатрам, адбывалася і ў мастацтве, і ў архітэктуры, і паўсюль. І, аднак, людзі не зважалі на гэта.Яны маглі дазволіць сабе такое. Алесь – не мог.

РАЗДЗЕЛ ІІІУ самым канцы масніцы Чыўін, урэшце, завітаў у гасцініцу Наватроіцкага тракціра. Тады, калі Алесь перастаў нават спадзявацца на гэта, хаця і не ведаў, нашто было старому клясціся ў тым, што абавязкова дапаможа, браць на душу незамольны грэх.– Што так доўга, Дзяніс Авакумыч?– Загадзя грэх замольваў, – стрымана ўсміхнуўся стары. – Бо зараз з табою паедзем, княжа, мацаць ніканіянскую Маскву, тытунніцу, вавілонскую блудніцу.– Ці не занадта строга?– Чаго строга? Тры лястоўкі перабраў. Паклонаў тых тысячы адбіў. Блудніца – блудніца і ёсць. Адным тытунём надыхаешся, як антыхрыст Пятруха.Алесю смяяцца хацелася. Але ён маўчаў. ...Клікнулі Макара. Пакуль збіраліся – стары, нібы яго і не датычылася, сказаў Загорскаму:– З фурманам табе пашанцавала. П’е ў меру. Язык – вузлом. Ні агароўскія і ніякія другія людцы да яго і не падступайся: справы гаспадара не прадасць.– Хіба падступаліся?– Яны да ўсіх падступаюцца... Але гэты ім даў ад варот паварот. Папярэдні гаспадар аб ім кажа: спадзявайцеся.“Вось якія ты паклоны біў”, – падумаў Алесь, а ўголас сказаў:– Ды, уласна, чаго мне баяцца? Я не патаемнае раблю.Вочкі старога глядзелі на Алеся нібы зусім абыякава.– Дый я не кажу, што конча трэба баяцца... Што табе, скажам, у агароўскіх людзях ці іншых?.. Гэтыя нам, абывацелям, абарона, дадзеная гасударам. – Чыўін дазволіў сабе трохі ўсміхнуцца. – Але ж ты збіраешся зведаць горад аж да апошняга. Табе трэба будзе з усімі сустрэцца. Ну, скажам, ахотнарадскія мамаі з птушыных бойняў табе ні да чаго. Ну, скажам, гандляры з Кузнецкага моста – бясшкодны народ. Але ж мы потым у Старыя рады пойдзем. А там, у Нажовай лініі, свежаму чалавеку і не сунься – крыссе аддзяруць ды яшчэ і аблаюць. А ў “Горадзе” і ўвогуле бяда. А з сухарэўскімі гандлярамі – ратуй нас Божа. А ўжо калі надумаеш спусціцца ў Ніжні горад, у Зараддзе, або пашукаць нешта па “цёмных” крамах – тут за спіною патрэбен чалавек з пудовымі кулакамі.