Зброя

– Нашто нам туды? – сказаў Алесь. – У цябе ж, пэўна, Дзяніс Авакумыч, і між рагожскіх сувязяў поўна.Чыўін раптам пасуровеў. Нават вочы, здаецца, пасуровелі і павялічыліся.– Гэх, князь. Рагожскіх гоняць. У царквах нашых – врата запечатленныя. Байкі на нас розныя кажуць. Мы – ізуверы, мы – начотчыкі. Кожнае сцерво можа ў нас каменіем лукануць... А ты, княжа, паглядзі, паглядзі спачатку на гэтае царства мамоны, на бліннікаў гэтых, на паддзячых... Садом, кажуць, малы гарадок быў. Масква ў тысячу разоў большая... там праведнікаў было, Лот, ды жонка, ды тры дачкі: пяць чалавек. То і ў нас не лепей. Пяць тысяч праведнікаў знойдзецца, а астатняе – сернага агню просіць. Жабракі з голаду здыхаюць, мяшчане крадуць, каб не здохнуць, п’юць, сем’і катуюць. Паліцыя горш за агаран – сабак на варотах вешае. Чыноўнікі – крапіўнае семя, чарнільныя пацукі, п’яўкі антыхрыставы. Ты помні, расейскі чыноўнік – падлец. Не ў тым справа, што ён законы ведае, а ў тым, што ведае, як іх абысці... Купцы ў нас – сам убачыш якія... Гніламясыя цвердазады... Пра панства і казаць няма чаго... Вось ты гэта і паглядзі, каб потым ведаў, каму тут можна верыць, у гэтай яміне выграбной, нячышчанай: падлаедам гэтым ці нам “ізуверам”.І раптам, чаго ніколі больш не дазволіў сабе, паклаў руку на руку Алеся.– Паглядзі... Можа, з часам і прыдасца.– Пагляджу, – сур’ёзна сказаў Алесь. – Значыцца, перш чым за справу, на паглядзелкі пойдзем?– Трэба, – сказаў стары. – Бо невядома ўжо, на якога Месію спадзявацца нам.– Хіба адным вам?– Ого, каб гэта адным. Так што ты спусціся, бацюхна, у пекла... аж да адкідных каналаў... куды трупы абрабаваныя кожную ноч кідаюць... не адзін і не два... Паглядзі, што ўжо далей рабіць, на якога спадзявацца бога.Алесь думаў над словамі купца і разумеў, што той, відаць, за гэтыя дні меў нараду з кімсьці са значных людзей, ды, магчыма, і не з адным. І гэтыя людзі, параіўшыся, вырашылі, што князь Загорскі ім патрэбен. Такія вось, багатыя, уладу маючыя, цярпімыя і памяркоўныя да гнанай, загаджанай веры і, адначасова, выключна абазнаныя ў ёй, – трапляліся ім вельмі рэдка.Ва ўсякім разе, калі б вырашалася пытанне аб сухадольскіх раскольнічых вёсках, каб людзей з гэтых вёсак вырашылі б пакрыўдзіць – галоўную ўвагу мела б слова гаспадара ўсіх гэтых земляў, яго, Алеся.Загорскі не ведаў толькі, што Чыўін ні з кім не раіўся і вырашыў усё на свой страх і сваю рызыку. Алесь здагадаўся аб ходзе ягоных думак, але Чыўін быў страляны ліс. Хаця сярод старавераў і не вадзілася ніколі даносаў, бо дапамагаць слугам антыхрыста лічылася смяротным грахом, – ён вырашыў, што лепей будзе, калі аб усім гэтым будзе ведаць меншая колькасць людзей. Два рагожскія папы адразу былі выкрасленыя ім са спіска давераных. Іван Мацвеевіч быў надзейны, але размазня і дапамагчы ўсё роўна нічым не мог. Другі, Пётр Ярмілавіч, быў куражны, самадур, які вечна пагражаў парафіі пераходам у адзінавер’е, што скора і здарылася, пасля чаго ўлады “запечатлелі” і апошнія рагожскія і іншыя алтары.Чыўін, на выпадак, калі ўсё ж спатрэбіцца падземная, амаль усемагутная сетка дрэўлепрэпраслаўленай дапамогі, звярнуўся толькі да аднаго чалавека, і гэтым чалавекам была, як гэта ні дзіўна, жанчына. Але цвёрдасці языка гэтай жанчыны маглі б пазайздросціць і “божыя маўчальнікі”.На рагожскіх могілках жыла “Матка”, слуп веры, апора дрэўлега благачэсця, маці Пульхерыя, чалавек неабмежаванай улады, абазнаная ў справах зямных толькі трохі менш, чым сам уседзяржыцель.