Зброя

Чыўін спытаў у яе ўскосна, ці можа ён дабіцца прыхільнасці вельмі магутнага ў заходнім краі чалавека, і, без адзінага пытання, без адзінага слова, атрымаў бласлаўленне на гэты крок.Урэшце ён мог бы абысціся нават і без гэтага....Яны выйшлі на вуліцу. Іллінка была даволі пустая. Толькі з боку мізэрнага будынка старой біржы ехала некалькі багатых рысакоў: відаць, купцы везлі ў Наватроіцкі тракцір нейкага прыезджага іншаземца. Ніводны такі, калі быў значнай асобай, не мінаў лепшага з маскоўскіх тракціраў.“Вялікі Маскоўскі”, гурынскі, славіўся найлепшай кухняй і дзівосным квасам, “Цестаўскі”, што ў доме Патрыкеева, лепшым аркестрыёнам, тракцір Ягорава, што ў Ахотным радзе – адсутнасцю тытунёвага дыму, непараўнальным кітайскім “лянсінам” і “варонінскімі”, лепшымі ў свеце блінамі.Але такога расейскага, такога багатага і, адначасова, утульнага тракціра, як Наватроіцкі, больш не было. У гэтым сэнсе ён быў па-за канкурэнцыяй....Ля музычнага магазіна Паўла Ленгольда стаяў з коньмі Макар. З магазіна даляталі шчымлівыя гукі гітары (у Ленгольда, каб пакупнікі ведалі, чаго яны могуць дасягнуць, граў калісьці славуты гітарыст Высоцкі, а цяпер новыя гітарысты з лепшых).– То паедзем, – сказаў Чыўін. – Давай, княжа, так зробім. Паедзем зараз Праломнай брамай. Да гэтага паглядзіш на сталёвы гандаль ля Багаяўленскага манастыра, на гандаль Старой Плошчы. Потым паедзем на Кузнецкі. Адтуль – у Старыя рады. Як ты кажаш, каўбасу звяжам. А потым – на Балчуг, там таксама гандаль.І на гэтым сёння скончым.– Давай.Кірдун, што ставіўся да Чыўіна, як і да ўсіх Алесевых знаёмых, вельмі раўніва, толькі соп ад гэтай бесцырымоннасці.Сані крануліся. Багатая Іллінка, маскоўскае “сіці”, плыла перад вачыма. Мянялы-скапцы сядзелі пад паветкамі. У магазіне багатыроў Булачкіных цьмяна блішчала ў пахмурным святле срэбра. Пералівамі мастацкай парчы ззяла за вокнамі вялізная Сапожнікаўская лаўка. І на ўсё гэта церушыўся з неба мокры снег.– На Варварку варочаць нам няма чаго, – сказаў Чыўін. – Там воск, перцы-шмерцы ды оптавая бакалея. А гандляры ўсё больш былыя прыгонныя Шарамецева. Не адпускаў. Яны амаль усе тысячнікі, а многія нават мільёншчыкі, то яму пахвальна было, што ў яго мужыкі мільёнамі варочаюць. Вось цяпер, як прыгон адмянілі, то і кусай локці. Ды што яму? Багатыр? Роўны, відаць, вам па багаццю. А ў цябе мільёншчыкі былі?– Пры бацьку – былі. Дванаццаць чалавек. Ды я іх адразу выпусціў.– Без выкупу?– Але. Толькі прымусіў, каб кожны для бедных аднавяскоўцаў купіў па валоцы зямлі ды па каню. І хаты пабудаваў.– Прадзешавіў, князь. Яны б і дзесяць тысяч за волю кожны заплаціў.– Я за гэтым не гнаўся. Яны нават аброку менш шарамецеўскіх плацілі... Пяцьдзесят у год.– То добра. А ото, бачыш, царква Іаана Багаслова, што пад вязам. Бачыш, гандаль. Тут гатовае адзенне купляюць. Можна драніну купіць, бо падмануць на ўсе чатыры коркі. А можна і добрае. Кажухі часам нішто сабе.Загорскі дакрануўся да пляча Кірдуна. Халімон непрыкметна схіліў галаву. Вечарам ён павінен перадаць гэта Маеўскаму, і тады “купец Вакх” закупіць тут дзве тысячы кажухоў. Пашыць такую вялізную колькасць на месцы, у Прыдняпроўі, нельга было, не абудзіўшы чутак. Швальні Загорскага пад маркай “абшывання слуг малодшых радоў” маглі пашыць не больш як пяць соцень цёплых кажушаных чуг. Ды частку замовілі ў розных месцах.