Зброя

Паварацілі на Нікольскую, да Багаяўленскага манастыра. Тут калыхаўся натоўп: ішоў гандаль сталёвымі і меднымі вырабамі, галоўным чынам, тульскімі. Цьмяна блішчалі самавары – ад пяцівядзёрных, “чыгуначных”, да самых малых; вязкамі, як лыка пад мужыцкай страхой, віселі стрэльбавыя ствалы. У глыбіні ятак, як тарань, серабрыліся бліскучыя нажы, суседнічалі з прыборамі для дзвераў і шэрагамі паляўнічых дубальтовак.Чыўін часта загадваў спыніць коней, таргаваўся з гаспадарамі, запэўніваў, угаворваў і ледзь толькі не бажыўся – бо грэх. Калі ад’язджалі ад кожнага такога месца – гаспадар крамы клікаў грузчыкаў, расейцаў і татар, і яны пачыналі насіць на вазы “гужавых” рамізнікаў, што стаялі паўздоўж усіх падвор’яў, рагожныя кулі.Везлі іх на Чыжоўскае падвор’е, дзе Кірдун днямі зняў складское памяшканне.Алесь браў у рукі варанёныя ці пасрэбленыя ствалы, мерыўся, ці ёмісты прыклад. Даўняя звычка да зброі давала яму магчымасць беспамылкова адрозніць бліскучую дрэнь для навічкоў ад простых, але сапраўдных стрэльбаў “на знаўцу”. Куплялі, аднак, з перасцярогай: пяць – восем вышэйшага класа стрэльбаў у кожнай краме. Гэта не была зброяй для “ўсіх”. Гэта была зброя “застрэльшчыкаў”, найлепшых стралкоў, што будуць уваходзіць па два чалавекі ў кожны дзесятак, і тое на той толькі выпадак, калі штуцараў, або ігольных стрэльбаў, не давядзецца дастаць.Натоўп віраваў на Нікольскай, і толькі ў завулках, што вялі на Іллінку, было паспакайней: там ішоў гандаль – оптавы.– Вялікімі мільёнамі варочаюць, – сказаў Чыўін. – Вялікімі сотнямі мільёнаў. Вялікімі, няправеднымі. І ўсё больш, больш тут грошай. Кітай-горад, нічога не скажаш. А цяпер зусім у іх добра. Уся сіла гарадская тут. А паны да Яблычнага двара псароў высылаюць: хортых спрадаваць.– Чаго брэшаш? – сказаў Макар. – Зараз вось у іх і грошы, у паноў. Ніколі столькі не было.– І гэта праўда. Ці надоўга толькі?Сані ледзь прабіваліся натоўпам да Праломнай брамы. Бліншчыкі, збіценшчыкі, бабулі-жабрачкі, разносчыкі, пірожнікі – так і кішэлі пад нагамі. У вокнах крам цяпер было другое: цяжкія вокладкі царкоўных кніг, золата дзіскасаў і паціраў, залатыя і жалобныя рызы. Паступова, аднак, за Друкарскім дваром, свецкае цясніла духоўнае. Пад навесамі і ў крамах ляжалі кнігі, віселі, заціснутыя ў шчыпцы для бялізны, лубачныя малюнкі. Замест семінарыстаў і правінцыяльных папоў, што прыехалі купляць царкоўнае начынне, з крамы ў краму хадзілі мужыкі-карабейнікі. Чулася бажба, лаянка, спрэчкі.Яны тут трохі завязнулі па віне Алеся. Той заходзіў ледзь не ў кожную краму, і пасля кожнай такой візіты ў нагах седакоў прыбаўлялася кніг. Кірдун усё больш суровеў і ўрэшце не вытрымаў. Дачакаўся, пакуль яны засталіся адны перад дзвярыма чарговай крамы, і ціха сказаў:– Нашто яны табе? Для агню купляць?Алесь вінавата паціснуў плячыма:– Не магу. Ты паглядзі, якія ў гэтых кніжнікаў нячыстыя лапы.– Магчыма, разам з хатамі нашымі яны згараць, кнігі, – сказаў Халімон.– Згараць і тут.– Кіньце, паніч.– Згараць. Набярэ такі кніг, носіць-носіць – ніхто не купляе. То ён тады ў двары вогнішча раскладвае і –“час абнавіць таварац”. І пайшло ўсё гэта ў полымя. А тут глядзі – элзевіры1, масонскія выданні, “Духоўны рыцар”.Сапраўды, сярод лубачных кніг ляжалі містычныя новікаўскія выданні, кнігі па хірамантыі і фізіягноміцы, Златавуставы Маргарыты, Чэцці Мінеі яшчэ даніканаўскіх часоў. Чыўін, разглядаючы апошнія, толькі аблізваўся. Аж пакуль Загорскі не загадаў яму ўзяць іх сабе. А над усёй гэтай раскошай ляцелі прарэзлівыя або рыпучыя галасы: нібы падлаеды балявалі над трупамі: