Зброя

– Вось лубкі-лубкі!– Вось купец у трубу вылецеў. Чобаты буракамі, за цыліндр – рукамі, у тых, хто глядзіць, – морды дуракамі.– А вось муж на жонцы дровы з лесу вязе. Купі, мужык, каб жонка ўбораў не прасіла.– А-фонская гара, а-фонская гара, – ільецца ялейны галасок. – Страшны суд... Цьма непрасвяцімая; вогнь неўгасімы, скрэжат зубоўны. Змяя зялёная грэшнікаў смокча.Зялёныя былі не толькі змеі. Зялёнае было, разам з дрэвамі, неба на лубках. Ехаў, галавою пад аблокі, храбры праваслаўны генерал, а салдаты былі не вышэй капытоў ягонага каня, як на эгіпецкіх барэльефах воіны побач з фараонам. Ружовая палоса – твары салдат, чырвоная – каўнеры, блакітная – рака, па якой яны ідуць, разам з салдацкімі чобатамі.– Пэцканіна сатанінская, – злаваўся Чыўін. – Дакаціліся. Пасля Дзіянісія, пасля Рублёва – боскага, пасля Суждальскага ўзорач’я – Аніка-воін ды генералы дурныя.– Рублёва ў кожную сялянскую хату не павесіш, – сказаў Алесь.– То лепей зусім нічога не вешаць. Адзін разны коўш з бярозавага наплыву варты ўсёй гэтай брыды.– І тое праўда.На кніжных рынках купцы Лабкоў і Хлудаў сабралі сабе неацэнныя бібліятэкі. На кніжных рынках быў сапсуты густ двох ці трох народных пакаленняў....Масляная адыходзіла. І, нягледзечы на тое, што на гуляннях усё яшчэ круціліся каруселі, бойка гандлявалі ласункамі, нягледзячы на тое, што з балаганаў даляталі стрэлы з драўляных гармат і сапраўдных стрэльбаў – аж з усіх шчылін шатра валіў парахавы дым (давалі “Узяцце Карса” і “Бітву расейцаў з кабардзінцамі”), – ва ўсім быў няўлоўны сум.Надыходзіў вялікі пост.Стрэлы, галасы зазывалаў, удары балаганных звонаў, уся гэтая какафонія гучала цяпер прыглушана. Менш траплялася п’яных, але затое п’яныя яны былі ўсур’ёз. Стаміліся маснічныя тройкі. Праз святочны пах курэнняў, пораху, масла ўсё мацней прабіваўся звычайны пах горада, яшчэ ўзмоцнены “велікапосным амбрэ”, пах тракціраў, рыбы, гарэлага сала, поснага масла, грыбоў, бочак з чарпакамі, а то і простых цэбраў, што плюхалі на кожным ухабе.Пад мокрым снегам абвіснулі папяровыя кветкі на дугах. Паступова згортваліся балаганы. Гаспадар завіхаўся ля вазоў, і яму дапамагаў “дзікі чалавек, прывезены з Афрыкі”. Дзікага чалавека мучыла пякучка: усю масніцу даводзілася есці жывых галубоў і піць шкіпінар, закусваючы той чаркай, з якой выпіў. Драбіць яе зубамі было нялёгка, нават пасля практыкі, і дзясны дзікуна сям-там кроватачылі.Салдаты, што ўдзельнічалі ў “бітве расейцаў з кабардзінцамі”, разыходзіліся па казармах (кабардзінцы, як заўсёды, атрымаўшы ў карак). І сумна глядзела на іхні ланцуг балаганная прыгажуня, галаднаватая дзяўчына, што зябка хуталася ў дазволеную нарэшце сярмягу. У дзяўчыны была сталая нежыць: усю масніцу яна стаяла на балаганным балконе, пад снегам, сіняя, апранутая толькі ў кісяю.А знізу яе ўжо клікалі гаспадар і дзікі чалавек: трэба было ўпакоўваць двухгаловае цяля.На шэрае нізкае неба, на падаючы шацёр, на слізь муроў глядзеў невідушчымі вачыма “ягіпецкі цар фараон”. Мумію, па яе крохкасці, павінны былі пакласці на воз апошняй. Мумія фіванская, жаўтаватая, з матавым бляскам. Яна добра збераглася, і, значыцца, “цар фараон” збярог у цэласці сваю “бай”2.Невядома, ці ўспамінала гэтая “бай” грозныя паходы на Нубію і Лівію, разгром Фінікіі, палонных, што гоняць за калясніцамі і тысячамі прыносяць у ахвяру.