Зброя

Фараон проста паказваў небу аблічча, і на ягоную скуру, колеру пірага, абсынанага сухарамі, на ягоную былую веліч, церушыўся і церушыўся з неба мокры маскоўскі снег.І як працверажэнне, ішоў сярэдзінай вуліцы сімвал імперскага парадку, здаравіла-будачнік са сталом на галаве3.Пёр – аж пар курэў над плячыма.– Дзікунства наша, дзікасць, – уздыхнуў Чыўін. – Губернатарскі дом – у тры паверхі. Шыльды ля яго – “Мадрыд”, “Дрэздэн”, “Луўр”. А як былі фофаны – так і засталіся. Сталы на галовах носім... Вось, Аляксандар Георгіевіч, якое наша прасвяшчэнне. Мы, на Рагожскай, хаця не пнемся ў новае: ведаем, старымі запаветамі жывем. А тут, з-пад сурдута, дзікасць лезе. Вось хаця б нядаўна... з’явіўся на Краснай плошчы Міхаіл архангел1.Сам у чырвоным, у левай руцэ піка са сцягам, доўгая, у правай – драўляная шабля, бо ляўшун, шуйцай дзейнічае, а дзясніца – так сабе. Крычыць: “З’явіўся на сваё паселішча! Не мір, але меч!” І вось за архангелам-леўшуном валіць натоўп. Тут табе сярод іх і проста цікаўныя, але тут і веруючыя... І ідзе гэты архангел ад Нікольскай брамы праз усю плошчу аж да Блажэннага Васілія.На сярэдзіне плошчы, ля голых Мініна з Пажарскім – сарамацішча! – будачнік архангела арыштаваў ды пацягнуў у акалодак. Выявілася – ніякі ён не “нябесны жыхар”, а манах беглы, вашывы. Вось да чаго яны Божае імя давялі.Макар толькі пасмейваўся на козлах. А купец пачырванеў яшчэ больш, каламутна-сінія вочы пацямнелі. Вялікі рот нібы скамянеў. Рука мяла клін барады.Нясцерпны, арэхава-гнілы смурод Ахотнага рада змяніўся адносна свежым паветрам: з Цвярской, нібы з цясніны, павеяла ветрыкам. Сані паварочвалі да Краснай плошчы.– Трэба будзе табе потым, князь, на Яблычны двор з’едзіць. Там таксама паляўнічымі стрэльбамі гандлююць, сабакамі, усім такім. А што, сланы таксама ў Афрыцы?– Але.– Небяспечная штука твая Афрыка. Ля Яблычнага двара, у звярынцы, не так даўно слон звар’яцеў. Усё чыста разламаў. Абкапалі яго ровам – ён не сунімаецца. Каму ахвота? То склікалі салдат, і тыя яго, беднага, пачалі расстрэльваць. Той раве, а яны паляць. У “Паліцэйскіх ведамасцях” пісалі: сто сорак чатыры кулі ў яго выпусцілі... Вось табе і воінства.– Мы лепей страляем, – сказаў Алесь. – Прывычка.– То і добра. А то пабілі б вас тыя сланы зусім. У тым аднаго мяса было дзвесце пяцьдзесят пудоў... Цьху, Пан Божа... А на Кузнецкі забылі? Там у немцаў таксама стрэльбы, і яшчэ падзорныя трубы можна купіць.– Купім, – супакоіў яго Алесь. – Гэта ў Швабе?– Трубы – у Швабе.– Быў там ужо слуга.Халімон сапраўды пабываў у Швабе. Купіў пяцьдзесят бінокляў. Купілі там і стрэльбаў. Па дзесяць – пятнаццаць, не выклікаючы падазрэнняў, – а на складзе было ўжо сотні тры дубальтовак, дальнабойных, хаця і трохі старамодных ментонаў буйнога калібру, ангельскіх “тыгравых” стрэльбаў. Акрамя таго, трэцяга дня Мсціслаў выехаў чыгункай да Паўлава Пасада, або, па-простаму, “Выхны”, з мэтай купіць там сотні тры кінжалаў, дзвесце шабляў і, колькі знойдзецца ў збройнікаў, – агнястрэльнай зброі2.Усё гэта, праз сваіх людзей, маленькімі партыямі, везлі ў Беларусь. Алесь спадзяваўся, што праз тыдзень на складзе адначасова будзе “начаваць” не больш за сорак стрэльбаў, і тады можна будзе не баяцца паліцыі. Ён ведаў: гэта не канспірацыя. Ён ведаў: справа, якой ён займаецца, можа ў кожны момант каштаваць яму галавы. Але іначай нічога нельга было зрабіць. Толькі і заставалася, што цадзіць яе вось так, па кроплі з розных месц. Бо нават калі б ён спустошыў усе арсеналы Вежы, Загоршчыны і вёсак прыхільнікаў – стрэльбаў не хапіла б на ўсіх людзей. Ён разлічыў: да паездкі ў Маскву адна стрэльба прыходзілася б на пяцёх, калі б край неспадзявана паўстаў. А гэтага можна было чакаць кожную хвіліну. Агнявы фіціль ляжаў на парахавой бочцы, што звалася Беларуссю і Літвой.