Зброя

– На Кузнецкім была гісторыя, – сказаў купец. – Прыходзіць у каланіяльную краму чалавек і просіць патакі. Сядзелец пытае: “Куды наліць?” Чалавек той знімае цыліндр: “Сюды”. Той здзівіўся, але... у кожнага пакупца свая дурына. Налівае. Той яму дае за патаку пяць рублёў. Сядзелец адчыняе шуфлядку, каб даць рэшты. А той яму ў гэты час - хоп! – цыліндр на галаву. Рукі ў касу, за грошы і – лататы.– І правільна, – з нейкай нават павагай сказаў Макар. – Гэта табе не Чухлама, а Масква. Тут зяваць не даводзіцца.Наводдаль узвышаўся Крэмль. Сонца на хвіліну прарвала дзённы змрок і заліло яго крывавай барваю. Муры нібы чырванелі наскрозь у ягоных прамянях. І дзіўна было глядзець шэрае жабрацкае мора, што кішэла ля падножжа гэтай страшнай велічы.Слепакі з павадырамі, гнойныя вочы жабрачак, юроды, язвы і лахманы.– Пада-айце слепенькаму!– “Ля-жаў сабе Ла-а-зар на гнаёвай ку-у-пе...”– Адбіла мне ногі пад горадам Свістопалем...– Брат! Брат! Нічога ў мяне, акрамя вошай. Дай капейку за дзесятак – да смерці дажыву.Рукі цягнуліся адусюль. Нібы прасіла ўся гэтая зямля.– Пацярпеў ад нашэсця інапляменных... Пры Крымскай канфузіі атрымаў кантузію... Вашаскароддзе, на лусту хлеба кавалеру.Салдат быў страшны. Яго калаціла, бы ў падучай. А з-за ягонай спіны цягнуліся новыя... новыя... новыя рукі.Адыходзіў з дарогі жабрак, уражаны нейкай хваробай, магчыма, пранцамі. Ніжняй сківіцы не было, і, як у звоне, боўтаўся ў цёмнай зеўры язык.А над усім гэтым былі барвяныя муры, велічныя вежы, гордыя арлы на шпілях, абрыдлівы спрут, заліты сонечнай крывёй....Ледзь цягнуліся праз натоўп. Злева былі Старыя рады. Двухпавярховыя, з каланадай і купалам. Ля каланады, ля “Сталбоў”, шумела пірожная біржа. Брудныя пірожнікі з захутанымі ў коўдры скрынкамі на грудзях таўкліся ад калон да помніка Мініну і Пажарскаму. Ніжагародскі мешчанін паказваў ім рукою на Крэмль, на палац, куды з іх ніхто ніколі не трапіць.– Пірагі з гарохам... Пірагі з гарохам...– Сам жары, свіння. Давай з сёмгай і кашай.– Купляй. Сёмужка ў нас о-го!.. Закусвай, міл-чалавек. Яна перад тым, як у пірог трапіць, ледзь не бегала.Хлапчынка торгаў за крысо пірожніка:– Дяденька, чтой-то у тебя пироги-те с тряпкой.– А табе, каналья, что ж, за две-то копейки с бархатом, что ли, давать?Гандлявалі падовымі з падліўкай, “верабейкамі”, што плаваюць у масле, блінамі на латочках. І хаця была яшчэ масленіца і людзі елі гарачую каўбасу і пірагі з мясам і яйкамі – некаторыя, абжэршыся скаромінай, прасілі пірагоў з груздамі, са снятком і поснай падлівай.Ад Лобнага месца як рэзаныя крычалі збіценшчыкі. Здавалася, што там, па-ранейшаму, чвартуюць людзей, а не гарачую ваду з мёдам і карыцай прадаюць....Яны кінулі Макара з коньмі ля аднаго з “глаголяў” і пайшлі ў рады. І толькі тады Алесь зразумеў, чаму Чыўін засцерагаў яго. Унутры гэты будынак у стылі маскоўскага класіцызму нагадваў караван-сарай. Нізенькія, як норы, страшэнна доўгія хады. Столь – аркаю. Падлога таксама, бо выбілі за дзесяцігоддзі пакупцы. І ўся гэтая падлога шчарбатая, выбітая. З аднаго боку калідора – крамы, з другога – “авечкі”, зашклёныя прылаўкі з дробяззю: вееры, вянчальныя свечкі, панчохі, напарсткі, гальштукі. Адразу відаць, што гніла, дорага, з падманам. А не купіць чалавек – пачнуць здзекавацца, смяяцца, праводзяць смехам і абразамі. Хто рахманы – купіць часам, абы адвязацца.