Зброя

Праходы загрувашчаны цюкамі і скрынямі. На арках сям-там іконы з “гасімымі” лампадамі (агонь паліць забаронена, таму зімой у тры гадзіны – канец гандлю). І каля ўсіх крам “хлопчыкі” з галоднымі і бледнымі тварамі. Шчокі абмарожаныя, бо холад сабачы, грэюцца гарбатай, перакідваючы з рукі ў руку гарачую шклянку. Ад піцця гарачага на холадзе – амаль ва ўсіх горлы апухлыя, “чушка”.Паўсюль лаянка, выгукі, прыказчыкі цягнуць людзей за рукі ў крамы. Чыўін некалькі ўжо разоў даваў па нахабных руках, бо зацягнуць, закруцяць.Людзей з глухой правінцыі, чухламскіх купцоў ды калядзінскіх багатых мяшчанак, у радах часам і рабавалі. Затлумяць галаву, а потым – шукай сярод сотняў “сваю краму”. Усе аднолькавыя. І прыказчыкі на адну морду – усе нахабныя пысы.Па радах хадзілі “радскія кухары” з карчагай у адной руцэ, з кошыкам – у другой. У карчазе была гарачая капуста з мясам, у кошыку – місы, лыжкі і хлеб. Міса капусты з мясам і хлебам – дзесяць капеек.А за радскімі кухарамі ледзь не цэлай гайнёй хадзілі, круціліся пад нагамі ў пакупцоў валацужныя сабакі. Калі набіралася шмат місак з астачай капусты і хлебных недаедкаў – кухар ставіў усё гэта на падлогу, ля свайго кутка... Пасля “мойкі” міскі выціралі брудным сальным ручніком і зноў налівалі тым, хто пажадае, гарачай капусты. Усім было добра.Кірдун, убачыўшы сабак над місамі, пляваўся на ўсю суконную “Панскую” лінію, аж пакуль не прыйшлі ў “Нажовую”.Чыўін і тут быў незаменны. Бачыў усе купецкія выбрыкі, не дазваляў падмяняць купленага, прымушаў “показывать товар лицом”. Алесь увесь час думаў, што ён сам, без Дзяніса Авакумыча, не здолеў бы так ганяць прыказчыкаў і абавязкова накупіў бы непатрэбнага.Падняліся і ў “палатку”, верхняе памяшканне саліднай збройнай крамы купцоў Суравых. Там было ціха, бо не ўсе рызыкавалі падымацца па стромых драўляных сходах, склізкіх ад бруду.Малады Сураў сядзеў вярхом на лаўцы і граў з прыказчыкам у шашкі. Маўчалі піраміды стрэльбаў. А з-за іх далятаў глуха і страшна пагрозлівы голас:– Сіцэ... Абіе... ізыдох...– Гэта хто? – спытаў Алесь.– Бацька, – абыякава сказаў увесь заліты тлушчам малады Сураў, – па шкоднасці сваёй год ужо ў палатцы “Біблію” чытае. Фантазія, значыцца, такая ў яго, каб прыказчыкаў, хлопчыкаў, ды мяне даводзіць. Толькі мяне не давядзеш – шалі-іш.І сапраўды, наўрад ці нешта магло “давесці” маладога купца.– Адно толькі шкада – пакупцоў адахвочвае, – пазяхнуў гаспадар. – Як прыйдуць. “Што гэта ў вас, нябожчык?” – дый пойдуць. Такія страты.– Нічога, мы не баімся, – сказаў Кірдун. – Паказвайце стрэльбы.– Ды глядзіце, чаго там, – і Сураў узяў “за фук” прыказчыкаву дамку.– Азіяцкія працэдуры – няўхвальна сказаў Чыўін, слухаючы галоснае чытанне старога.– Цішэй бы, – сказаў яму Кірдун. – Пачуе.– Гаварыце, – пазяхнуў Сураў. – Глухі ён.І тут у гэтым цёмным і халодным кутку маскоўскага “сіці”, пакупцам нечакана пашанцавала. Акрамя паляўнічых, няхай і дальнабойных, стрэльбаў у апошнім кутку былі штабелем складзены штуцары. Штук сто пяцьдзесят. Даўгаствольныя, вузкія, збольшага зусім новыя, а калі і пашкоджаныя, то пашкоджанні можна было ліквідаваць у звычайнай кузні: замена іглы, выдраная антабка, іншая лухта.– Ах, каналлі, – у Кірдуна трэсліся рукі. – Во пашанцавала. Як, ты скажы, сапраўдны збіцень знайсці?– Гэта цяжка, – пазяхаў Сураў. – Цяпер хіба збіцень. Намяшаюць дзярма з мёдам – і ўсё. Збіцень цяперака толькі ў адзінак добры: мёд, зверабой, фіялкавыя карэнні, стручковы перац, імбір, шалфей.