Зброя

– Можна было і бліжэй купіць, – сказаў Мсціслаў. – Паперу – у Добрушы, на паскевічаўскай мануфактуры. Зброю – недзе ў Польшчы ці ў Рызе.– Угу, – іранічна сказаў Алесь. – Там, дзе сочаць... Не, брат, калі купляць, то там, дзе пра гэта і не падумаюць, у самым логаве... Нават і тут будзе небяспечна. То я вас падводзіць не буду... Калі са мной нешта здарыцца – самі вызваляйце Андрэя.– А ты? – спытаў Кандрат.– Я выблытаюся... Слухайце, як будзеце рабіць. Яго, вядома, прывязуць у Бутыркі. Звядзі, Мсціслаў, знаёмства з людзьмі. Пастарайся загадзя падкупіць ката, каб біў памяркоўна.– Няўжо будзе бізун? – спытаў Кагут.– Абавязкова будзе, Кандрат... Дык вось, з Балотнай ці Сянной плошчы іх павязуць на Рагожскую заставу, адкуль ідзе Ўладзімірка. Як толькі дакладна зведаеце, што і як, клічце хлопцаў. Пастарайцеся напасці на этап недзе недалёка за горадам... Вось, усё... Калі выявіцца, што я ўсталяваўся надзейна, што няма здрады, што за намі ніякага хваста, – я далучуся да вас. А пакуль сядзіце цішэй за мыш, не выдавайце сябе без патрэбы.– Недзе ў Прыдняпроўі не маглі адбіць, – бурчаў Кірдун. – Жартачкі ім: на этап нападаюць.– Дурань, – сказаў Кандрат. – Сам бачыш, якая варта да Магілева і ад яго. Рота салдат этап суправаджала. Што, напасці ды ўсіх сяброў так вось, псу пад хвост?– У паўстанні так і будзе, – нечакана сказаў Алесь. – Сам лягу з сябрамі, а вызвалю хаця б і апошняга касінера.– Нашто?– А на тое. Каб людзі нічога не баяліся, каб ведалі, што сябры не кінуць на мукі. Адзін такі, упэўнены, у бойцы – чатырох варты.Ён азірнуўся і ўбачыў старога ў янотавай футры. Стары – па выгляду купец з небагатых – цягнуўся да іх па жыжцы, валюхаючы, бо падпіхваў каленам цяжкі кофр.– Сіленцыюм, – сказаў Алесь.Усе змоўклі. Купец дацягнуўся да іх і з палёгкай паставіў кофр.– Рамізнічка чакаеце?– Але, – сказаў Загорскі.– Адной кампаніяй?– Не. Я вось са слугой, а яны – асобна.– Шкада-а, – стары выціраў лоб вялізнай уціркай. – І куды ж гэта вы, дазвольце ўжо спытаць?– Не ведаю куды, пан? – спытаў Алесь.– У “Дрэздэн”, – буркнуў Маеўскі.– Да-с, – сказаў стары. – Праезджы, значыцца. З купцоў?– Так, – сказаў Мсціслаў.– Па якой камісіі?– Футры... І закупка паркалю.У старога быў чырвоны твар, барада клінам і хітрыя каламутна-сінія вочкі. Пачуўшы адказ Мсціслава, ён расцягнуў рот, і без таго вялікі, як шчыліна ў паштовай скрынцы.– Са сваіх, значыцца, мужычкоў цёплае здзіраеце, каб у халоднае ды лінючае абрадзіць, – ён гаварыў па-расейску спявуча, як гаворыць маскоўскае мяшчанства.– Не ваша, ацец мой, справа, – сказаў Мсціслаў.Стары нібы і не чуў:– І адкуль вы?– Магілеўскі, – сказаў Мсціслаў.Настала чарга Алеся.– Мы, выяўляецца, з адных краёў, – паблажліва сказаў ён Маеўскаму. – Мяркую, калі мне спатрэбіцца, я знайду вас?Мсціслаў падаў яму візітную картку.– Шандура Вакх Раманавіч, – прачытаў Алесь. – Што ж, мне прыемна. Вы з падуспенскіх Шандураў?– Нягож, – буркнуў наваяўлены Вакх.– Вазьміце і маю, – Алесь працягнуў вяленевы прамакутнічак.Мсціслаў прабег па ім вачыма і пакланіўся.– Так точна, – сказаў ён. – Я да вашых паслуг. Якая камісія, прашу, вядома, дараваць?– Мне патрэбна тры тысячы штук паркалю. Праз тры месяцы самае позняе. Няхай сабе самага таннага, але затое самых розных і яркіх, самых стракатых колераў.– А тып? – прагна, але з прагнасцю, схаванай за крайняй павагай, спытаў Маеўскі.