Зброя

Чыўін пакруціў пальцам ля лоба.– Адкуль гэта ў вас? – спытаў Алесь.– Бацька яшчэ пасля крымскай кампаніі купіў.“А ў салдат былі непрыдатныя стрэльбы”, – з горыччу падумаў Алесь.Штуцары запакавалі на месцы, і прыказчыкі сцягнулі гэта ўсё на ламавікоў. Алесь баяўся, каб не пакінуць за сабою хваста... Скрыні адразу павезлі на другі, зняты тым часам, склад. І Загорскаму, як заўсёды пасля чарговай куплі, стала лягчэй. Ён ведаў: сотнямі такіх ручаін сплывае ў сховішчы зброя. Зброя, да якой, з часам, аж прыкіпяць рукі.Ён нават з нейкай павагай глядзеў на пачварнага старога над “Бібліяй”. А той сядзеў над жоўтай кнігай, як сава, і з праваленага рота далятала пагрозлівае:– Сіцэ... абіе... ізыдох...І раптам стары Сураў узняў нялітасцівыя вочы:– Штуцарамі цікавішся, барын?– Рознай зброяй.– Угу... рознай, – шэптам сказаў “глухі”. – Гэта мы ведаем. Чаем гандлюеш?– Чаму?– У Кяхту мы штуцары спрадавалі. Там патрэбна. Адным хунхузам зброю, ды другім кітайцам зброю, ды прыказчыкам... Глядзіш, караванам бяспечна.– Я – не туды.– А мне твае гандлёвыя таямніцы непатрэбныя. Я гандаль кінуў. Я – пры Богу. “Біблію”, бачыш, чытаю... – стары ўсміхаўся. – То ты, можа, і Тайніцкія гарматы1 купіў бы?– Нашто мне яны? – засцярогся Алесь.– У нас народ такі, могуць і гэта, – стары пачамкаў ротам. – А ты ідзі ў Бубнаўскі тракцір. Знайдзі там Бабкіна Пуда Іюдавіча... Скажы, “начотчык загадаў прыкалоць флейты ад кіслай воўны па ер-ведзі-он”.“Вось табе і “пры Богу”, – падумаў Алесь.А стары ўсміхнуўся:– Дык ты, калі наконт тайніцкіх надумаеш, – прыходзь.Калі яны выходзілі – у спіну ім зноў грымела “сіцэ-абіе-ізыдох...”.Чыўін з сумненнем круціў галавою:– Не лезці б нам у тую дзірку. Бубнаўскі тракцір – страхоцце. А тут яшчэ гэты Іюдавіч з ягонымі тракцірнымі ўцехамі.– Рызыкнем, Авакумыч, цікава.– Ну й што ж, – уздыхнуў стары. – Давай рызыкнем. Толькі з сабою Макара возьмем.– Што гэта ён сказаў? – спытаў Алесь. – Ну ясна, “начотчык” гэта ён сам... “Флейты ад кіслай воўны”– салдацкія стрэльбы.– А “прыкалоць” – гэта прадаць. А “ер-ведзі-он” – гэта па два рублі дзевяноста восем капеечак стрэльба. Танна! Ды, уласна кажучы, куды яны іх прададуць? Як армію рабавалі, то нахапалі ўсяго, нават і непатрэбнага, па прагнасці сваёй.У галерэі стаяў шум. Прыказчыкі давалі таску суседскаму хлопчыку-навічку, цягалі яго за валасы. Відаць, свае прыказчыкі паслалі хлопца да суседзяў “купіць на дзве капейкі парасячага віску”, і той, неабазнаны ў гасцінадворскіх жартах, пайшоў і вось цяпер вішчэў, як парсюк.– Не трэба, – спыніў Чыўін Алеся. – Лепей вы яму не зробіце. Тут ужо заўсёды так. Мяшчаноту ды купцоў нашых – вешаць трэба. Злы народ – вой, нялітасцівы. Вось хоць бы кулачныя бойкі. На Маскве-рацэ, на лёдзе, або ў Прэабражэнскім як фабрычныя з Котаўскіх, Балашоўскіх ды Носаўскіх фабрык б’юцца.– Гэта і ў нас ёсць. Чаму не?– Ёсць, ды не так. Мне веткінскія казалі. У вас гэта “з бацу”, каб пагрэцца. Ды ў рукавіцах. А ў нас носаўскія “суконшчыкі” супраць гучкоўскіх “хустачнікаў”. Ды загадзя, за тыдзень абмяркуюць. Ды з кожнага боку тысячы па дзве чалавек. Вайна! А правіла адно: “не бі ляжачага” ды “закладачніка” – бі да паўсмерці, хаця і свой”. А “закладка” – кавалак свінцу з завостраным канцом, каб канец з кулака тырчаў. Ды гэтым канцом – у скронь. І вось, скажы ты, як спаймаюць такога, то нават свае б’юць да смерці. І ўсё адно дзесяткамі такое сцерво знаходзіцца... Ну і ясна. У апошняй такой бойцы дзесяць на самай справе забітых, дваццаць – да паўсмерці ды трыццаць два – скалечаныя да непазнавальнасці. Гэта ўжо не кажучы аб сківіцах, вачах ды зубах.