Зброя

...У Бубнаўскі тракцір пайшлі пехатою, кінуўшы Кірдуна на козлах. Чыўін усё яшчэ бурчаў:– А заб’юць каторага смерцю храбрых на Бажанінаўскай вуліцы – на фабрыцы заўтра новы Сідар знаходзіцца. І паліцыя гэтым не цікавіцца, і гаспадары маўчаць: нашто ім на сваю завядзенію гэткую мараль пушчаць. Прыстаў лефортаўскі, Шышкоў, паспрабаваў быў іх разганяць, то ў астатнія дні яны – авечкі: хвашчы, калі ласка, хочаш, то нават порткі сам здыму, а тут палезлі на пралетку. “Бі яго!” А пры Шышкове фурман ды мушкецёр – от і ўся табе баталія. Шчасце, што фурман знайшоў ход. Устаў на козлах: “Бацюхны, пажар!” А мушкецёр здагадаўся: “Унь! Носаўская фабрыка гарыць!” Тыя глядзяць, а фурман – па конях! Ды пару чалавек – пугай! Ды некалькіх стапталі. Так і вырваліся. А то, можа, і смерць прынялі б... Ды ты унь сам зірні...Пасярэдзіне вуліцы некалькі чалавек замяталі мётламі гразь. Былі сярод іх два масцеравыя, абцёрханы фацэт, старая ў лахманах і нават маладая жанчына з празрыстым тварам. На спіне ў кожнага крэйдай быў намаляваны крыж, заключаны ў кола. А вакол стаяў і смяяўся народ:– Гэй там, франта, аптэкар, ты як мятлу трымаеш?– Кіньце яму, хлопцы, пячонкі. Не нажэрся.У маладой жанчыны твар быў чырвоны, а вочы вільготныя.– Гэй, шлюшка, табе кажу. Ты, як адпусцяць, адрасок запомні. На Пятніцкай вуліцы, дом ягонага сцяпенства Плытава... Гэта лягчэй, прыемней.– Укралі, – змрочна сказаў Чыўін. – Учора ля часці падмяталі, начаваць ішлі ў астрог – на вяроўцы. Сёння вось ля ўстаноў мятуць, а вечарам трапяць у спіскі зладзеяў і – на ўсе чатыры бакі. А куды ім цяпер?.. Вось хаця б гэтая. Што яна магла ўкрасці? Булку, пэўна? Здарылася нешта з прыстойнай дзеўкай, работы няма. На вуліцу такой ісці – за смерць страшней.– Дальбог, прыходзь, – пацяшаўся “сынок”. – Што табе на мост ісці? Масква-рака цяпер халодная. У мяне – цяплей будзе.– А пойдзе, – ціха сказаў Чыўін. – Пойдзе на мост. З такім тварам – пойдзе.Твар у жанчыны, сапраўды, быў страшны. Змардаваны ганьбою і сорамам, чорны ад сарамотнейшага здзеку.– На Пятніцкай, – скаліў зубы “сынок”.Але не паспеў апамятацца. У паветры раптам мільганулі ногі сцяпенства. У наступны момант ён усім целам ляснуўся аб ліпучы брук. Чыўін зноў узняў яго і, з дыхаўкай – адкуль набраліся старэчыя сілы? – шыбануў, упоперак, аб мур. Той толькі вякнуў, як кацянё, выпускаючы апошні дух.– Навалач, – сычэў Чыўін. – Б... і замаскварэцкія. Г..., душамі гандляры. Мразь масляная... “Сцы з убоінкай”.Твар яго быў чырвоны. Баючыся, каб старога не хапіў удар, Алесь адцягваў яго ад нерухомага цела. Адцягнуў. Трымаючы за рукі. шэптам сказаў “мяцельшчыцы”:– Жанчына. Ты, калі выпусцяць, не ідзі на мост... не ідзі да гэтай свалаты... Ідзі ў гасцініцу “Дрэздэн”. Спытай Загорскага... Мы табе месца знойдзем, работу.Яна ўзняла вочы, але сказаць нічога не магла, бо калаціліся вусны. Толькі схіліла галаву.А між тым ужо разануў па цішыні свісток. Нехта свідраваў натоўп: магчыма, будачнік. І тады Макар рашуча і даволі бесцырымонна ўзяў абодвух за плечы, штурхнуў у натоўп, прыкрыў, павёў.– Давайце, давайце адсюль. Тут зараз не абярэшся.Ішлі нібыта нават не сваімі нагамі, так спрытна ён іх вёў. Увесь час мяняў кірунак, як качка ў асацэ. Выпхнуў за рог белага будынка службовых устаноў, пацягнуў падапечных Васкрасенскай плошчай, паўз біржу рамізнікаў, да вадамёта. І толькі тут спыніўся, шумна перавёў дух.