Зброя

– В-вось табе на... Цяпер давайце адсюль хутчэй... Дарэмна вы, барын, гэтай “мяцельшчыцы” прозвішча сказалі.– Яна не скажа.– Адна надзея... І тое: першы чалавек па-чалавечы... Не павінна сказаць.Алесь ужо і сам лаяў сябе. Зноў наслядзіў, дурань. Уся гэтая паездачка такая: на рызыцы, на скоках над прорвай. Трэба будзе з тыдзень пасядзець ціха. Іначай быць бядзе. І, аднак, ён ведаў, што сядзець ціха – нельга. Усе яны ведалі, што ідуць на смяротную небяспеку. Ведалі так добра, што ў душы не спадзяваліся на тое, што ўсе выйдуць адсюль жывыя. Так было трэба, падставіць пад удар свае галовы, каб потым шматлікія сябры не падстаўлялі свае галовы пад кулі, не гінулі безабаронныя.– Госпадзі, Госпадзі, – божкаў Чыўін. – Вось табе на. Грэх які на душу ўзяў, акаянны. Да смертазабойства дайшоў. Цяпер замаліць – не замоліш.Макара прарвала:– Кінь ты божкаць. Грэх мне яшчэ знайшоў. За поскудзь гэткую, за гніду... Ды яшчэ Бог табе за тое смертазабойства “дзякуй” скажа... Сто грахоў скіне, як за змяю... А во гэта адтуль чалавек ідзе... Гэй, барада, чаго гэта за “месцамі” народ крычыць?– А чорт яго ведае. Купца нейкага свае памялі. Кажуць, два рабры і ключыца хрупнулі. Павезлі ў градскую.– За што гэта яго?– За харошыя, пэўна, справы. Відаць, было нешта на душы, бо проста так, з ляпу, падышоў ды шмякнуў. Кажуць, замаскварэцкіх лаяў. З таганскіх, відаць, купец-та. Яшчэ трохі – дух выбіў бы.Пайшлі. Некаторы час Чыўін зітхаў з палёгкаю: абышлося, не папусціў Пан Бог, дзякуй яму. А Макар глядзеў-глядзеў на рагожскага купца ды раптам і засмяяўся:– Ну і жох ты, Дзяніс Авакумыч. З самім царом табе ездзіць прыстала. Я-ак ты яго! Я і апамятацца не паспеў – ляжыць. Ну і спрытняга.Чыўін толькі крэкнуў, але і па ім было відаць: адлягло ад душы....Жанчына, аднак, не прыйшла да гасцініцы. Магчыма, сапраўды, пайшла ад ганьбы на мост... І доўга яшчэ Алесь пакутаваў гэтым і не мог дараваць сабе, што не пайшоў у той вечар да часці, калі “мяцельшчыкаў” будуць выпускаць.

РАЗДЗЕЛ ІVЕлі і пілі ў Маскве па-рознаму. Але словы “Масква любіць і ўмее паесці”, “маскоўскі культ гастраноміі”, “магістры наконт пад’есці” – датычыліся той Масквы, што трымала хатніх кухараў і ела ў рэстарацыях, а не той, што купляла на “царскім рынку” па тры капейкі флякаў, загортвала іх у брудную паперу і несла, у якасці закускі, у кабак.Першую Маскву Алесь ведаў добра. Суботнія абеды Ангельскага клуба, ягоная юшка, якую варылі раз у год і якая лічылася лепшай на свеце (нічога яна не вартая была ў параўнанні з Азярышчанскай, калі два разы ў адной вадзе вараць тэрхаляў-акунёў ды насачоў-джгіроў, а потым кладуць, пакуль у рыбіны вочы не пабялеюць, у булён сцярлядак, ды перац, ды цэльную рэпчатую цыбулю, ды яшчэ з лазовым дымком, ды з блакітам над галавою або месяцам на вадзе); Купецкі клуб, які пачынаў біць славу Ангельскага; французская кухня рэстарана “Шэўрые” ў Газетным завулку, “Дюсо” і “Ангельшчына” на Пятроўцы; сціплы, але грунтоўны стол “Яра”, тады яшчэ не сапсаванага раскошай; “Эрмітаж” – дзіўнае спалучэнне тракцірных парадкаў і вытанчанай французскай кухні.Дзівосныя па кантрастах сталы ў “Дрэздэне” і “Брытаніі” – і крыкліва-безгустоўныя, але смачныя, сталы на купецкіх банкетах: “Кансаме а-ля Барацінскі”, або “Бафер дэ Пядро” з піражкамі “Рысалішасэр”, або з валаванамі “фінанс’ер”; Шафруа з перапёлак з таючым страсбургскім паштэтам і падлівай правансаль; асятры “а-ля Русь” (пісьменнасць купецкая кульгала) з падлівай “Аспергез” (абы падзівосней, абы не хатні барановы бок і дзве сотні ракаў пад піва). Да асятроў – мандарынавы пунш, а пасля іх смажаніна, таксама ўся нетутэйшая: “фазаны кітайскія”, “рабчыкі сібірскія”, “пулярды французскія”. Сярод усёй гэтай заморскай камарылы сіратліва стаялі “курапаткі чырвоныя” і “сядло з касцявым мозгам па-сялянску”. А потым зноў ішло буянства “салатаў рамэн са свежымі агуркамі” і “саварэнаў з французскай садавінай”.