Зброя

Гасцей пасля такога цягнула на капусту і квас, які распівалі ў задніх пакоях.Тысячы гаспадарак працавалі на гэта: аранжарэі, гароды, жыварыбныя садкі ля Маскварэцкага моста (рака была яшчэ параўнаўча чыстая, так што аршынныя жывыя сцерлядзі маглі плаваць у садках месяц–два), грыбныя кірмашы, рынкі – чэрава вялікага горада, яго абжорная душа.І тракціры, якія, што датычыцца кухні, пабівалі рэстараны: той жа “Наватроіцкі”, “Цестаўскі” ў доме Патрыкеева ды “Вялікі Маскоўскі” Гурына. Зайсці туды свежаму чалавеку было страшнавата: затхлыя брудныя сходы з дрэнным вузкім дываном, затэрханым нагамі, і поручнямі, абцягнутымі чырвоным сукном, гардэроб, прылавак з гарэлкай і перастаялай закускай, зала са столікамі і канапкамі на чатырох, кабінеты, фартэпіяна. Але затое ежа была – не ўясіся. І танна. І многа, так што нават палову порцыі мог з’есці толькі прывычны.Малочныя парсюкі на блюдах, як немаўляты з Назарэі, сутачная капуста з кашай, падрумяненыя, тлустыя, як адкупшчыкі, расцягаі, сялянкі, пажарскія вагнедышныя катлеты, расольнік – нектар п’яных, бліны з ільснянай чорнай ікрою, падовыя пірагі, прывабныя, як смяротны грэх. І ўсё гэта ў меру нячыста або, наадварот, чыста да халоднасці, але смачна – язык праглынеш. Чыста гатавалі ў беспапоўца Ягорава, дзе было забаронена курыць і паўсюль віселі іконы старога пісьма “з негасімымі”.Затое ў Гурына курылі, і пераважна з доўгіх чубукоў самога тракціршчыка, устаўляючы толькі ў іх свежы муштук з гусінага пяра. Палавыя ў яго былі чыстыя, сцяпенные і строгія – не забалуеш. Віны – лепшых склепаў, але моладзь на віны налягала рэдка, і сучасныя амерыканцы, пэўна, страшэнна здзівіліся б, даведаўшыся, што іхнія кактэйлі маскоўская вынаходка і прыдумана маладымі заўсёднікамі гурынскага тракціра.Сухіх гатункаў яшчэ не было, “Лампапо” пілі аматары... Відаць, усё пачалося з таго, што моладзі абрыдла цягнуць з лёду “Рэдэрэр Сілеры”. Спачатку пайшлі айчынныя “яршы” накшталт “мядзведзя”, сумесі гарэлкі з портэрам, а потым, ад захопленага стану, і кактэйлі.Першапродкам, прабацькам, Адамам усіх кактэйляў быў продак сучаснага “маяка”, хаця і са змененымі інгрэдыентамі. Назва ў яго была прасцецкая і неавантажная: “Турка”. Бралі высокі і ёмісты, “замястоўны” келіх, да паловы налівалі яго лікёрам мараскінам, выпускалі туды сыры жаўток, далівалі каньяком і выпівалі ўсё гэта нагбом.Тракціраў было шмат. Але Бубнаўскі быў самы адметны, самы багаты наведвальнікамі (“чым горш, тым лепш”) і самы страшны з усіх.Па вузкіх, страшэнна стромых і небяспечных сходах яны спускаліся ў сутарэнне пад тракцірам, славутую “бубнаўскую яму”. Недзе высока засталіся “чыстыя пакоі” з купцамі, прыказчыкамі, парай чаю і гандлёвымі здзелкамі.– Дваццаць прыступак, – глуха даляцеў аднекуль знізу голас Чыўіна. – Лічыце там, не аступіцеся.Ён ішоў наперадзе, як Вергілій. За ім спускаўся ў цемру Алесь: з прыступкі на прыступку. Макар замыкаў шэсце, як той анёл-ахоўнік, што збярог для культуры і паэзіі Дантаву душу.А знізу насустрач ім усё мацней і мацней аддаваўся нейкі дзіўны гул, падобны на пякельныя скаргі: бурчанне, прагны крык, лямант адчаю, хрыплы, нібы трыумфуючы смех, брыдкая лаянка, плач.Нехта рыдаў, нехта глуха біў чымсьці аб сталешніцу, – магчыма, галавою, – нехта скуголіў, нехта крычаў тым ачмурэлым дзікім голасам, якім крычаць, калі здасца зялёны змей ці “дэман зла”.