Зброя

Бу-бу-бу... Божа... Божа... Божа... Бу-бу-бу.– Чырвоныя сабакі... як сліва... І шчыты на мордах... Біце іх, біце іх...– Палав-вы, жалаю казённай... Салоны гурок з вяндлінай...– Спай-маў, глядзі ты... Спаймаў... Во, поскудзь!..І язык высалапіў...– Ты яго пад пузам паласкачы або – крыж на яго, нячыстую сілу.– І вось, разумееш, тут табе храм мастацтва, а я бяру яе за азадак...– Усе яны так... Ты лепей налі.Вялізны нізкі склеп, глыбокая падземная яма без акон, з адзіным уваходам. Некалькі сталоў з абрусамі, падобнымі на анучы, “трупы” смяротна п’яных ля сцяны.Астатняе ўсё разгароджана на маленькія каморкі, дзе з дзвярыма, а дзе і з занавескамі замест дзвярэй.Цьмяна, як у лазні, свяцілі праз выпарэнні, туман і дым сінія газавыя ражкі.– Як тут Бабкіна Пуда Іюдавіча знайсці? – спытаў Чыўін у палавога.– Унь, – торкнуў пальцам у адну з каморак хлопец з разбойніцкай мордай. – Пэўна, яшчэ цвярозы. Яны пад раніцу набіваюцца гэтай гарэлкай, што больш не ўваб’еш.Зайшлі ў аддзяленне. Газавы ражок. Стол. Чатыры крэслы. Акрамя іх – толькі-толькі стаць палавому. Перагародкі з голых дошак. Смурод і бруд. Адусюль такі крык, што молатам б’е ў галаву. За сталом, апусціўшы галаву на ліловы ад віна – хоць выціскай – абрус, спіць чалавек у кафтане старога пакрою.Алесь адразу хацеў ісці. Але чалавек узняў галаву, і пад ёю аказалася ўцірка, складзеная ў дзесяць столак.– Га?Твар быў бледны ад вечнай цемры, пракуранага паветра і віна, але шырокі, разумны. Невялікая бародка. Валасы стрыжаныя ў скобку, але радок не пасярэдзіне, а трохі збоку – шыкарней.– Што ж гэта вы сябе так забіваеце? – спытаў Чыўін. – Хіба так можна? Без паветра, без святла.– А вам што? Вы хто такія?– Мы ад начотчыка.– А-а... Палавы!Палавы з’явіўся адразу: відаць, падслухваў. Надта ўжо дзіўны быў у гэтым скляпенні Алесь.– Бліноў на загавіны. З цешай. Усім... Ікры накладзі ў місу ды цыбулькай – ёю, родненькай... Ды гарэлкі.– Якой загадаеце?– Маёй... Самай таннай... З чырвонай галавою... А калі будзеш пад дзвярыма стырчаць – гарчыцай нос вымажу і прымушу з гэткім носам дзве гадзіны стаяць.І звярнуўся да гасцей, якія ўжо расселіся:– Ну...Алеся муціла ад дрэннага паветра, ад дыму, ад галасу і рыку, ад гукаў непрабуднай п’янкі, якая, відаць, ніколі не канчалася.– Начотчык загадаў прыкалоць флейты ад кіслай воўны па ер-ведзі-он, – сказаў Алесь.– Гм, – Бабкін уважліва глядзеў на яго. – Ну добра, выпіце, пакуль тое, пасядзіце.Палавы ўжо стаяў у дзвярах. Усе аж здзівіліся. Нібы абрус-самабранка ляжаў у яго за дзярыма. З’явіўся чортам з табакеркі і ўжо ставіў на стол стосы бліноў, паліваў іх маслам, ляпаў на голыя дошкі (абрус таргануў мезенцам і кінуў у кут) талеркі і нажы.Знік на хвіліну і паставіў на стол чатыры халодныя бутэлькі.– За гэта – люблю, – сказаў Бабкін. – А валасы ўсё адно павыдзеру. Ты гэта по-омні.Алесь даў палавому рубель – толькі каб хутчэй знік. Яго муціла, ён баяўся, што можа званітаваць проста ў кут.– Тут наконт гэтага проста, – сказаў Бабкін. – Блюй, галубчык, прыбяруць. Таму і сядзім, што проста. Жанчын няма – хочаш – лайся, хочаш – крычы. І не трэба нам, “трагладытам”, нічога, акрамя каб не чапалі нас. Ні неба, ні святла, ні паветра, ні шчасця.– Не разумею, як вы можаце тут піць, – сказаў Алесь.– І ты выпі. Вось убачыш – адразу дапаможа... Ну, за справу...Алесь выпіў пахучую гарэлку. Яна была абрыдлівая, і, аднак, яму сапраўды палегчала. Не так назаляў галас, дый нос не так заўважаў смуроднае, аж ліпучае, туманнае паветра.