Зброя

– Бываў.Алесь сапраўды бываў там. Калісьці яны спецыяльна рабілі гэта ўначы, для настрою. Вялізны будынак, ноч, бясконцыя аркі галерэй на ўнутраным двары. Запусценне, нямая цішыня і глухія крокі на плітах. А над калодзежам двара – месяц у хмарах. Аркі на ноч закрывалі дошкамі, а вартаўнікі спускалі сышчыкаў, але за грошы пускалі паглядзець.– Вось туды і ідзі. Таксама пекла. Усё можна купіць. І жалеза і флейты.– Пайду, – сказаў Алесь.І тут Чыўін нечакана адхіснуўся. Ён сядзеў спіною да занавескі. І якраз над яго галавою, дыхаючы яму ў патыліцу, тырчала з завесы, як з хусткі, страшнае, усё ў ліловых і жоўтых разводах (ад старых і новых сінякоў), аблічча.– Якія гэт-та флейты, – спытала морда страшнавата ялейным голасам, – хто гэта тут такі-кі музыкант? А калі – у часць?!У яго было аблічча “аблаката ад Іверскай”, што – за касушку – піша ў тракціры для кліента такое прашэнне, што яго не разумеюць ні ў судзе, ні, назаўтра, самі кліент і аблакат. Нос сізы, у жылках. Твар азызлы.– А вось я вам дам флейты, – чалавек нібы ўпаўзаў у клятушку.Макар быў стаў за яго спіною.– Ці-ха, – сказаў Бабкін, – не трэба. Мы – самі... Ты што ж гэта, былы сорак пятай гільдыі1 купец, а потым страка прыказная, лезеш куды не загадана?– Папакутаваў за праўду, – сказаў той, узняўшы руку. – То што ж вы флейты купляць будзеце, а я... кап-пейкі збіраць? Не ўжо! Як я, так і вы! Так! Вось так! Толькі так! Я вас адсюль не выпушчу. Прымушу даць адказ, якія гэта флейты... уначы, у Гасціным двары.Тут Алесь убачыў, што спалохаўся і Бабкін. Трэба было ратаваць становішча. Вядома, можна было адгаварыцца экспедыцыяй, але ехаць туды? Нашто? І да таго ж забароненая купля ваенных стрэльбаў. Катарга для Бабкіна? Допыты і высылка для яго, Алеся. Праваленая справа жыцця. Папаліся, як кураняты.А чалавек-тля наступаў:– І вас... І вас у яму... І вам пад плот, у жабракі... Каб вошы вас елі, чысценькія... Што, аднаму мне?Палавы, відаць, некуды адлучыўся, бо толькі цяпер з’явіўся ў дзвярах і падрыхтаваўся схапіць гэтага мятага паддзячага за плечы.– Кінь, – сказаў Алесь. – Сядайце, пан...– І сяду, – куражыўся той. – Сяду, аж пакуль вы... Выпіце па апошняй...– А вы з намі.Распусны, як разлезлы грыб, рот паддзячага торгаўся. Самовыя вочы прагна глядзелі на бутэльку....Ён выпіў поўную шклянку.Усе глядзелі на яго і бачылі, як паступова нібы трохі памякчэў мясаедскі твар.– І суд не купіце, – разваліўся ён. – Хаця і прадажны, а не купіце. З канфіскацыі сваё атрымаюць... Забойства?! Фальшывыя грошы?! Што там у вас?! Ужо я на вашых галовах паскачу!Алесь наліў другую шклянку. Паддзячы са стогнам выпіў.– Поіце. А чаму? Рыла ва ўсіх у пушку. Дык усім нічога, а мне... мне...Нешта цёмнае і страшнае лямантавала за гэтымі бязладнымі словамі.Бяссільны, п’яны, гэты гной быў усё ж страшны, як тхор, прыціснуты ў канцы нары, калі за спіною нічога няма: вось кінецца і схопіць за сонную артэрыю. Апошні, на мяжы існавання, адчай рухаў ім.– Хабары. А як без хабару? Калі пісар квартальны... дзесяць рублёў пенсіі палучае... Дурні толькі, – у яго ўжо заплятаўся язык.Алесь наліў зноў.– До, – сказаў Макар. – Ён алкаголік. Яму і чаркі – до!– Мяне дык вось так... А за бычка залатога... Што прыставу... за бычка залатога?.. А я вас... У Сібір-р.Галава ягоная ўпала на стол.– Правароніў? – са страшнай пагрозай сказаў палавому Бабкін. – Ну, што цяпер? Прымусіць, каб сам... сляды замёў?