Зброя

– Не прымушайце...– То як? Цябе – галавою.– Стойце, – сказаў Алесь. – Не трэба. Вы нас не ведаеце. Я не ведаю вас. Ты правароніў – ты і рабі. Вазьмі грошы. Узвалі гэтую падлу на свайго рамізніка. Вязі адсюль аж на Ласіны Востраў і там кінь. Толькі без дурыкаў – рукі не пэцкаць. Ён п’яны як мех. Праспіцца ў лесе – падумае: здалося, сон сасніў... А вы – звяжыцеся моцным словам.– Маеш рацыю, – сказаў Бабкін. – Цягні яго адсюль. І запомні: яшчэ раз такое здарыцца – сам яго ў “Воўчую даліну” павядзеш. А мне аб гэтым распіску напішаш.– Злітуйцеся.– Я сказаў, – у “купца дзіркі” быў цяпер амаль страшны выгляд. – Я не паўтараю.Алесь маўчаў. Ён быў шчаслівы, што прыдумаў нейкі выхад, што гэтую слізь хоць сёння, хоць па ягонай віне ў “Воўчую даліну” не павязуць2.Палавы пацягнуў паддзячага за ногі. Ніхто з суседзяў не звярнуў на гэта ўвагі: такое здаралася тут штодзённа.– Усё, – уздыхнуў Бабкін.– Хто такі? – спытаў Чыўін.– Калі не зменіцца – харч для маскварэцкай рыбы. А быў купец – прагарэў, сеў у яму. Стаў канцылярыстам – за хабары паляцеў. Спіўся.Памаўчаў.– Вось вам і жыццё наша. Добры ты сэрцам, купец. Ну ды ўсё адно... заб’юць яго не сёння, дык заўтра. Канец. Смерць. Наша Масква, схаваная ад усіх, яна не жартуе... А таму сядайце, ды яшчэ па пары чарак, ды гайда справу рабіць.– Што гэта ён, разлезлік гэты, пра нейкага бычка залатога звягаў? – спытаў Алесь.Бабкін, закусваючы, усміхнуўся.– Гісто-орыя, – сказаў ён. – Расказаць, дык не паверыце.– Чаму? – сказаў Алесь. – Я шмат чаму верыць навучыўся.– Тады ты, сапраўды, чамусьці навучыўся ў жыцці. А ў гісторыі гэтай – уся праўда. Можаш мне, Бабкіну, верыць.Ён думаў, відаць, над тым, з чаго пачынаць.– Дык вось, купец, ты пэўна ведаеш, як у нас паліцыя сок вядзе. Скажам, ёсць у кожным квартале сярод абывацеляў такія, што ў іх на мордзе напісана: падазроныя. І вось сярод такіх знаходзяць чалавека здольнага дый кажуць яму: “Ты, Яшка, скажам, патаемны шынок трымаеш або крадзеным польскім бабром часам гандлюеш. То мы будзем на гэта праз пальцы глядзець (не вытыркайся толькі, не нахабнічай), а ты нам за гэта часам паслужы”. І вось калі трэба адшукаць нейкага асабліва нахабнага злодзея, то клічуць Яшку. А ўжо Яшка, калі толькі сам не ўкраў, намякне, куды яно ўсё падзелася. Калі кажа “не ведаю” – значыцца, шукаць – справа дарэмная: не можа сказаць, не хоча сказаць, баіцца сказаць або папрацаваў нехта старонні... Ну, аднойчы абчысцілі футравы магазін Мічынера на Кузнецкім. Купец у слёзы – футраў на сто тысяч, ды самыя дарагія, ды ўсе мечаныя. Вось кузнецкі квартальны наглядчык кліча да сябе свайго “Яшку”: “Выкладвай”. – “Не смею”, – кажа той, а сам ледзь не рагоча. Наглядчыку крыўдна, бо іншых спосабаў сыску ў нас бадай што і няма. “Кажы, калі ласка”. – “Вы мяне выдадзіце”. – “Дальбог, не”. Яшка думаў, думаў, дый махнуў рукою: “Мічынераўскія футры ўсе ў прыстава Цвярской часці Хрулёва”. – “Не можа быць?!” – “Шчырая праўда, ваша высакароддзе”. Наглядчык за галаву схапіўся, але ведае: Яшка брахаць не будзе... Едзе ён да паліцмайстра, палкоўніка Агарова. Той таксама за галаву хапаецца, але паколькі Хрулёў пару разоў пракраўся ўжо ды яшчэ бацькоўскага агароўскага папроку не паслухаўся – Агароў едзе да обер-паліцмайстра, і там яны вырашаюць даць справе законную хаду. Уварваліся да Хрулёва з павальным вобыскам... Бабкін змоўкнуў, толькі вочы смяяліся.