Зброя

– А далей? – спытаў Макар.– А далей знайшлі футры, знайшлі іншыя каштоўнасці. І, акрамя іх, залатога бычка не нашае работы, а замест вачэй – буйныя брыльянты. І каштуе гэты бычок нешта каля пяцісот тысяч – як снегу.– Як падумаеш, то не такі ўжо вінаваты гэты п’янюга, – ціха сказаў Алесь.– А я хіба што кажу? – сказаў Бабкін. – Ну, узяў нейкія там дзве сотні... Горш тое, што людзей пачаў страшыць – ужо гэта яму абавязкова жыцця будзе каштаваць... Дык вось далей... Пачалі ў Хрулёва і ў іншых пытаць, адкуль бычок... Выяўляецца, за год да вобыску два іншаземцы спыніліся ў гасцініцы. Адзін гуляць пайшоў, а яго таварыш і перакладчык тым часам рэчы ягоныя забраў і знік. Той вярнуўся, пачаў крычаць. Яго ніхто не разумее. Паслалі па паліцыю. З’явіўся Хрулёў, абыскаў іншаземца, дакументаў не знайшоў, са слоў нічога не зразумеў, а таму чалавечка даслаў у Бутырскі астрог, аж пакуль не выявіцца, хто ён. А выявіць гэта не было як, бо мовы гэтага чалавека ніхто не разумеў.І вось сядзеў ён у астрозе год, а тут кража ў Мічынера. Пытаюць у Хрулёва, чый бычок. Той урэшце прызнаўся: забраў яго ў таго іншаземца. Той усё аддаваў, а бычка не хацеў, бо той бычок, па ўсім відаць, іншаземцаў бог. Таму што іншаземец той насіў яго пры сабе... І толькі тут усе ахнулі, бо гэтага чалавека ўжо год як шукаў Пецярбург. І не знаходзіў. І скандаліў. І ўсе прыкметы сыходзяцца: падарожнічаў са сваім сакратаром, знік, тварам цёмны, ідалапаклоннік, схіляецца перад залатым бычком. Словам, арапскія казкі, а не рабунак у Мічынера на Кузнецкім... Чалавека тады – з Бутырак. Прывялі – глянуць жах: вашывы, у лахманах, кашляе. Людзі, якія шукалі, – на калені перад ім. І выяўляецца, што чалавек гэты ёсць дагамейскі наследны прынц1.– Брахня, – сказаў Чыўін.– Ты што, хочаш, каб я крыж пацалаваў? – сказаў Бабкін. – Не, брат, на жаль – праўда.– А што было б, каб не кража ў Мічынера? – спытаў Алесь. – Каб Агароў быў трохі ў лепшых адносінах з Хрулёвым? Тады што было б з прынцам?– Памёр бы ў турме, як бадзяга, – сказаў Чыўін. – Што ён, першы?.. Ды ён, урэшце, і так пярхаў, як авечка. Кажуць, скора памёр... Гэта, брат, наша турма. І ўсё ў нас такое, “ад Пермі да Таўрыды”... Вось табе і дагамейскі прынц... Так што рабіце свае справы, купцы, ды хутчэй, хутчэй адсюль. А то як бы самім не трапіць.Лямант з-за перагародак зноў ускалыхнуў паветра. “Падземны горад” скардзіўся, рагатаў, плакаў і выў.

РАЗДЗЕЛ VВярталіся ад Смаленскай заставы амаль у сутонні. Бабкін і начотчык не падманулі: штуцары былі навенечкія, густа залітыя маслам, калісьці, відаць, украдзеныя проста з правіянцкіх складаў, доўгія і вузкія, цяжкія, як дрымотная смерць... Кірдун павінен быў за ноч наняць гужавікоў з “цёмных” і адправіць іх.Алесю было кепска. Нават паездка на “свежым” паветры нічога не дала: ноздры нібы ўсё яшчэ адчувалі душны, абрыдлівы смурод бубнаўскай дзіры. У вушах настойліва гучалі стогны і крык: нібы молатам валіла ў чэрап. Вырашылі трохі праехацца горадам, а потым усім ехаць вячэраць у “Стрэльну”, куды пускалі і купцоў, і людзей, падобна да іх апранутых, а значыць, і Макара. Возчык быў, сапраўды, золата. У самай цёмнай трушчобе з ім было надзейна. Просты, не разбэшчаны гэтым Вавілонам чалавек з сэрцам дзіцяці і пудовымі кулакамі.Праехалі Крэмль. Там было ўжо цёмна, і толькі на купале Івана Вялікага ляжаў яшчэ апошні адбітак дня. Коні нырнулі, нібы ў грот, у Спаскую браму. І толькі-толькі выехалі на Красную плошчу, як Чыўін спытаў Макара: