Зброя

Уздыхнуў:– Што ж, перад вечнай катаргай сама менш па сотні бізуноў.“Растлительница” ўжо стаяла прывязаная да слупа. Здзёртая са спіны і ягадзіц сарочка вісела на вяроўках. І, як прадчуванне, чырванела, бегла па пяшчотнай скуры вадкая барва ад паходняў.Прыйшлі за апошнім. Алесь з пакутлівым чаканнем ўпяўся вачыма ў ягоную патыліцу. Кат сціснуў гэтую патыліцу пяцярнёю. Чалавек ускінуў галаву.Не, гэта быў не Андрэй. Змучаны, белы, зусім яшчэ малады твар. Сінія вусны ці ўсміхаюцца, ці ўздрыгваюць ад холаду.– Не трэба, – ціха сказаў юнак. – Я сам. І пайшоў непаслухмянымі нагамі па прыступках.І хаця гэта не быў Андрэй, Алесю не стала лягчэй. Гэтая патыліца, дрыготкія вусны, непаслухмяныя ногі. Чужы чалавек раптам перапоўніў Алесева сэрца несамавітай тугою па агульным чалавечым братэрстве.– Едзем, – глуха сказаў Загорскі. – Едзем. Едзем, браткі, адсюль.Яны прабіраліся праз натоўп. Бубнеў нешта ззаду голас пракурора. Потым стала ціха. Супраць уласнай сваёй волі. Алесь азірнуўся. Кат паходжваў ля аголеных спін, як кот каля сала, рэдкавусы, з голенай чырвонай шыяй. Гулліва смяяліся пад нізкім лобам вялікія вочы.– Кірушкам яго клічуць, – сказаў Чыўін. – Бутырскі кат.Кірушка мякка цягаў за сабою бізун. І раптам, наўскос, пабег, пабег да жаночай спіны, радасны, нават захоплены голас зазвінеў над натоўпам:– Бер-регись, ожгу!Удар адразу рассек скуру ад пляча да прамежнасці. Лінула кроў.Жанчына тарганула галавою.– Пашкадаваў, – сказаў Чыўін. – Звычайна ў яго амаль ніхто першага ўдару не вытрымлівае, траціць прытомнасць. Астатнія ўдары б’е паблажліва, але, часцей за ўсё, як па мёртваму. Так што і незразумела, да смерці забіў ці яшчэ не. Некалькі разоў дохтур за запясце мацае.– Берегись, ожгу!Цяпер ён біў па суседняй спіне. І пасля ўдару над плошчай аддаўся немы крык, нібы раўла смяротна параненая жывёла.– Не, не пашкадаваў, – сказаў Чыўін. – Проста моцныя, надзвычай моцныя людзі.Кірушка – ён усё меншаў, бо сані ад’язджалі, – быў нібы абзадачаны другой няўдачай.А жывёльны крык усё мацнеў і раптам абсекся. І тады жанчына раскрыла рот.Той, што крычаў, закусіў вусны і з цяжкасцю прыўзняў галаву, успёр яе, каб яна трымалася, падброддзем на слуп.– Вось так, братухна, – сказала жанчына.Пасля трэцяга ўдару бізуна галава ля трэцяга слупа ўпала, як падсечаная. Кат задаволена хмыкнуў і адціснуў з бізуна кроў....Алесь адвярнуўся.Сані ехалі да Масква-ракі. Паміж імі і Балотам было ўжо не менш як чатырыста сажняў, але Загорскі ўсё яшчэ нібыта адчуваў гукі ўдараў. І яшчэ яму здавалася, нібыта ўсе яны падаюць на ягоную спіну.– А дзіця гэтай бабы, кажуць, дурным нарадзілася, – сказаў Чыўін. – Бацька яе, цяжарную, збіў.– Што ж што дурное, – сказаў Макар. – Дурное ды няшчаснае маці часам яшчэ мацней любіць.Алесь не адказаў. Гледзячы ў цемру шклянымі страшнымі вачыма, ён думаў.“Я ім пакажу, – мітусілася ў чэрапе. – Я ім за гэта пакажу. Дай толькі да іх дарвацца – я ім пакажу. Ніводнаму літасці! Папялішча пакінуць... Папялішча пакінуць”.

РАЗДЗЕЛ VІМінуў месяц. Андрэя ўсё яшчэ не прывозілі ў Бутыркі. Паступова прытупіўся боль той страшнай ночы. І хаця большасць зброі была закуплена, Алесь усё яшчэ гойсаў па Маскве і навакольных гарадках, скупляючы ўсё, што мог. Як апантаны, як беснаваты, уражаны адной маніяй.“Больш... Больш... Больш”.Пасля той ночы на Балоце двух мужчын знялі са слупоў мёртвымі.