Зброя

І Алесь, нібы адчуваючы дакор, не супакойваўся. Купілі і перавезлі ўначы зброю з Гасцінага двара. Купілі паперу. Купілі порах. Купілі на складах ля Крэстоўскай заставы жалеза, і медзь, і свінец. Купілі зброю нават на Сухараўцы, рынак якой у гэты час асабліва багата гандляваў не толькі габеленамі, рэдкімі кнігамі, стыльнай мэбляй і карцінамі, але і калекцыйнай панскай зброяй. Маёнткі, дваранскія гнёзды пускалі з малатка калекцыі. Пачынаўся развал.Антыкварыі накшталт Пярлова і Фірсанава куплялі за грашы вялікія шэдэўры. Але Загорскага гэта цяпер не цікавіла. Ён купляў стрэльбы, каўказскія шаблі, нават японскія рытуальныя мячы – абы страляла і калола, абы была сталь. Ён ведаў, меч у руках мужнага – таксама зброя.Мсціслаў злёгку нават балдзеў ад энергіі сябра. Алесь штурхаўся між людзьмі, выцягваў чарговую знаходку з-пад якой-небудзь калекцыі мінералаў, прымерваў, ці па руцэ, ці да пляча. Маеўскі лічыў, што варта было б і другім будучым вайсковым кіраўнікам паклапаціцца загадзя, а то нешта цяжкія на пад’ём. Не могуць жа яны ўдвух зрабіць усё і за ўсіх.А вакол шумеў натоўп. Крычалі антыквары, збраяры, кніжнікі, старызнікі. Той рагатаў, нехта лаяўся, “купіўшы чыгунны капялюш”.Цэлы рад займалі гандляры рукапісамі і кнігамі па фрэналогіі, магіі, фізіягноміцы, астралогіі, хірамантыі і чарадзейству. Людзі з містычнымі вачыма, дрэнна паголеныя і падазрона апранутыя, прытаргоўвалі аракулы і соннікі. Мсціслаў толькі бурчаў:– З гэткім суконным рылам ды ў эўрапейскі калачны рад. Містыка ім спатрэбілася. Ім больш патрэбная турма ды лазня.А Загорскаму было не смешна, а брыдка. Купцы, ахотнарадцы, уся гэтая лычатая свіная зграя была, на жаль, сілай. Таму што ў яе былі грошы. І таму немінучая была перамога іхняй грубасці і нахабства над вытанчанасцю.Перамога, у якой загінуць лепшыя, а поскудзь застанецца.Ён не мог не думаць аб тым, што колькі б ні меў рацыі сапраўдны чалавек – ён не здужае ў бітве з чалавечай сквапнасцю. Пад ударамі бязменаў і купленых багнетаў падзе рыцарства, чысціня і высакароднасць. І застануцца Валуевы ды Ціт Цітычы.Але ён адагнаў гэтую думку.Яшчэ больш нагнаў на яго суму Чыўін. Як ехалі з Сухараўкі, раптам уздыхнуў і сказаў:– А паддзячага нашага, з бубнаўскай дзіркі, забілі.– Як? – ахнуў Алесь.– А вось так. Забілі ў “Воўчай даліне”. І труп у раку кінулі. Пачаў, відаць, зноў пагражаць камусьці. Такія заўсёды так канчаюць... Гэ-эх, горад-горад. Зладзюга на зладзюзе. Нядаўна на Пакроўскім рынку два зладзеі свіную тушу ўкралі. Апранулі ў тулуп, шапку на галаву, заднія кумпякі – у валёнкі – і цягнуць “пад рукі”, нібыта п’янага сябра дамоў вядуць. Сто разоў паўз іх абакрадзены прабег – так і не здагадаўся.– Весялейшага чагосьці няма, Дзяніс Авакумыч?– Ёсць. Учора благавешчанне было. А на благавешчанне, самі ведаеце, птушак адпускаюць: гілёў, сініц, аўсянак. А купляюць іх ля Яблычных радоў1. І вось ўчора, раным-рана, вяртаюцца з “Яра” купчыкі. П’яныя ўсе як гразь. Тут адзін успомніў: благавешчанне, птушак выпускаць трэба. Спыніліся – туды-сюды – няма яшчэ ніводнага гандляра, ніводнай клеткі. Што рабіць? А тут насустрач хлапчынка-балгарын з малпай. Халодна, дрыжаць абое. Раптам адзін з мамаеў – як заплача: “Што яна пакутаваць будзе? Давайце выпусцім на волю божае стварэнне. Падзякуе нам...” Купілі, адвязалі, засвісцелі ў тры пальцы. Малпа на дрэва, а купцы паехалі: “Хай сабе жыве на дрэвах”.