Зброя

А тут ужо народ збіраецца. Убачылі. Рагатаць пачалі. Невядома, дзе тут і хто тут малпа. Хлопчык бегае, кліча, плача, а тая не даецца. Натоўп – сабраўся – ледзь яго паліцыя разагнала.– Вечна вы, Дзяніс Авакумыч, невыгоднае распавядаеце, – сказаў Мсціслаў.– Што ёсць, тое і распавядаю. Кандрат толькі галавою круціў, пасмейваючыся. Загорскі ўжо не здзіўляўся. Звыкнуў да ўсяго. Бачыў бруднае і смуроднае Зараддзе, у якім нельга было дыхаць і ў якім, аднак, жылі людзі, жылі ўсё жыццё. Самая перакатная галеча, беднасць, адчай, самае дно. Ні паветра, ні хлеба, ні вады: адзін басейн у Зарадскім завулку ды яшчэ студня ў Знаменскім манастыры, вада якога была такая салоная, што прыдатная была нават для засолкі агуркоў.Мясцовасць гэтую напалову засялілі яўрэі. Трыццаць пяць гадоў таму назад ім дазволілі часова пражываць у Маскве з той умовай, каб яны спыняліся там ад аднаго да трох месяцаў, у залежнасці ад таго, якой гільдыі гандляр, і з тым, каб ён меў права спыняцца толькі ў Зараддзі, на Глебаўскім падвор’і.Так стварылася маскоўскае гета, зменлівае, плыннае, з рэзнікамі і шмукачамі-гандлярамі абрэзкамі футры, з кушнярамі, што ўстаўлялі ў мяздру беларускага бабра сівыя валаскі янота і так рабілі “бабра камчацкага”; з жанчынамі, што перад пейсахам мыюць у рацэ посуд, з гаманкім натоўпам, з чорнымі постацямі, што моляцца на беразе Масквы супраць Праломных варот, з неверагодным, адкрытым для ўсіх жабрацтвам.А побач штурхалася другая палова: хлопчыкі з рэдкімі валасамі, рамізнікі, рамесніцкія вучні, шапавалы, галодныя павадыры мядзведзяў.Мядзведзі не хацелі дужацца і адразу цягнулі лапы за падачкай. Ва ўсіх іх былі падпілаваныя кіпці і зубы, а ў многіх выкалаты вочы.Сэрца падала, калі глядзіш на ўсё гэта. А народ, біты і драны, “благоденствовал с ним”, з гасударам, як сто разоў на дзень афіцыйна сцвярджаў гімн.Мядзведзь цягнуў лапу за падачкай. На гук. Дзяржава марыла аб чарнаморскіх пралівах.

РАЗДЗЕЛ VІІПрыйшла, урэшце, звестка. Андрэя Кагута павінны былі скора прывезці ў Маскву, каб, адразу пасля вялікадня, адправіць з этапам у Сібір. І Андрэя і яшчэ некалькіх катаржан павінны былі пасяліць у Бутырскай турме, аддаць у лапы сумна вядомаму Кірушку, набіць кайданы і адправіць праз Рагожскую заставу па Ўладзімірцы.Трэба было дзейнічаць неадкладна.Перш за ўсё Алесь накіраваўся на Смаленскую заставу і дамовіўся там з чатырма ямшчыцкімі тройкамі. Даў грошай і папрасіў, каб людзі чакалі на працягу тыдня пасля вялікадня і ўдзень і ўначы. Ён не збіраўся карыстацца гэтымі запрэжкамі. Ён ведаў: збеглага перш за ўсё кінуцца шукаць на тую заставу, адкуль вядзе дарога дамоў. І тут яны знойдуць падрыхтаваныя тройкі, зробяць засаду і стануць чакаць прыходу заказчыкаў, якія не прыйдуць, дадуць уцекачам магчымасць уцячы.Другіх коней Кірдун наняў на Першай Мяшчанскай, у ямской слабадзе ля Крэстоўскай заставы: так было менш падазрэнняў.Кандрат забяспечыў коней на другую падставу. Наняў для гэтага дзве славутыя лапцеўскія тройкі сцяпной пароды. Лапцеў, мужык Саратаўскай губерні, прыязджаў у Маскву гужавіком і ўсю зіму жыў у горадзе. Ягоныя тройкі, асноўная і завадная, ужо некалькі год пакідалі “за сцягам”2 усе астатнія тройкі Масквы, нават славутую Каравулаўскую.Алесь сам бачыў апошнюю яго перамогу на лёдзе Масква-ракі, між Маскварэцкім і Вялікім Каменным мастамі.