Зброя

Крыкнуў: “Родные, не выдайте” – і ўсе астатнія засталіся далёка за спіною: глытаць снежны пыл.Лапцева адаслалі “на бойкі шлях” да Тройцы – Сергія. Але ніхто не збіраўся ехаць на Растоў, Пераяслаў ды Яраслаўль. Перасеўшы на “лапцеўскія” тройкі, уцекачы павінны былі павараціць налева і выбівацца на чыгунку, каб, праехаўшы некалькі супынкаў, прабіцца ў Беларусь з поўначы, а не з захаду. Сядаць на чыгунку ў Маскве было небяспечна.Пасля гэтага заняліся Бутыркамі. Чалавек, якога яны збіраліся ўкрасці, павінен быў мець сілы для ўцёкаў. Кірдун, Алесь і Чыўін паехалі на Бутырскую заставу, ціхую, за зарослым мінулагодняй травою Камер-Калежскім валам. Перш за ўсё намецілі зручную дарогу, якой будуць скакаць ад другой падставы праз сады Бутырскага хутара ў напрамку да Цвярскога гасцінца. Алесь ехаў і ўспамінаў, як у адным з будыначкаў хутара была ледзь не першая нарада аб паўстанні. У якім менавіта, ён забыў. Памятаў толькі, што каля става.Што было рабіць з катам? Андрэя не павінны былі везці на Балота. Яго чакала “кабыла” непасрэдна ў двары турмы. Але славутае “берегись, ожгу!” чакала і яго. І тут Чыўін прабалбатаўся, што Кірушку лёгка падкупіць. Тады ён, зрабіўшы першы ўдар, другія рабіў хутчэй па кабыле, чым па спіне.Раскольнік нічога не ведаў. Ён думаў, што Алесь і ягоныя спадарожнікі проста “цікавяцца” горадам. Але Кірдун усё запамінаў. Наступнага дня ён рызыкнуў, і яму ўдалося-такі даць кату ў лапу чацвяртны з абяцаннем даць двойчы столькі, калі катаржнік Андрэй Кагут будзе жывы і здаровы на другі ж дзень пасля пакарання, а не будзе ляжаць між жыццём і смерцю два тыдні, як усе астатнія.– І “ожгу” не крычы, – сказаў Кірдун. – За гэта атрымаеш яшчэ чацвяртную, сто будзе.– Як бы рука не сарвалася.– Сарвецца – не атрымаеш.– Ты яму хто?– Табе не ўсё адно?– Усё адно, – згадзілася быдла. – Добра. Пастараюся.Непрыкметна агледзелі астрог. Не, уцячы адсюль было нельга. Прынамсі, за такі кароткі тэрмін, які мелі яны. Дый мясцовасць нязручная. Па гэты бок заставы, за кардэргардыямі, у якіх жылі саладаты і “мацальшчыкі”1, цягнуліся да самага астрога гароды, цяпер яшчэ пустыя і сям-там нават паплямаваныя апошнім снегам.Затое ўсе ўзрадаваліся, знайшоўшы “нелегальны” праезд цераз вал, бліжэй да Мар’інай рошчы. Калі б перастрэлі на дарозе – тут лёгка можна было б праслізнуць у Маскву, каб адседзецца.Трэба было цяпер падумаць аб прыстанку ля Рагожскай заставы, дзе можна было б пражыць апошнія дні перад этапам. Спыталі ў Чыўіна, сказалі, што хочуць выехаць на нейкі тыдзень без слуг, а іх пасяліць у кагосьці на Рагожскай, бо адным ім займаць месца ў тракціры і гасцініцы нязручна. Стары атрымоўваў ад Алеся шмат і таму, не пытаючыся асабліва, пачаў думаць.– Ды вось, чаго лепей. Ля палявога двара, дзе звярыная траўля Івана Багатырова. Знойдзе ён для людзей пакойчык – не адмовіць мне.Паехалі да Багатырова. Зямля падсыхала ўжо. Нябачныя жаўрукі звінелі ў свежым небе. Прыемна было ехаць у адкрытай брычцы, заплюшчыўшы вочы і падстаўляючы праменням твар.– Што за чалавек гэты Багатыроў? – спытаў Алесь.– Рукамясло ў яго дзіўнае, князь. Сырэйнае завядзенне. Шкуры здзіраюць. З быкоў заразных, з быкоў хворых ці задуменных. Там у яго хаты, пуні, салатопкі. Здымае ён шкуры і з коней і з мядзведзяў, ваўкоў, іншых розных. Але тут справа не ў гэтым. Галоўнае – “траўля”.