Зброя

– А гэта што?– А гэта круг сажняў на трыццаць, ды вакол яго крэслы, адны вышэй другіх. Цкуюць там ваўкоў, мядзведзяў ці быкоў.– Быкоў нашто?– А так бывае, што бугай на бойні атрымае молатам у лоб, але сцегавец, бервяно на слупах, выдзярэ і ўцячэ. То вось тады цкуюць. А сабакі розныя. На ваўка – ваўкарэзы. На мядзведзя – медэлянскія. Ёсць такія, што адзін на адзін мядзведзя бяруць. Сем пудоў вагі, аршын два вяршкі росту, сем чвэрцяў даўжыні да хваста. А калі не бярэ, то ў дапамогу – мардаша. Такія сабакі ў Івана... А на быкоў добрыя псы ў таганца, у Сіліна Паўла Сямёнавіча. Вось і цкуюць. Публікі часам збіраецца тысячы тры – любяць гэта масквічы.– Паляванне лепей, – сказаў Алесь. – Ды я цяпер амаль і не палюю.– Каму як, – сказаў Чыўін. – Каму паляванне, каму цкаванне да брыдкасці. Аднойчы да Багатырова афіцэры марскія прыехалі. Гэта пасля Свістопаля было, і разбэшчаныя яны тады былі – да немагчымага. Як жа – гір-роі. З бітым задам. Ну, а мядзведзя цкуюць вядома як. У крузе два бервяны крыж-накрыж, закапаныя ў зямлю. На скрыжаванні кальцо, а за яго – канат даўжынёй аршын у пяць-шэсць. А на канаце – мядзведзь. А ў крузе сам Багатыроў, а ля яго хлопцы з Новай Вёскі, што яго слухаюцца, ды ўсе з падважнікамі ў руках: часам на мядзведзя, а часам і на публіку. І пачалі афіцэры шкандаліць, бо п’яныя і ўзбуджаныя: “Багатырова цкаваць! Бараду яму выдраць!” Сунімалі іх па-добраму – нічога. Станавога яны прагналі. Палкоўніка Калашнікава, паважанага чалавека, і таго не паслухалі. Тады ідзе да іх Дзмітры Вялікі з Новай Вёскі, першы на Маскву кулачнік. Маракі яму крычаць: “Прэч!” А той ім: “Гэта і нам, мужыкам, дараваць нельга, а не тое што высакародным”. Тут адзін з маракоў Дмітрыя Вялікага – за бараду. Той аж збялеў. “Не, – кажа, – бары! Па-нашаму не так”. Ды ў ахапак таго, ды ў круг, да мядзведзя. Публіка тады – да Дзмітрыя. Ды новавяскоўцы з падважнікамі – у абарону. Як пачалі іх біць. Тыя – уроссып, на поле, на шашу. А за імі багатыроўцы, ды падважнікамі, падважнікамі. Збілі да апошняга. На полі – як Батый прайшоў. Смяхоцце! І нічога, ніякага суда. Выпілі толькі потым бітыя з тымі, хто біў. Смяяліся шмат... Новавяскоўцы гэтыя такія разбойнікі: на кожным двары шыбеніцу стаў – не памылішся.Тройка спускалася ў невялічкі яр.– Унь там, злева, за заставай яна ляжыць. Новая Вёска, а па-культурнаму Новая Андронаўка. Дарожка тут – у-у. Народ смелы, ні д’ябла не баіцца.Даволі далёка бачныя былі саламяныя стрэхі. За імі – будынкі манастыра, запушчаныя, з абдзёртымі дрэвамі.– Усясвяцкі, жаночы, – сказаў Чыўін. – Новаблаславёнага сагласія. Прыемле свяшчэнства ад ніканіянскай царквы.– Можа, “дзявочы”? – спытаў Алесь.– Жаночы, – націснуў на слове Чыўін. – Самае б... месца.Адразу за манастыром свежай плямай хвоі зелянеў на шэрым аненгофскі гай.– Мужыкі яго ў адну ноч дарослымі дрэвамі пасадзілі, – сказаў Чыўін. – Для імператрыцы Анны. А цяпер там між дрэў сцерво валяецца ды рознае смецце. А унь там – палявы двор, рэчка Сінічка, а за ёю поле, а за ім Ізмайлаўскі звярынец, аж да самага Ласінага завода.Алесь і сам бачыў дзівосны лес. Прыкінуў – да Ласінага завода сама меней вёрст трыццаць. І тут жа шаша. І надзвычай зручнае месца для засады і ўцёкаў...“Тут і зробім”, – падумаў ён, а ўголас спытаў:– Жылыя дамы ля звярынца ёсць?– Толькі лабараторыя, палявы гэты двор, ды дача графа Шантрана1, ды цераз шашу ад двара, багатыроўскае паселішча.