Зброя

“Тут” – канчаткова вырашыў Загорскі.Багатыроўская “траўля” ўжо ўстала на даляглядзе (шэрыя хаты, двары, высокія платы, коміны салатопняў), калі адбылося нешта нечаканае.Брычка якраз мінала альховы зараснічак на дне яра, калі страшны свіст разануў вушы. Ломячы галлё, з хмызоў, напярэймы коням, беглі чалавечыя постаці. Пяцёра здаравенных ці то мужыкоў, ці то мяшчан у паддзёўках.У двух у руках шкворні, адзін з нажом, яшчэ два – з кісцянямі. Морды нічым не закручаныя: значыцца, жывых не выпусцяць.Адзін, чалавек сажнёвага росту, павіснуў на аброці карэнніка.– Пане, прапалі, – нема закрычаў Чыўін. – Новавяскоўцы.Утрапенне было такое, што ўсе апамяталіся толькі тады, калі разбойнікі ўжо караскаліся на брычку. Густа лунала над галовамі ўпамінавенне агульнай матары.Алеся схапілі за рукі, і проста над сваёю галавою ён убачыў у неймаверна сінім небе зіхоткі, шыпасты шар кісцяня.Адчуваючы, што гэта апошняе яго імгненне, бачачы, што на Макара населі астатнія два, разумеючы, што гэта – усё, што не будзе ні справы, ні радзімы, ні жонкі, ён закалаціўся ў смяротнай тузе і тут толькі інстынктыўна зразумеў, што ўдарыць дакладна забойца не здолее: перашкодзяць тыя, што вісяць на Алесевых руках.І тады ён выпнуўся як мог і нагою ўдарыў таго, што трымаў кісцень. Ударыў у прычыннае месца. Той, нібы пераламаўшыся, усім целам гэхнуўся з брычкі на зямлю, закруціўся на ёй. Кісцень выпаў з ягонай рукі, але застаўся вісець на краёчку брычкі, пагойдваўся. Маленькі зіхоткі шар.– Хапай яго! – крыкнуў Алесь Чыўіну. – Лупі па галовах! Не шкадуй.Стараабрадзец пацягнуўся, каб схапіць. І тады адзін з тых, што трымалі Алеся, кінуў яго, таксама пацягнуўся за зброяй.Ведаючы, што зараз усё вырашаюць секунды, Алесь свабоднай рукою ўдарыў другога пад зубы, заламаў назад, перакуліў з брычкі, кінуўся да першага, што цягнуўся за кісцянём, схапіў за ногі, таргануў. Той ляснуўся тварам аб пярэдняе сядзенне... Алесь успоўз на яго, перахапіў цёплую рукаяць кісцяня і з сілай апусціў шар на таго, што асядлаў Макара. Трапіў па хрыбеціне. Удараны заверашчаў, як заяц, адарваўся, скочыў з брычкі.У гэты час першы са скінутых – рот ягоны быў у крыві – насеў на Алеся ззаду, а той, што ляжаў пад ім, абхапіў нагу Загорскага, перашкаджаючы яму рухацца.І, аднак, гэта было ўжо не тое. Бо ўстаў Макар. Ударам нагі ён прыпячатаў да ніза брычкі галаву таго, што ляжаў пад Алесем. І тады яны ўдвух населі на таго, што трымаў Загорскага ззаду. Выкінулі.Чыўін змагаўся з сажнёвым (той, між коней, прасунуўся да пераду брычкі), трымаў яго за руку з заціснутым нажом.Налітае крывёй аблічча рослага, сіла, з якой ён скручваў руку старога, гаварылі аб тым, што змаганне доўгае не будзе.І тады Макар крыкнуў. Крыкнуў так, як крычаць, можа, раз у жыцці:– Р-родныя, не выдавай!Коні “прыйнялі” з месца імгненна. Апракінуты перадам брычкі боўдзіла адпусціў Чыўіна, закінуўся, упаў на зямлю, пад колы.Запрэжка несла шалёна. Алесь азірнуўся і ўбачыў: той, што з нажом, упаў аж неверагодна ўдачна – акурат між правай і левай парай колаў, і цяпер уставаў, трымаючыся за выцятае месца. Другі, якому Алесь даў у пах, усё яшчэ курчыўся. Яшчэ два непаразумела стаялі, відаць, ніяк не могучы ўцяміць, як гэта вырвалася здабыча.І, урэшце, яшчэ адзін апошні, ляжаў пад Алесем, паступова прыходзячы да прытомнасці. А коні ляцелі, ірвучы паветра.Макар павярнуўся. Чырвоны твар фурмана быў гнеўны: