Зброя

– Кісцянём яго па галаве! Хай ведае!– Стану я аб падлу рукі пэцкаць, – адрэзаў Алесь.Ён прыўзняў пятага – брычка якраз выбіралася з яра – і з сілай шпурнуў яго ўсім целам аб дарогу. Бачыў яшчэ, як той стаў каціцца па схіле. А потым “поле пабоішча” знікла з вачэй.Ніхто, здаецца, асабліва не пацярпеў. Толькі Макару трохі расквасілі твар ды ў Алеся кроватачылі пальцы левай рукі: разбіў аб твар першага, якога скінуў.Некаторы час усе прыгаломшана маўчалі. Потым Чыўін (адзін рукаў у яго быў аддзёрты, а твар усё яшчэ бледны) сказаў чужым голасам:– Ну, думаў, прапалі. Вось табе і Новая Вёска. І раптам зарагатаў:– Ну, князь, ты, я гляджу, зу-ух. Прапалі б, каб не ты. Ведаеш, хто гэта? Той, сажнёвы, што пад колы ўпаў, гэта сам Аляксашка Шчалканаў, першы на Маскву бандзюга і разбойнік. Той, якога ты першы скінуў, – Міхайла Сямёнаўскі. Мянушка гэта ў яго такая. Той, каго ты па гарбе кісцянём лізнуў, – новавясковец Васька Сноп.Астатніх не ведаю. А Сноп ды Міхайла, здаецца, цяпер у работнікі да Багатырова пайшлі.– Чаго ж яны цябе не пазналі?– Здалёк, відаць, не пазналі, а потым позна было перадумваць. Ах, навалач! Вось ужо я Івану скажу. Па Шчалканаву Сашку – брат ягоны Сенька, таксама ў Багатырова ў работніках – Сібір плача1. Дый гэтыя, Васька з Міхайлам, іншага не вартыя. Ведаеш, што яны аднойчы зрабілі! Па шашы ідзе на сяло Іванаўскае, што за звярынцам, на фабрыку, абоз з пражай. Мужыкі ідуць ля першага каня. То гэтыя чэрці прыстроіліся непрыкметна ды два вазы зварацілі і павялі. Мужыкі не заўважылі, а потым спахапіліся ды, з дручкамі, на Багатыроў двор. Міхайла стаіць ля варот. Тыя дзяруцца ў двор, а ён вароты на сабачы двор адчыніў, а там каля сотні псоў, ды работнікі падышлі з нажамі і па хвартухах кроў цячэ. Мужыкі, ясна, пайшлі. Дый то, нават калі б пусцілі іх абшукаць двары – нічога б не атрымалася. Там, у Івана, на “скверным” двары, ямы. Падлу абдзёртую туды скідаюць і засыпаюць, а потым, як мяса згніе, выбіраюць косткі. І кожная яма на тысячу конскіх тулаў. То яны коней “схавалі”, завялі, разам з вазамі, у яму ды засыпалі зямлёй.– У добрае ж месца ты мяне вязеш.– І гэта трэба бачыць, – сумна сказаў Чыўін. – Ф-фу-у, адбіліся ўсё ж. Сам сабе не веру.– Ты барыну падзякуй, – сказаў Макар. – Каб не ён – паляцеў бы ты да свайго, даніканаўскага, бога.Пад’ехалі да багатыроўскага паселішча. Будынкі, як крэпасць, былі абгароджаны высокім заплотам, вароты – магутныя.Ад вешалак з быдлячымі шкурамі нясцерпна смярдзела. Ля варот сядзелі два вартаўнікі і спрачаліся наконт пеўневых баёў:– Не, ты мне не кажы. Птушку трэба гадаваць сухім аўсом і галачкамі з чорнага хлеба.– І нічога з яго не атрымаецца. Трэба яму, маладому, абрэзаць грэбень ды сярожкі і тут жа самому даць дзяўбці. О, тады гэта будзе Птушка! А потым ужо даводзіць да Палажэння.– Дзе гаспадар? – спытаў Чыўін.Выгляд у яго быў пашматаны.– Што гэта ты, бацюхна, як з бутэлькі вылез?– Не твая справа, морда. Дзе гаспадар?– Бык выдраўся з-пад сцягаўца. Цкуюць яго зараз на крузе.Накіраваліся на круг. Яшчэ здалёк убачылі вялікае кола народу, пачулі гоман, убачылі ў коле чорнага вялізнага быка, што капаў капытамі зямлю.Магутны прыгажун звер глядзеў налітымі крывёй вачыма, брухаў рагамі зямлю, скакаў. А вакол узбуджана выў народ.– Унь Багатыроў, – сказаў Чыўін.Сярод усяго гэтага ашалелага зброду быў спакойны толькі адзін паджылы чалавек з рэзкім тварам. Ён непарушна курыў доўгі цыбук. Хлопчык год дванаццаці2 стаяў ля яго, з жахам назіраючы за шалёнымі скачкамі жывёлы.