Зброя

Ямшчыкі і фурманы, кінуўшы седакоў, пачалі нахвостваць коней па дарозе на Маскву, а за імі каціўся шэры натоўп, крычучы ад жаху.Самыя жорсткія, як заўсёды, выявіліся самымі баязлівымі. Скора поле, дзе – на шчасце – не засталося ніводнага забітага (бык быў не тым заняты), апусцела. Валяліся толькі перакуленыя крэслы і лавы ды стаялі нашы прыезджыя, Багатыроў з сынам і яшчэ два-тры чалавекі.А па полі, як грамавы молат, імчаў бык, аблеплены сабакамі. Ён скідаў іх, а яны зноў кідаліся на яго. Урэшце два з іх, енчачы, адступіліся. На вушах звера, па-ранейшаму, віселі толькі Бушуй і Галубы, падымаючыся і апускаючыся ад бурхлівых, бы з кавальскага меха, уздыхаў быка.І тады бык павольна, відаць, з апошняй сілы, пайшоў да шашы. Ён мінуў сухі ўзгорак і, правальваючыся ў вільготную, яшчэ халаднаватую гразь ворыва, цягнучы за сабой сабак, пайшоў, як і раней, насустрач свабодзе.Брук шашы льсняна блішчаў перад ім. Яго, быка, прывялі сюды па гэтым бруку грубыя прасалы, трымалі некалькі дзён на паляўшчыне, а потым прывялі сюды. Недзе там, у канцы гэтага бруку, засталіся падталыя з сонечнага боку стагі саломы, лінная поўсць на слупах агароджы, працяглы вясенні рык кароў.Вачыма, затуманенымі стомай, ён цьмяна бачыў, што па шашы рухаецца шэрая маса, а над ёю нешта блішчыць. І ён думаў, яму хацелася так думаць, што гэта ідзе яму насустрач родная, пахнучая малаком чарада і рогі блішчаць на веснім сонцы. І таму ён ішоў проста напярэймы гэтай чарадзе.Чарада была чарадой, але не чарадой жывёлы. Ва ўсякім разе, не чарадой той жывёлы, якую хацеў сустрэць бык.– Салдаты, – раптам нема закрычаў Багатыроў. – Салдаты на шашы.– Ды што такога? – спытаў Чыўін.– Застрэляць. Застрэляць быка і сабак. Чорт з імі, з быкамі! Бушуюшка! Гал-лубушка!– Чорт з імі, з сабакамі, – сказаў раптам нечы голас. – Вось бык – гэты заслужыў... заслужыў свабоду.Алесь глянуў туды і ўбачыў сівога старога ў палкоўніцкім мундзіры і ў шынялі, накінутым паўзверх яго. Стары чымсьці нагадваў яму дзядзьку Яроцкага.– Крычыце ім, крычыце ім, пан Калашнікаў. – На вачах Багатырова была вільгаць. – Крыкніце ім, каб не стралялі!– Далёка, – сказаў палкоўнік.Бык ішоў, правальваючыся ў гразь. Згінаўся ўсё ніжэй і ніжэй, і ўжо не нагамі, а бакамі цягнуліся па гразі псы.Але ён ішоў. Над ягонай галавою звінелі ў сляпучым ззянні жаўрукі, і ён ішоў насустрач ім, з апошняй сілы цягнучы на карку свой крыж.– Мяснікі! Хлопцы! Стрэльбы! Страляйце ў яго! – крычаў Багатыроў.– Татка, не трэ....!!!А бык ішоў. Жаўрукі звінелі ў ззянні, і ён ішоў да іх. Ішоў да добрай шэрай чарады, што рухалася па дарозе. Да добрай шэрай чарады, што стала прыветна махаць бліскучымі рагамі, убачыўшы яго.Зараз ён далучыцца да іх, пойдзе з імі. Далёка-далёка, дзе цёплае сена і дзе няма сабак....Багатыроў раптам упаў на калені.– Лебедзь! Лебедзік! Ату! Ату! Вазьмі яго! Ату!Лебедзь адвараціў трачаную молем галаву.– Багатыроў, – сказаў Алесь, – што возьмеш за жыццё сабак?Багатыроў кінуў на яго шалёны позірк, але ўбачыў, што Лебедзь цягнецца да Алесевых рук.– Барын, што хочаце-с...– Жыццё быка, – сказаў Алесь. – І яшчэ... беражыце хлопчыка ад такога...– Барын... Барын... Толькі хут-чэй...Алесь паклаў руку на галаву Лебедзя. Пёс глядзеў на яго, і зрэнкі ягоныя трапяталі, а пад выцертай поўсцю хвалямі прабягалі дрыжыкі замілавання.– Лебедзь, – строга і ціха сказаў Алесь, – вазьмі яго.