Зброя

Такія жабракі, што і на вялікдзень няма чаго апрануць.Заліты сонцам, заліты блакітным святлом, Алесь стараўся не глядзець на зямлю. І вось убачыў......Плыў над усім гэтым п’яным свінствам і дзікасцю, над лахманамі і золатам, над зверствам – нятленны, сіні контур Круціцкага церамка. Нешта сціснула Алесева сэрца. Упершыню за многія дні сціснула. Пяшчотай і болем.– Родны мой! Палонны! Святы! Як жа цябе вызваліць? Як ачысціць ад гною і бруду? Як?Ён разумеў жыхароў Рагожскай, што ішлі ў лазню са сваімі тазамі. Не ў тым справа, што з ніканіянскіх грэх мыцца. Усе ўскраіны горада, усе яго гандлёвыя рады, усе раскошныя палацы былі такім гнайніком, што да яго брыдка было датыкнуцца.Дзеці ў лазні гуляюць вадою. Пераліваюць яе слоікамі, рукамі, кубкамі. Нельга, каб яны гулялі вадою ў тым самым тазе, з якога мыўся нейкі там Кірушка, хоць ён усяго халуй тых, што ў агульныя лазні не ходзяць....І палонны блакіт Круціцкага церамка1.Чорт з ім, няхай на вуліцах Рагожскай таксама хапае свінства, і фанатызму, і цемры. Няхай дахі на гэтых вулках, на Цялежнай, Вароняй і Хіве, бурыя ад чаю (бяруць у тракцірах спіты чай, сушаць яго на дахах і, дабаўляючы рознае, робяць “сапраўдны кяхцінскі” чай для простанароддзя – усе гэтыя “рагожскія кітайцы”), няхай на вулках тут лужыны, няхай жыццё закарэлае.Усё адно. Таму што яны трымаюцца ў чысціні, працуюць, таму што іх гоняць, таму што слава тым, каго гоняць, таму што яны вераць, няхай у цёмнае – абы толькі не ў боскасць цароў і іхняга быдла....І палонны блакіт Круціцкага церамка.Чыўін сустрэў Алесеў прыезд спакойна.– Значыцца, дні тры не будзеш?– Не.– Ну што ж, я задаволены. І тваімі... камісійнымі, і табой. І тым, што ведаеш нас, што разумееш... Значыцца, скора і дадому?– Скора.– Я ведаю. То бывай.– Дзяніс Авакумыч, – ахнуў Алесь. – Ды як вы падумалі, што я знікну?– Справа можа прымусіць.– А я ўсё ж заеду. А каб паверылі, пакіну ў вас Лебедзя і шчанюка.– Ну, глядзі, – павесялеў стары...Незадаволены быў удзелам новавяскоўцаў адзін Кірдун. Бурчаў:– Звязаўся з атрэб’ем, з пазадкамі... Кня-язь...– Кінь. Самому брыдка.– То нашто?– Андрэй – вось нашто. Ён праз мяне, калі падумаць, сеў. А ты згодзішся ўчатырох на этап напасці? На палову ўзвода каравульных?– Усямёх таксама не цукар...– То вось і маўчы.Алесь сам ведаў: рызыка страшная. Дзейнічаць трэба было рашуча, не вагаючыся ані на хвіліну, і нават пры гэтай умове больш шанцаў было на тое, што ім не выйсці жывымі. Іх чацвёра ішлі на гэта свядома. Алесь і Кандрат – як кроўныя, Мсціслаў – з-за Янькі і сяброўства, Кірдун – бо сюды ішоў Алесь. І ён не шкадаваў траіх новых. Самі селі за стол з Хлюстом, самі напалі на брычку, самі павінны былі б загінуць ад нажа, каб не ён, Алесь. Хай плацяць....І вось ён сядзеў і праз апушчаныя веі бачыў, як блішчыць пад сонцам забрукаваны кавалак дарогі, як – калі павесці вачыма направа – брук скончыцца і пойдзе гразь да самага Ніжняга, увалы і шлях, які то нырае ў лагчыны, то (далёка-далёка) узбягае на грады.А калі паглядзець налева – убачыш голы, але ўжо трошачкі зялёны масіў Ізмайлаўскага звярынца і дарогу.І на дарозе – ані душы.А вунь там абдзертае, іржавае золата купалоў Усясвяцкага манастыра. А на дарозе – ані душы.“Што магло здарыцца з этапам? Чаму не паўзе?”Алесь быў на адпраўцы мінулага этапа. І вось ён сядзеў і ўяўляў....Жоўты, абдзерты дом ля заставы. Ля яго – ціснуцца. Большасць тых, што праводзіць, адстае ад этапа тут: прыміраецца. А частка адстае унь там, каля “слёзнага” Ляснога вострава за тры вярсты адсюль. Што ісці далей? Не дазваляюць, дый не трэба, усё адно не дапаможаш. І чаму там толькі не засыхаюць бярозы?.. Столькі слёз... Назаўсёды разлука.