Зброя

...І вось выводзяць з жоўтага этапнага дома людзей. Вісіць над галовамі галошанне, бабы ломяць рукі, мужыкі глядзяць у зямлю.Пастроілі. Павялі. Наперадзе тыя, у каго кайданы і на руках і на нагах. Потым – тыя, што толькі з ручнымі кайданамі. За імі – тыя, што зусім без кайданоў.А потым вазы з хворымі, дзецьмі, бабамі. Дзяцей таксама вязуць.Божа мой, Божа! Нібы ўся імперыя здымаецца з месца і цягнецца кудысь.Рыпяць колы. Едуць. Як табар. Як татарскія арбы. Як печанежскія вежы. Звіняць ланцугі, стрэльбы вартавых.У гразь і пыл. У спёку і снег. Кожны панядзелак і аўторак.І пойдуць. Пойдуць. А паўз іх будуць пралятаць тройкі са срэбнымі дугамі. Будуць стаяць багацюшчыя пастаялыя двары, бо гэта не толькі дарога слёз, а і дарога „да Макарыя“, на кірмаш. І адны будуць везці тавары, а другія ўсю дарогу жыць з міласціны, а таму перад кожнай вёскай зацягваюць „песню літасці“, у такт ёй бразгаючы кайданамі.Милосердные наши батюшки,Не забудьте нас, невольниковЗаключенных, Христа ради!Пропитайте-ка, наши батюшки,Пропитайте нас, бедных заключенных!Сожалейтеся, наши батюшки,Сожалейтеся, наши матушки,Заключенных, Христа ради!Мы сидим во неволюшке,Во неволюшке – в тюрьмах каменныхЗа решетками железными,За дверями за дубовыми,За замками за висячими.Распростились мы с отцом, с матерью,Со всем родом своим, племенем.І так з дня ў дзень цягнецца дзяржава.На таржышчы, у руднік, у магілу.Даколе, Пан Бог!!!Дзеляць як хочуць, шматуюць, гандлююць, аддаюць слабога ў першыя – лепшыя рукі, кідаюць яго, як мяч, не пытаючы, хто ён.Куды вядзеш, дарога? На таржышча? У руднік?Дакуль!!!Кандрат крануў Алеся за плячо і, калі той павярнуўся, спалохаўся ягонага аблічча.– Братка, ты што?– Чаго табе?Кандрат моўчкі паказаў рукою, і тады Алесь зразумеў, што “Милосердная” яму не толькі ўяўлялася.Па дарозе павольна паўзла шэра-жоўтая пляма. Шэрая ад пылу і халатаў. Жоўтая ад абліччаў, рук, ад бубновых тузоў тых, што ехалі на вазах, седзячы спіною да коней.Алесь абвёў вачыма сваіх. Крайні справа, ля падпілаванай бярозы, непарушна стаяў Халімон Кірдун. Трымаў у руках сякеру, прымерваўся да кліна, загнанага ў распіл. Бліжэй, на правую руку ад Алеся, ляжаў са штуцарам у руках Мсціслаў. Павараціў да Алеся твар, засвяціліся сонечныя вочы, падміргнуў. Алесь усміхнуўся, бо гэта магла быць апошняя ўсмешка і таму, хто застаўся, было б балюча.Загорскі глянуў налева. Драпежна глядзіць на прыцэл штуцара Кандрат. На вуснах злая ўсмешка: зараз дарвецца. А яшчэ далей тры “купленыя”. Сноп бледны і спакойны. Міхайла шнырае вачыма па калоне. Шчалканаў спакойненька гуляе пістлетам (у яго іх тры).Паўзе, паўзе калона слёз. Рыпяць колы. Дзе тут можа быць Андрэй? Хіба пазнаеш? Ды не, можна пазнаць: яны ж спяваюць. Такі голас можна пазнаць і сярод тысячы. Але голасу не чуваць.Алесь зрабіў знак рукою. Усе паслухмяна апусцілі на нос і рот павязкі.Дзе ж можа быць Андрэй? Вось калона амаль зраўнялася са Шчалканавым... Не, голасу не чуваць. А “песня літасці” гучыць і гучыць.І раптам ён убачыў......Андрэй ішоў у сярэдзіне другога рада. Ногі, у нажных кайданах, валюхаюць. Ненатуральна рухаюцца клубы. Рукі склаў на грудзях...Бог ты мой, які бледны твар!А вочы, як невідушчыя, глядзяць у неба. І шчыльна самкнёны рот. Не спявае....Быў поплаў Дняпра, даўно, у дзяцінстве, і голас над поплывам, і разбойнік Война, які тады сказаў:– Спявай, хлопчык, спявай, пакуль даюць.