Зброя

Ах, які быў голас! І на каляды, і тады, калі палілі бадняк, і на поплаве, і на вяселлях, і тады, калі гукалі вясну.Нешта душыла Алеся. Ён махнуў рукою Кірдуну.У наступны момант вялізная бяроза пачала хіліцца, з рыпеннем ірвучы свае жылы, крэкчучы. Нібы кароткі, на некалькі імгненняў, ураган нарадзіўся ў галлі дрэва – і вось яно ўжо ляжала на шляху, перагарадзіўшы яго, заслаўшы рады катаржных пылам.Амаль несвядома Алесь бачыў збянтэжаныя, атарапелыя твары. Вочы надзеі... Вочы жаху... Вочы, што не разумелі.Залп!!!Ён ірвануў нечакана, страшна, як смерць. З самотнай бярозы па той бок дарогі пасыпалася на калону дробнае галлё.Ніхто не паспеў яшчэ нічога зразумець пасля падзення дрэва, а горкі дым пораху змяшаўся ўжо з пылам, што яно ўзняло. Усе атарапелі. Праз дым і пыл Алесь цьмяна бачыў твары канвойных, якія не разумелі, што да чаго.А дробныя пруткі-хлюдзінкі ўсё яшчэ падалі на галовы людзей.І тады Алесь сказаў голасна і цвёрда, нічога не каментуючы, без ценю сумнення ў тым, што яго могуць не паслухаць. Як сказаў бы Вежа.– Канвой! Пакласці зброю!Далейшае адбылося, можа, за нейкую хвіліну, і ніхто, нават сам Алесь, такога не чакаў.Не чакалі, відаць, і яны, нязвыклыя думаць самі, за многія гады прывучаныя падпарадкоўвацца толькі загаду, толькі чужой, мацнейшай волі. Нават не ёй, а чужому, безапеляцыйнаму голасу.Парахавы дым яшчэ плыў над калонай. Павольна-павольна.Была цішыня.І раптам першы з канвойных, як на аглядзе войск, зрабіў крок наперад....Дзынкнула аб брук руля першай стрэльбы.Упала побач з калонай даволі вялікая бярозавая галіна....Другая стрэльба лягла на зямлю... Трэцяя... Чацвёртая... Пятая...На тварах уладароў была неўразумелая, падцягнутая тупасць. Цалкам аднолькавая ва ўсіх, у той час як нават стрэльбы клаліся на брук па-рознаму: адны – мякка, другія – бразгочучы.– Кру-гом! – загадаў Алесь.Ляснулі абцасы.– Шагам арш!Першы крок, здаецца, раздрабіў камяні. Потым размерана – як шчоткай па бычыным пузыры – зашоргалі крокі.Над катаржнымі вісела гнятучая цішыня. Яны збянтэжана глядзелі на канвойных, якія ішлі, як заведзеныя лялькі.І толькі Алесь бачыў, што ў гэтых ляльках было нешта чалавечае: прыціснутыя да бакоў локці. Патыліцы былі напружаныя, зады малайцаватыя, галовы па-заліхвацку закінутыя. І толькі локці, няспрытна прыціснутыя да бакоў, былі чалавечыя. І па іх можна было зразумець што тут не толькі падпарадкаванне, але і боязь атрымаць кулю ў спіну.Боязь гэтая ўсё ўзрастала. І ў напятай цішыні, што аж звінела ў вушах і сэрцы, Загорскі разумеў, што ўся гэтая “божая благадаць” трымаецца на апошняй нітачцы.Вось-вось... Вось-вось... Вось-вось...І, аднак, цішыня трымалася. Гэта былі абставіны, цалкам не прадугледжаныя інструкцыямі. Маглі быць уцёкі – і тады трэба было страляць у спіну. Мог быць бунт – і тады трэба было страляць па калоне. Кайданнік мог ударыць канвойнага – і тады яго ставілі пад першы лепшы мур або ў першым гарадку вадзілі праз тысячу шпіцрутэнаў.Але не магло, і ніколі не было, і не магло быць нападу на этап. Ніхто нічога не разумеў нават цяпер. Напад! У мірны час! І не ў нетрах, а тут, ледзь не на ўскраіне Масквы.Салдаты зрабілі крок якраз да яе. Аненгофскім гаем, у гарачай смузе выпарэнняў, далёка-далёка, як абманка на дне закуранага таза ў золаташукальніка, гарэлі шматлікія бліскаўкі яе купалоў.Гэтага не магло быць.І ўсё ж цішыня звінела на адной нітачцы.