Зброя

Вось-вось... Вось-вось... Вось-вось...– Стой! Кладзіся!Крок наперад... Рукамі ў зямлю... Правыя ногі паўзуць назад... Ляглі...У дзесяцёх кроках ад катаржнай калоны ляжала на зямлі няроўная літара “П”. Алесь разумеў, што паклаў іх занадта блізка, але нельга, немагчыма было цягнуць далей напятую цішыню.Нельга, немагчыма для нерваў... Кожную хвіліну яна магла сарвацца, і тады...– Катаржныя, стаяць на месцы!Загорскі баяўся тлуму. Але тыя і так стаялі, як саламяныя слупы, разумеючы яшчэ менш, чым варта.Алесь хітнуў галавою ў бок Кірдуна. Кірдун пачаў спускацца па адхоне да стрэльбаў. Вочы канвойных – сінія, цёмныя, бляклыя, тытунёвыя – ад самай зямлі – сачылі за ім. Насцярожаныя, як у зацкаваных звяроў.Яны глядзелі, як спускаецца да стрэльбаў зусім не ваенная, зусім нястрашная постаць аднаго з тых, што асмеліліся напасці на этап, постаць першага, убачанага імі.Кірдун спускаўся, адваліўшы цывільны зад, размахваючы рукамі. І грозна трапятала пад яго дабрэчымі вачыма чорная павязка, а ў руцэ быў калун, якім ён зваліў дрэва. І гэта была памылка.Цішыня абарвалася.Крайні ў адной з ножак літары “П” не вытрымаў. Здаравенны крываногі унтэр.Крутануўся на месцы і – ніхто не паспеў апамятацца, як крайняя з кінутых канвойнымі стрэльбаў была ўжо ў ягоных руках. Сашчэрыліся зубы, нібы унтэр урэшце зразумеў:– Салдаты, гэта ж разбой!Кірдун ішоў проста на рулю, што ўздымалася насустрач яму.Стрэл.Чакалі, што Кірдун пахіснецца або кінецца ў хмызы, а замест гэтага ўбачылі, як унтэр схапіўся за перадплечча.Загорскі павёў вачыма налева і ўбачыў, як дыміцца штуцэр у руках Кандрата.– Адстраляўся, камрад, – сказаў Кагут.Халімон падышоў да унтэра і ўзяў стрэльбу з паралізаванай рукі.– Так, дзядзька, не трэба, – разважліва сказаў ён.І тут, нібы ў адказ на стрэл, запознена загаласілі бабы на вазах, зараўлі катаржане, заплакалі дзеці. Паміж варты, што ляжала на зямлі, аддаўся крык:– Гэта разбой! Што вы ляжыце? У ружжо!!!Алесь загадаў даць другі залп. Зноў паверх галоў. І, калі свіст куль нібы адсек голас, рэзка крыкнуў:– Ці-ха!На дапамогу Кірдуну спускаліся ўжо Сноп і Міхайла. Шчалканаў гуляў пісталетамі, па чарзе прыцэльваючыся ў салдат.Цішыня. Толькі недзе плача дзіця. Жаласна і ціха, як кацяня.Алесь устаў.– Усе, хто працягне руку за зброяй, будуць забітыя на месцы, – сказаў ён. – Тыя з этапа, што стануць парушаць парадак і перашкаджаць справе – таксама. Усім сядзець і чакаць сваёй чаргі.Людзі сабралі зброю і, пакінуўшы яе пад даглядам Кірдуна, сталі над вартай. Унтэр пагойдваўся, трымаючыся за руку, выскаляў зубы.– Баба, – загадаў Алесь адной з катаржанак, – перацягні яму рану.Тая боязна – бачком паўз Алеся – падалася да параненага. Надта ўжо грозна глядзелі вочы над павязкамі.Алесь адчуў раптам страшэнны позыў да таго, каб памачыцца. Яму стала нясцерпна сорамна. Намаганнем ён стрымаў сябе і тут убачыў, што ў гэты самы непадыходзячы момант Мсціслаў і Шчалканаў робяць тое самае. Робяць, не саромячыся нават таго, што, магчыма, нейкая баба з вазоў бачыць іхнія спіны сярод дрэў.І тут ён зразумеў, што нічога саромнага тут няма.Сямёра супраць паловы ўзвода. Неабстрэляныя хлопцы супраць ваякаў.Нічога саромнага тут не было.І тады прыйшла радасць. Такая вызваленая, што Алесь затрымцеў.– Катаржане, – глуха сказаў ён. – Той, хто хоча ўцякаць, хто можа ўцякаць, хто абдумваў уцёкі – можа зараз скарыстацца з гэтай магчымасці. Хто не думаў над гэтым, але каму пагражаюць руднік або смерць – таксама. Я патрабую толькі аднаго: парадку. Мы здымем з вас кайданы, але той, хто будзе пнуцца наперад усіх, – здыме іх апошні.