Зброя

Шчалканаў глядзеў трывожна:– Казка?– Не, не казка.Гэта сапраўды не была казка. Хіба што абставіны былі другія. І Шчалканаў, па тону сказанага, зразумеў, што гэта не казка, паверыў.– Ну вось. А тут трынды-бярынды, бліны жаруць, снахачы-смаркачы. Недзе там усё ёсць, хоць бы ў Казані, дзе грыбы з глазамі, як ядуць, то плачуць слязамі. А тут Хлюст. Недзе – град Кіцеж. А тут мамаі ахотнарадскія грызікаў вуцюжаць... Гэх, чынчаль-мінчаль, жаўцякі для прыслугі – рыжыкі для сябе – пробель для цешчы.Ён прыскокваў:– Пасля лазенкі сам-та груздочкаў з лучком ды з масліцам абажаець. Куды как добра... Ікоркай-це на вербнае пабалавацца, хрысціянску-це душу з’еўшы.– Што гэта ты па-чалавечы не гаворыш?– Разрашаем сабе ў благавешчанне рыбкі пакушаць... Багадзельню-це абкраўшы, вялікі пост у благачэсціі правесці.– Ты што?– Абрыдла мне ўсё, – сказаў Шчалканаў. – Жывадзёрня багатыроўская бацьку майму належала – абрыдла. Усё абрыдла. Жыццё толькі пакуль сваё не абрыдла – і за гэта, за тое, што ад Хлюста вызваліў, – дзякуй. Але і яно неадменна гады праз два абрыдне.Голас Шчалканава быў глухі.– І тады я нешта дзікае зраблю. Зарэжу каго-небудзь, ці што. А сам пайду ў тракцір, чай піць. І прыйдзе па мяне хажалы: “Аляксандар Канстанцінавіч, цябе ведзь велена ўзяць”. – “На”. – “Не, ты лепей сам”. – “То не перашкаджай чалавеку чай піць”. І выдую пры ім тры самавары, хаця чаю гэтага бачыць не магу. А потым скажу: “Хрэн з вамі, падлы замаскварэцкія, хадзем, абрыдла ўсё”.Алесь не ведаў, што чалавек, які ішоў побач з ім, літаральна так і зробіць, так і разыграе ўсё праз пару год. Але ён бязмерна паверыў шчырасці, якая прагучала ў словах Шчалканава.– Не дуры.– Я тады разумнейшы ва ўсім гэтым горадзе буду... Гэх, вось сёння было жыццё!.. Па абету, значыць?– Па абету.– Спадобіўся, значыць, і Шчалканаў... У-ух, сокалы залётныя!Яны выйшлі на паляну, на якой ляжалі салдаты пад аховай Кірдуна.– Гэй, кіслая воўна! – Шчалканаў мацаў вузлы на руках і нагах. – Не варушыцца, не качацца, да раніцы не крычаць. Хто закрычыць – самма-лічна прырэжу.Браў з рук Кірдуна анучкі і спрытна заторкваў кожнаму рот.– Вось так, ляжы, разумны... Не бойсь, Чухлама...Унтэр, калі да яго дайшло, вылаяўся цяжкім, зацяжным матам.– Ну-ну, – сказаў Шчалканаў. – Ай, малайчына! Вылайся яшчэ – да раніцы не давядзецца.Сапраўды, пачакаў, пакуль той вылаецца, і толькі потым заторкнуў рот і яму....Пайшлі з паляны ўтрох. Кірдун імкнуўся трымацца ў баку ад Шчалканава. А той ішоў, нібы з яго вынялі ўсе косткі, абмякла шоргаў нагамі па траве.І толькі калі падышлі да схаваных у гушчары троек, раптам ажывіўся:– А тваіх няма.– У гушчары сядзяць, – сказаў Алесь.– І правільна. Зараз я гэтых новавяскоўцаў адклічу.Свіст аддаўся над дарожкай. Той, пасля якога коні падаюць на калені.Кірдун заціснуў вушы. А Шчалканаў заварочаў суздальскімі вачыма, засмяяўся:– Вось яно як. Хлопцы, сюды!Новавяскоўцы скочылі з козлаў, ламіліся патроху праз гушчар.Падышлі. Сталі каля Алеся, Шчалканава і Кірдуна.Алесь глядзеў на рыжага Міхалку Сямёнаўскага, на Ваську Снапа, на ўсіх іншых, якія ледзь не пазбавілі яго жыцця, а сёння сумленна дапамаглі зрабіць смяротна небяспечную справу.– Ну вось, чынчаль-мінчаль, – сказаў Шчалканаў. – Што зроблена, тое зроблена. Цяпер справа наша старонняя. Цяпер нам у тракцір пад назвай “А я ўвесь час тут”. У “Воўчую даліну”. Нічога мы не бачылі, нічога не чулі.