Зброя

– Там Хлюст, – сказаў Міхайла.– Хлюсту грошы ў зубы, а нож у бок... І вось яшчэ што: калі нехта пачне выхваляцца, я яму сам Хлюстаў падаруначак паднясу.– Глядзі, як бы нам табе не давялося такога гасцінчыка даваць, – усміхаючыся, сказаў Сноп.Шчалканаў выпраміўся.– Не будзе гэтага, андроны... Ну, хадзем.– Чакайце, хлопцы, – сказаў Алесь.Ён дастаў грошы.– Бярыце яшчэ па пяцьдзесят.– За што? – спытаў Сноп.– За тое, што ў тым яры мяне не дабілі, – сказаў Алесь. – Падзяка, так бы мовіць.Новавяскоўцы зарагаталі. Узялі. Пагойдвалі галовамі.Алесь працягнуў крэдытку Шчалканаву. Але той раптам уздыхнуў і мякка адвёў Алесеву руку.– Не.– Чаму?– А я жаўцякоў для прыслугі купляць не збіраюся... Абет ёсць абет...Задуменна пакруціў галавою.– Гэх, казанскі! Вось гэта жыццё!.. Ну, казанскі, цалавацца не будзем, а то яшчэ ненарокам кусану за тое, што сваім жыццём жывеш... Не жыццё ў цябе, казанскі, а Кіцеж... А руку дай...Князь і разбойнік падалі адзін аднаму рукі. Шчалканаў нейкім адчайным, сутаргавым рухам сціснуў Алесеву руку. Потым рэзка адкінуў.– Усё. Бывай, казанскі.І пайшоў не азіраючыся. Новавяскоўцы рушылі за ім. Нізкае сонца зырка гарэла за імі, і яны здаваліся не постацямі з плоці і крыві, а проста цёмнымі сілуэтамі, выразанымі з кардону: рухомыя лялькі з тэатра ценяў.Зніклі. Кірдун і Алесь павярнуліся і пайшлі да коней.Скручаная папараць. Салатная пад сонцам трава. Толькі тут Алесь адчуў, як яму не хапала ўсе гэтыя гадзіны Андрэя Кагута. Ён мусіў стрымлівацца, каб усё было лепей, ён быў у гэтыя часы не проста чалавек, не брат і не друг, а галава. Ён не мог пасадзіць вызваленага ў брычку і – махнуць да ўсіх д’яблаў....А людзі між тым выйшлі з лесу і стаялі ля запрэжак. І сярод усіх Алесь, усё паскараючы крокі, убачыў Андрэя, які стаяў нерухома, быццам адмовіліся слухацца ногі, і толькі недарэчна гладзіў сябе па грудзях.– Вось і я, – сказаў Алесь. – Вось і я, братка...Быў поплаў, і на ім звінеў голас... Былі ловы, калі чалавек з гэтым голасам перавозіў цераз Дняпро Галінку Кахно... Быў бунт, калі гэты голас умаўляў Кандрата... Быў кірмаш, на якім гэты голас спяваў Алесеву песню... Было Балота, на якім білі пугай чалавека з такой падобнай патыліцай.І вось перад ім стаяў чалавек з сінімі вялізнымі вачыма, са змучанай, добрай, амаль жаноцкай усмешкай. Друг, брат, дарагі чалавек.– Алесь, А-лесь, – сказаў Андрэй.Ён зрабіў крок, і ногі рухаліся ўсё яшчэ ненатуральна, хаця ён быў пераапрануты ў запасны Алесеў гарнітур.Абдымаючы адзін аднаго, яны маўчалі. І сярод усіх, здаецца, не плакалі толькі яны....Колы спачатку скакалі па карэннях на лясной дарозе, потым прашалахцелі праз шлях, потым каціліся полем, потым – ужо ў змроку – шалёна калаціліся па байраках і каранях на дарозе ў Ізмайлаўскім звярынцы.Імкнуліся насустрач дрэвы. Веснія зоры гарэлі ў галлі. А два чалавекі ў задняй брычцы ўсё яшчэ маўчалі. І гэтае маўчанне было маўчаннем такой блізкасці, якая рэдка бывае між людзьмі.І толькі калі блізкая была ўжо лапцеўская падстава, Андрэй раптам сказаў:– Двух рэчаў не забуду, Алесь. Таго, што ты сёння зрабіў, і яшчэ двара Бутырскай турмы.– Мо не трэба?– Трэба. Апошні раз. Каб ведаў. Потым ужо не буду.– Ну, – сціснуў у цемры ягоную руку Алесь.– Разумееш, двор. І тут вежа. А ў ёй, кажуць, Ямелька Пугачоў сядзеў.Голас Андрэя раптам пачаў зрывацца.– Я не Пугач. Я маленькі чалавек. Мы ўсе маленкія людзі. Давалі б нам зямлю араць ды спяваць сваё не перашкаджалі. Я араў. Усё жыццё араў. І аднойчы заспяваў. І атрымалася: я – Пугач. Атрымалася: досыць заспяваць.