Зброя

І ў гэтай гордай незалежнасці гэтыя мужыкі, гэтыя купцы, то бок таксама ўчарашнія мужыкі, чымсьці нагадвалі найбольш старазаветную частку Алесевага кола. Няхай сабе закарэласць, няхай дзікая коснасць – гэтыя людзі былі пакрыўджаныя, а значыць, былі ў чымсьці – браты.Не скарыстаешся – другога выпадку можа не быць.– Што ж ты стаіш, Кірдун, – сказаў Алесь. – Уладкуй там кофр ягонага сцяпенства.Кірдун зірнуў на яго здзіўлена, але, прывучаны, нічога не сказаў. Ён ведаў, Алесь надумае лепей за яго.– Што ж гэта вы, бацюхна, – сказаў купец. – Мяне?– Чаго ж вы будзеце тут мокнуць. І так палову гадзіны стаялі.Ён ужо сядзеў пад верхам. Купец, спяшаючыся, каб хаця часам не раздумалі, палез на суседняе месца.Рамізнік павярнуў да іх твар, нахабны, сінявокі і мардасты, як рэшата.– Куды, ваша высакароддзе?– Наватроіцкі тракцір, на Іллінцы... Адтуль вось яго сцяпенства на Малую Андоньеўскую – ты, Халімон, ягоныя рэчы даставіш на ганак – а ты, фурман, потым вернешся да мяне.У барадзе фурмана была дрэнна прыхаваная пагарда.– Няўмесна вам з гэтым “сцяпенствам” ехаць, – развязна сказаў ён.– Справа не твая, гужаед, – абарваў яго Алесь.Ён ніколі не гаварыў так з людзьмі, але тут гэта было патрэбна. А раз гэта было патрэбна – ён мог. Згуляў жа Мсціслаў купчыка. Яму, Алесю, было лягчэй. У яго была ўласнасць, мала таго, прывычка ўладарыць.– Як зваць? – спытаў ён у фурмана.– Макарам, – трохі прыгаломшана сказаў той.– Так і думаў. То скоч, Макар, калі ласка, ды папраў запону на нагах у “ягонага сцяпенства”.Макар палез з козлаў. Купец амаль спалохана глядзеў, як распраўляецца ягоны сусед.– Вось так, Макар, – сказаў Алесь. – Дзякуй. І запомні: гэта таксама твая работа. І зусім ужо не твая работа меркаваць, з кім я еду, куды еду і які я еду.Трэба было збіць фанабэрыю, і зрабіць гэта можна было толькі мясцовым барствам найгоршага тону. Раз і назаўсёды.– У цябе зараз няма гаспадара, Макар? Ну, на тыдзень, на месяц? Дзе твой?– Дзень, як у Піцер з’ехаў, – зусім ужо іншым тонам сказаў Макар.“Пашанцавала”, – падумаў Алесь, а ўголас сказаў:– Што ж ты за суткі новага не знайшоў? Вы ж, збольшага, нарасхват. П’яніца?– Нікак нет. Усе сказаць могуць. Бяру ў плепорцыю.– Тады будзеш у мяне, – безапеляцыйна сказаў Загорскі. – На тры месяцы. Можа, і больш. Вернешся – укладзем рад. Не пакрыўджу. Умова: захочаш напіцца – папярэдзь, адпушчу.– Ужо і гэтага нельга, – зрабіў слабую апошнюю спробу пратэсту Макар.– Нельга. Патрэбна табе некуды ў гарачы мой час – знайдзі на дзень замену. Будзеш добра ездзіць – прыбаўлю. А папярэдняя табе плата – дзесяць сіненькіх у месяц.– Пабойцеся Бога, – сказаў купец. – З Зараддзя да Суконных лазняў, што ля Каменнага моста, – дзве грыўні. І за тую ж плату – назад. А гэта пры нашай манеры парыцца – не менш як тры гадзіны. Ну няхай нават дзве. То красная цана гэтаму разбойніку – трыццаць восем рублёў у месяц.– Мне не ў лазню ездзіць, – ветліва і халодна перарваў Алесь. – Не непакойцеся, калі ласка.І зноў звярнуўся да Макара:– Ездзіць давядзецца многа. Язду люблю хуткую. Буду задаволены – прыбаўлю.– Спраўна будзе, барын, – сказаў Макар. – Безадмоўна. Як паедзем? Праз яблычны двор ля Іллінскай брамы ці, можа, на Цвярскую выберамся ды потым праз Красную?– Давай Краснай. Гані.Меладычна звякнулі бомы. Коні машыста “прыйнялі” з месца. Купец маўчаў у сваім кутку, і хаця Загорскаму трэба было пагаварыць з ім – ён вырашыў перадчасна не палохаць старога і стаў думаць.