Зброя

– Песня, брат, была не з мірных.– Ведаю. Для іх. А мне што? Ну няхай яна для іх нямірная. А мне што?! Для мяне, для цябе, для яго ёсць у той песні зло? Няма. То што нам да іхняга гневу?!Ён скрыгануў зубамі.– Мы гаспадары. Не салдаты, а мы. Дык што нам ад іхняга гневу? Чаго яны прыйшлі. Хто іх клікаў? Што ім да маёй песні?.. А мяне вывелі ў двор. Барабаны б’юць. Кірушка з пугай куражыцца: “Гэй, бульба, ану, заспявай”.– Ён быў падкуплены.– Пэўна так. Бо астатнія з першага ўдару ранялі галаву. Але крычаць прымусіць – гэтага яму хацелася. “Спявай, бульба катаржная, спявай”. А я маўчу. Я ўвесь этап маўчаў... Адвязалі мяне ад кабылы, адвялі ў клетку. Вядуць, а ў Кірушкі вочы крывёю наліліся. Кажа вартавому: “Шкадую, што звязаўся тут з адным. Спяваць не хоча, то хай бы маўчаў давеку”. Замкнулі мяне, і тут я прытомнасць ад ганьбы страціў. А потым усю ноч сяннік зубамі кусаў. Мяне іначай як у бойцы не білі. Не б’юць у нас дзяцей.– Бачыш, – сказаў Алесь, – была б стайня, то, можа, і прывык бы. І як гэта мой прадзед Акім з дзедам Вежам так схібілі? Ай-я-яй!– То гэтага я не забуду. Не забуду я гэтага, Алесь.– Нічога, – сказаў Загорскі. – Цяпер ужо нядоўга.

РАЗДЗЕЛ ХВечарам наступнага дня Алесь ехаў з Рагожскай на Смаленскую заставу. Дзіўны, упершыню за многія месяцы, спакой валодаў ягонай душою. Усё было зроблена. Зброя была закуплена. Уцекачы раніцай паспяхова селі на цягнік (пасля “лапцеўскай” падставы Алесь не шкадаваў грошай на коней, узятых з пастаялых двароў). Яны вылезуць з яго недзе ў Дне і пойдуць дабірацца да Прыдняпроўя ямскімі коньмі.Усё было зроблена. І разам з заспакаеннем у душы жыла пустэча.Разам з Алесем сядзеў у брычцы Чыўін. Сумна глядзеў, як схілялася за дамы сонца. Маўчаў. І толькі часам звяртаўся да Лебедзя, што ляжаў на дне брычкі і драмаў, паклаўшы на Алесевы ступакі трачаную молем галаву.– Сабака, ты сабака й ёсць. Паглядзеў бы на першапрастольную апошні раз бачыш. Будзеш там сабе па траўцы зялёнай бегаць ля веткаўскіх скітаў – шчасце тваё.Макар на козлах толькі галавою круціў.– Тваё жыццё скончана, як маё... А ўсё ж пад канец падыхаеш. А вось гэтаму сукіну ўнуку – гэтаму шчасце...Шчанюк, падораны Багатыровым, ехаў на запятках, разам з багажом, у прасвідраванай скрыні.– Гэтаму – радасць. І не будзе ён на запечатленныя нашы алтары глядзець. І не будзе ён бачыць усёй гэтай брыды. Бугаёў яму не цкаваць, на “скверным” двары не жэрці. А што яму? Бог яму несмяротнай душы не даў. Сабака сабака ёсць.Алесь пакасіўся на яго і зразумеў, што стары пакутліва крыўдуе.– Дзяніс Авакумыч... Вось дзівак... Кіньце вы... Я ж вас ніколі не забуду.– Гэх, князь, забудзеце. Усё чалавек забывае. Дый я сам вінаваты. Дазволіў сабе прывязацца. А для старога такая штука – рэч недаравальная.Хмыкнуў.– Паехаў бы я з вамі на Ветку.– То паедзеш... Сапраўды, паедзеш...– Позна. У Рагожскай мая сям’я, у Вавілоне гэтым маё нараджэнне. У ім і мая смерць.Усе маўчалі. Алесь глядзеў на захад, які палымнеў над гэтым горадам пакуты, і ўспамінаў.Цёмныя вуліцы... Раскоша “сіці”... Закасцянелыя ад пыхі барскія палацы... Ялейныя і тлустыя, як свінні, манахі на Нікольскай... Страшны смурод Зараддзя... Лахманы... Увесь гэты бедны, азвярэлы ад голаду і цемры народ... Мумія “цара-фараона” пад гнілым снегам... Будачнікі са сталамі на галовах... Слепакі пад мурамі Крамля.Нават напалеонаўскі пажар не выпаліў усяго гэтага. На папёлах вырасла тое самае свінства, прыгнёт, карупцыя, агульная прадажнасць.