Зброя

Куды ж падзецца ад усяго гэтага? Які яшчэ гэтаму Вавілону потрэбен пажар?Жанчына з мятлой... Страшныя скаргі “бубнаўскай дзіркі”... “Воўчая даліна” з яе трупамі... Паддзячыя, якім аддадзена ў рукі правасуддзе і літасць... Дагамейскі прынц, які крычыць аб справядлівасці на невядомай мове, і простыя, якія крычаць аб тым самым, але іх ніхто не разумее.Брычка каціла Васкрэсенскай плошчай. Барва ляжала на будынках: слабая – на белым будынку ўрадавых устаноў, цякучая – на струменях водаразборнага фантана, крывавая – на мурах Крамля.Эшафот на Балоце. Калясніца, што паўзе да яго. Твар гарадскога ката. Мядзведзі з выкалатымі вачыма. Знемагаючы бык, што ідзе насустач сонцу.Алесь пачуў гукі песні, і яму здалося, што ён трызніць. Не, памылкі не было. Каля чырвонага струменя вадамёта стаяў стары ў белай світцы і магерцы. На плячы ў яго вісела віцебская валынка. Пад нагамі, абутымі ў поршні, ляжалі два медзякі. Узвёўшы вочы, стары спяваў.– Гэх, – раптам сказаў Макар, – валынка ды гудок, сабяры наш дамок. Саха ды барана, разарылі нашы дама. Спыніць, ці што, княжа?– Спыні.Брычка стала. Выцягнуты, увесь белы ў бездакорна чыстай світцы, белы, як дзед Кагут у белым садзе, белы, як той лірнік, ля якога яны пазнаёміліся з Кастусём, стары спяваў:Апошняя ў свецеГадзіна настала,Бедная сіроткаБез маці застала.Алесь схіліўся і паклаў яму на валынку тры рублі. Што ён мог?Больш застанецца –У заслугу пойдзе.Якія маленькія –Прапалі давеку.У запляваных, прасякнутых горам, подласцю, прыгнётам і крывёю мурах білася, знемагаючы, крынічка песні. Стары спяваў, як уся гэтая зямля, начыста, яшчэ пры нараджэнні, пазбаўленая шчасця.Стрэў Пан Бог сіротку:“А куды ідзеш ты?”“Матулькі шукаці”.Алесь сціснуў плячо Макара, каб той ехаў. Гора і гнеў душылі яго. А за спіною білася, паміраючы, палонная песня....За заставаю развітваліся. Макар пераступаў з нагі на нагу, муляўся. Потым ціха сказаў:– А шкада, што я не ў вас. – І раптам усміхнуўся: – Во, княжа, што яшчэ здарылася. Этап нейкія чэрці ўчора раніцой разбілі, сакалінцы катаржныя. Усіх чыста паразвязвалі ды параспускалі. А салдат хапіліся толькі сёння, апоўдзень. Пачалі шукаць – усе чыста звязаныя.– Гэта цікава, – сказаў Алесь. – І невядома, хто зрабіў.– А чорт яго ведае. Галоўнае, выгоды ніякай. Замотаныя нейкія. Проста так, відаць, з азарства.– Спаймалі кагосьці?– Спаймай іх... Гэта ж паўтара дня мінула ці яшчэ больш. У тых, відаць, ад страху крылы павырасталі. Цяпер між імі і тым месцам сама меней сотня вёрст.– Бывай, Макар. Я рад.Макар адышоў.– Ну, давай, – сказаў Чыўін. – Давай я цябе нашым... Рагожскім.Перахрысціў двуперсна.– І ведаеш... Ты тады гэтым... неграм – і за мяне. І за мяне, сынок. За алтары запечатленныя. За ўсю нашу рагожскую старую веру....Ямскі экіпаж каціўся шляхам. Першыя зоры загараліся над галавою. Білі ў маладых жытах перапёлкі. Алесь гладзіў галаву Лебедзя, і ўспамінаў, і заплюшчваў вочы, як ён.Калі васьмю месяцамі пазней людзі ў ярасці крычалі: “Зброі!”, крычалі, сціскаючы пустыя кулакі, адзін з нямногіх, хто здолеў адказаць на гэты крык, быў князь Аляксандар Загорскі.Зямля атрымала зброю.