Зброя

Беглі паабапал пагружаныя ў змрок дрэнныя дамы з мезанінамі, крывыя платы, рэдкія ліхтары, у якіх цьмяна жаўрэла гарнае масла. Стаяла такая гразь, калі масквічы наймаюць рамізніка, каб пераехаць на друті бок плошчы.Ён любіў гэты горад. Любіў за гандаль кнігамі на Смаленскім рынку, за летнія гулянні на Сянной з іхнімі каруселямі і арэлямі-люлькамі, што круцяцца, як млыновыя крылы. Любіў завесу Вялікага тэатра, на якой Пажарскі пяты ўжо год уязджаў у Маскву. Любіў яго мазаічную падлогу і пах курэнняў з моцнай парфумы, неад’емны ад таго захаплення, якое авалодвае табою, калі скрыпачы ў аркестры выпрабоўваюць смычкі. Любіў стракатаць натоўпу і веліч некаторых будынкаў.І ён ненавідзеў яго за самае крайняе самавольства і поўную абыякавасць да чалавека, да суседа. Як ён жыве – і ці жыве ён, чым ён дыхае – і ці ёсць яму чымсьці дыхаць – гэта нікога тут не цікавіла.Дэспатычнае самавольства, нахабны прыгон і патрыярхальнасць – чацвёртага кіта не было. А на гэтых трох стаяў “трэці Рым”, аслеплены ідэяй уласнай велічы настолькі, што яму было ўсё роўна, шмат ліхтароў на вуліцах ці не. А іх было мала, таму што большую частку дрэннага канаплянага масла з’ядалі пажарныя, абавязкам якіх было гэтыя ліхтары чысціць і запальваць. З’ядалі з дрэнна абдзёртай грачанай кашай, галоўнай і ледзь не адзінай сваёй ежай.Ён ненавідзеў яго за тое, што горад, у масе сваёй, не жыў і нават не хацеў жыць уласнай думкай. Вярхі жылі разбэшчаным рабалепствам перад “грамадскай думкай”, якую ўвасаблялі прыдуркаватыя ад старэчага маразму галовы ангельскага клуба. Галовы ў сваю чаргу схіляліся перад разумовым убоствам так званай дзяржаўнай ідэі. Астатняя частка жыла плёткамі і мамонай і пакорай перад законам, які не закон.Нельга курыць на вуліцах – не будзем. Нельга насіць доўгія валасы – не будзем. Нельга есці бліны іначай як на масленіцу і ў належныя для таго дні – не будзем. І ўсё гэта пакорліва і безнаракальна, хаця б у пастанове і не было ніякага сэнсу.Насіць вусы могуць адны ваенныя. Іншым саслоўям гэта забараняецца. Бараду дазволена насіць мужыкам, папам, стараабрадцам і асобам вольнага стану ў паважным узросце. Чыноўнік павінен галіцца. Яму, безумоўна, забараняюцца вусы і барада. Пры дасягненні ж пэўных ступеняў ён мае права насіць маленькія бакенбарды – favoris, у тым, аднак жа, выпадку, калі яму гэта прыхільна папусціць начальства. Маладым барада забаронена. Калі ж яна расце і запускаецца – гэта адзнака нігілізму і вальнадумства .Алесь ненавідзеў яго за тое, што ён не ведаў і не жадаў прадбачыць будучыні, цалкам пакладаючыся ў гэтым на прароцтвы і прадраканні смярдзючага ідыёта Карэйшы , у святасць і ўсёведанне якога бязмерна верыў.Карэйша зараз дажываў свой век у доме вар’ятаў. Што яны – не вар’яты, а “нармальныя” – будуць рабіць без яго?...Добра, што ў будачнікаў аднялі алебарды. Такі быў сімвал ідыёцтва ўладатрымальнікаў! Такое бруднае і грубае сярэдневякоўе! Як увесь гэты быдлячы свет.– Вы нешта сказалі? – страпянуўся Алесь.– Вы ўпершыню ў Маскве? – паўтарыў купец.– Упершыню, – сказаў Загорскі.Ён не вельмі хлусіў, кажучы гэта. Тэатры, універсітэт і рэстараны – гэта была не Масква. Ён, Алесь, стаяў цяпер твар у твар з сапраўднай Масквой. Яму трэба было цяпер жыць з ёю і мець справу з ёю і, дзякуючы небяспечнасці свёй справы, спусціцца ў такія цёмныя глыбіні, такія лабірынты і прорвы, якіх цалкам і на ўсю глыбіню не ведаў ніхто. Ён упершыню ішоў да яе, і яму было нават трохі страшна. Бо тут раскашавалі і забівалі, здабывалі сабе хлеб гандлем і рабункам, з дазволу і патаемна, а то абыходзілася і без яго, без гэтага хлеба.