Зброя

Гэта было як з Варваркі спусціцца ў Зараддзе. Не, нават горш. Недзе глыбока пад нагамі чакалі смярдзючыя завулкі, дзе людзі, як напаўздохлыя рыбы, ледзь рухаліся ў гнілой вадзе.– Упершыню, – паўтарыў ён.– То сцеражыцеся, – сказаў стары. – Небяспечны горад. Масква слязам не верыць. Яна, матухна, б’е з наска. Крый Божа нашаму на зуб трапіць. Асабліва калі па гандлю. Хуценька ў “яму“ трапіш. Як на матыў “Блізка горада Славянска“ спяваюць.Близко Печкина трактира,У присутственных ворот,Есть дешевая квартираИ для всех свободный вход.– Што ж гэта вы, дрэўлепрэпраслаўленай веры, а ў оперу ходзіце?– Ды не хаджу я, – адмахнуўся стары. – У тракціры Фокіна чуў. Там “машына” грае. То вось у машыне адзін такі вал ёсць.– А, уласна, чаму нам не пазнаёміцца? Загорскі Аляксандар Георгіяў.– Гм... А я Чыўін Дзяніс Авакумавіч.Настаў час трохі здзівіць. Алесь абыякава сказаў:– Кругом стараабрадскае імя. Чыўё – гэта ж лыжачка са зрэзаным донцам.Стары, сапраўды, трохі насцярожана здзівіўся:– Праўда. Замест чарніліцы яна нашым перапісчыкам кніг. Старым пісьменствам жывем. Божым.– А чарнілы, пэўна, фабрычныя. Толькі тоўчаную ржу дабаўляеце, божыя перапісчыкі, ды сажу.– І камедзь, – яшчэ больш здзівіўся Чыўін.І раптам нехта нібы распусціў на ягоным твары зморшчыны. Яны абмякнулі.– А Дзяніс – ад выгарэцкіх Дзянісавых1. А Авакум – вядома ад каго.Алесь зразумеў: Чыўін зрабіў для сябе нейкі вывад і баяцца яго не будзе. Менш, ва ўсякім разе, будзе баяцца.– Я і кажу, – сказаў стары. – Сцеражыцеся. Ніканіянскі горад. Блудніца вавілонская. Злодзей на злодзеі сядзіць. Падэшвы на хаду рвуць. Вось нядаўна з Крамля гармату ўкралі.– Не можа быць!– Не хлушу, бацюхна, – стары цяпер гаварыў істава, куды падзеліся “слова-еры”. – Яны б і царзон прынялі, каб нехта купіў. Знайшлі б спосаб.– Ды як?– А так. Там пастамент ля арсенала. Раніцай змяняўся караул – ан замест пастамента – пустамент. Няма. Уся паліцыя, увесь сыск забегалі. Урэшце знайшлі на Драчоўцы, на Старой плошчы, у сутарэнні пад дробязнай крамай. І ўжо тую гармату сякерай на лом нехта разбіваў. А гаспадар крамы –“дабрасовесны” ў гарадской часці. Вось табе і “дабрасовесны”: крадзеныя гарматы купляе. А зладзеі яе вось як вывезлі. Скінулі на зямлю і адразу, захутаўшы ў дзяругу, – на санкі. Вартавы ў Троіцкай браме пытае, што вязуць, а яны яму: “Чушку, кармілец, тушу свіную”. Вартавы толькі вочы ўзвёў ды, відаць, пачаў думаць, як яно добра пад гарэлку. Ну і вывезлі. Каб цар камусьці быў патрэбен, то вывезлі б і цара... цьху, даруй мне Божа, я не казаў – вы не чулі... Так што глядзі-іце.– Мне б такіх людзей, – сказаў Алесь.– Ды нашто вам?– Зброю хачу купіць. Многа.Халімон на козлах здрыгануўся. Падумаў, відаць, што выхаванец звар’яцеў.Калі ён не вытрымаў і зірнуў назад, Алесь убачыў у вачах Кірдуна дрэнна схаваны жах. Фурман азірнуўся таксама. Чыўін ускінуў на Алеся вочкі:– Нашто? Часам не на разбой?– Пяцьсот стрэльбаў на разбой? – усміхнуўся Алесь. – Ды шабляў столькі ж, ды нажы, ды іншы тавар? Кіньце. Ды яшчэ вось у надоешняга купца тры тысячы штук паркалю куплю, ды люстэркаў, ды караляў.– Мяняць? – здагадаўся Чыўін. – Куды? Да самаедаў, далган, айнаў?– Трымай далей, – сказаў Алесь. – У Афрыку.– Гэта да мурынаў?– Но.Фурман пакруціў галавою.– Ды нашто вам, – сказаў старавер. – Хто там гандляваў?– А я не гандляр. Мне дужа скучыла на месцм сядзець. Я хачу туды, дзе ніводны хрысціянін не хадзіў. Буду мяняць сёе-тое, падарункі рабіць дзікім людзям. А каб не напалі – найму людзей, зброю ім дам.