Зброя

– Ты адкуль ведаеш?– Я – ведаю. Ты хаця “Паморскія адказы” Дзянісавых чытаў? Яны так і пісалі: “Сомняемся и буквам, в нём писанным – Белоруским; нынешнего века пописи, яже в древлехаратейных мы не відехом...” А ведаеш, што “дзяянням” апошні ўдар нанесла? Тое, што аб іх Сімяон Полацкі нічога не ведаў і не кажа. Беларус. То беларусам дзякаваць бы, а ты лезеш, як пёс.Стары глядзеў на Алеся амаль са свяшчэнным жахам.– Прызнавайся, – сказаў Алесь. – Спаймаць мяне хацеў?– Хацеў.– Адно пытанне ведаў, ды тое не да канца. Прызнавайся, аб Полацкім не ведаў? І аб тым, што мітрапаліт Канстанцін з’явіўся ў Кіеве толькі праз дванаццаць год пасля гэтага “Сабора”, які нібыта ўзначальваў, – не ведаў?– Не, – сказаў Чыўін.– То ж бо. Каб Дзянісавы былі такія ж дурні, як усе, – не дваццаць тысяч жыццяў сябе б спаліла, а больш...– Колькі ж табе год? – ціха спытаў купец.– Дваццаць два канчаю.– Табе б не да мурынаў. Табе б у ніканіянскія папы ды дайсці да мітрапаліта.Алесь засмяяўся:– А потым вы б мяне звабілі, перацягнулі?Ён ледзь не сказаў “назад”, але гэта было б ужо не па правілах. Хай гэты стары не ведае, хто ён і адкуль спазнаў усё, што датычыцца расколу. Так будзе лепей. Хай лічыць гэта дзівам – ён можа даць кожнаму начотчыку сто ачкоў наперад.– А што, быў бы нарэшце “свой”, – сказаў Чыўін....Купец маўчаў. Потым сказаў, як аб вырашаным:– Суцешыў ты мяне... Усё я табе цяпер зраблю. Дапамагу. І ведай, свой ты цяпер чалавек на Рагожскай.Яны ехалі ля старой Трыумфальнай брамы. Стары глянуў направа.– Самы на Вялікай Садовай жыве свалачны і подлы, прадажны народ. Ты сюды не хадзі. Ты да тытуннікаў не хадзі. Мы табе дапаможам. Я.

РАЗДЗЕЛ ІІАлесь і не думаў хадзіць да тытуннікаў, тым больш да людзей свайго кола.Ён занадта добра ведаў іх, і жыццё маскоўскага дваранства не выклікала ў ім нічога, акрамя пагарды.Рэформа не змяніла іх. Такога не дазволіў бы сабе ні Раўбіч, ні Клейна, а гэтыя і цяпер дасылалі старога слугу ў паліцыю з запіскай:– Хочаш і надалей есці мой хлеб – ідзі і дай сябе адхвастаць.– Куды ж я пайду ад вас? Я і не ўмею нічога.– То ідзі.Усё ў іх сваё, дамарошчанае. І прыслуга, і большая частка прадуктаў, і свечы, і нават мудрасць. Гэтая мудрасць была затхлая, як паветра ў іхніх пакоях, начыста пазбаўленых вентыляцыі, засмуроджаных курэннем “смолак”1.Было ў іхнім жыцці і сімпатычнае, бо яны былі гасцінныя і ветлівыя людзі, і дамы іхнія заўсёды былі перапоўнены прыжывалкамі, але тое, як яны трымаліся чына і месца, – вось што было страшна.Нельга было ўявіць сабе, што тут Майцы, нявесце ягонай, ніхто не дазволіў бы адной хадзіць па вуліцах і чытаць што-небудзь, акрамя маральных да абрыдлівасці ангельскіх раманаў. Нельга было ўявіць сабе, што тут Вацлаў, брат, павінен быў бы маўкліва згаджацца з заўвагамі старэйшых, няхай нават бязглуздымі.Нельга было ўявіць сабе, што тут ён, Алесь, павінен быў бы хаваць свае сімпатыі нават да Граноўскага, ужо не кажучы аб Шаўчэнку.Ліберальныя гурткі, якіх было шмат, хаваліся. Рэдкія выступленні моладзі канчаліся разгромам і маўчаннем. Грамадскасць сурова асудзіла тых хлопцаў, што ішлі за труной дзекабрыста Трубяцкога. Калі пачаліся студэнцкія хваляванні і масы студэнтаў прыйшлі на Цвярскую плошчу да генерал-губернатарскага дома з патрабаваннем адпусціць арыштаваных сяброў – на іх напусцілі паліцыю. Жандары абкружылі студэнтаў і жорстка збілі іх ля мура гасцініцы “Дрэздэн”, што супраць губернатарскага дома. Гэта было зусім нядаўна, у кастрычніку шэсцьдзесят першага.