Званы Віцебска

ХРОНІКА З XVII СТАГОДДЗЯ

Ў ТРОХ ДЗЕЯХ, ШАСЦІ КАРЦІНАХ

Д З Е Ю Ч Ы Я А С О Б Ы

С ц я п а н П а с і ё р а – завадатар паўстання 1623 года ў Віцебску.

М а р ц ы я н Р о п а т – цэхавы збраяроў-мечнікаў.

А н т о н і-Л а р В о л ь х а – залатых. спраў майстра.

Б а г у с л а в а (Б а г у с я) Д а н е л ь – дзяўчына, дачка аднаго з віцабскіх радцаў.

П р у з ы н а Т р а п а ш к а в а – яе “мамка”.

Е ў г а Б а б у к – былая павітуха, напаўюродка.

Б а б а А б д з я р ы х а – гандлярка калдунамі.

Н а в у м В о ў к –

С ы м о н Н е ш а –

І л я – свавольны поп.

Н е ў с ц я Я р а м я ш э в і ч-С к в е р ш а

В а с к а М а т ы с

Я н к а Г у ж н і ш ч а ў – званар.

Л а д ы с ь – аршанец

П я т р о – палачанін

В а с і л ь – яго сын

В і н у с ь – вільнянін

З у л і с я

В а л ь г і н а

І а с а ф а т (І з а х в а т) К у н ц э в і ч – уніяцкі арцыбіскуп Полацкі і Віцебскі.

А р х і д ы я к а н Д а р а ф е й – давераная асоба Кунцэвіча.

Л е ў С а п е г а – вялікі канцлер Вялікага княства.

П а л і к а р А б р а г і м о в і ч – тысячнік, галава біскупскай “гвардыі”.

С т а н і с л а ў К а с і н с к і – езуіт, духоўнік Кунцэвіча.

А л я к с а н д р К о р в і н-Г а н с е ў с к і – рэферэндарый і дзяржаўны сакратар Вялікага княства, Веліжскі, Пуньскі, Купінскі і іншы стараста.

Ч л е н к а м і с а р с к а г а с у д а.

1-шы в а р т а в ы.

2-гі в а р т а в ы.

3-ці в а р т а в ы.

Мяшчане, гвардзейцы, члены трыбунала, варта, муляры, служкі, кат.

І i ІІ дзеі адбываюцца ў Віцебску ў жніўні – лістападзе 1623 года,

ІІІ – у лютым 1624 года, там жа.

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

КАРЦІНА ПЕРШАЯ

Цьмяныя контуры дамоў і вежаў. Ляцяць над імі і клубяцца чорныя страшньш хмары. Амаль поўная цемра. Хаос. I з гэтага хаосу –

Г о л а с.

Г о л а с. Гэта было роўна 350 год таму. Чалавецтва змучылася ў рэлігійных войнах XVI стагоддзя. Многім людзям здавалася, што нават змрок Сярэднявечча – лепшы, бо ў ім была раўнавага духоўная.

I Рым, папа ўзнамерыліся “даць гэтую раўнавагу, даць спакой душам”. Нават агнём і мячом, не думаючы, ці варта плаціць за парадак гвалтам і разбоем.

На беларускія землі быў дасланы для вайны з ерасямі, увядзення уніі, саюзу з Рымам і знішчэння іншаверцаў – біскуп Іасафат Кунцэвіч.

Хто не згодзен – плаха, хто гаворыць і думае па-свойму – меч. I таму XVII стагоддзе было асабліва страшнае для Беларусі, якая ніколі яшчэ не стаяла так блізка да загібелі.

I ў тым, што так не здарылася, – заслуга і гонар многіх. Але аднымі з першых узнялі свой голас супраць знішчэння і смерці – Віцебскія Званы.

Паступова святлее. Ясны, залаты асенні дзень. Плошча перад царквой Успення маці божай (прачыстай) на Узгорскім пасадзе, пры ўпадзенні Віцьбы ў Дзвіну. Галоўны ўваход у царкву – справа, а перад намі – бакавы. Злева ад царквы, за садам, з якога звісаюць чырвоныя арабіны, – аркады гасцінага двара, далей – сілуэт ратушы, а правей ад аркадаў – задні мур двара арцыбіскупа.

Правей, за плошчаю, халодна сінеюць хвалі Віцьбы і Дзвіны, відаць каменныя,крыху пабітыя часам замкавыя вежы.

На плошчы н а т о ў п. У многіх у руках пучкі каласоў з гронкамі арабіны: прыйшлі свяціць. Ціша і спакой. I раптам гул абураных галасоў.

Га л а с ы. А людзейкі, а добрыя! А што ж гэта робіцца?! Біскупскія людзі нас з каласамі ад царквы гоняць.

Вальгіна. На прачыстую, у імя якой храм! На ўспенне маці божай.

З у л і с я. Проста па гарбузах кіямі да крыві б’юць.

Навум Воўк. Здохні, біскуп Іасафат!