1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29

Званы Віцебска

П а с і ё р а. Гэта была б харошая справа! Я ў ногі пакланіўся б таму, хто праводзіць такую добрую справу...

Кунцэвіч (стомлена). Ну вось.

П а с і ё р а. ...каб толькі гэтая справа не была аддадзена ў брудныя рукі.

В о л ь ха. Мы згаджаліся з уніяй. Мы лічылі, што задумай сваёй гэта – вялікая, святая справа, і таму тры гады падпарадкоўваліся табе, Ізахват.

Р о п а т. Аж пакуль не зразумелі, што ты, айцец святы, і іншыя такія... айцы святую справу зрабілі падманам, брыдотай, забойствам нашай зямлі, нашых людзей і свабоды, пакуль не ўбачылі, што ты – святы воўк, Ізахват.

Пасіёра. I гэта апошняе папярэджанне табе Віцебска. Парушыш спакой і закон – крыўдуй на сябе.

Паўза. Пасля выбухнуў Палікар.

П а л і к а р. Нахабы, віцебскія свінні! Ды... галовы з іх дзерці! Ды аддай жа загад! Гвардыю сюды!

Р о п а т. Ну, калі ён хоча быці не толькі айчымам, але і сына забойцам і парушалькікам слова, – клічце служак.

Кунцэвіч (дрыжучы ад гневу). Я даў слова. Хай ідуць.

Е з у і т. Чакай. Слова? Трымаць? Перад такімі?

Кунцэвіч. Адкасніся. Хай ідуць.

Е з у і т. Дрэнна цябе вучылі.

Кунцэвіч. Хай дзякуюць лёсу. Хай ідуць.

Пасланцы ідуць да дзвярэй. I зноў за вокнамі песня.

Гэй, казачэйку, пане ж мой, ці далёка ж будзе домік твой?

Ці бары, ці Запарогі – канец нашае дарогі?

Тут казакі ўсе юнакі. Здабываюць. Прапіваюць.

Што маюць – прайграюць, Куліна.

Р о п а т. Чуеш? Тваю песню спяваюць, Вольха.

В о л ь х а. Яшчэ адзін атрад.

Н е ш а. А чаго гэта ты не спяваў: “Што маюць – прайграюць, Багуся”? Куліна нейкая.

Р о п а т. Змоўч!

I л я (ціха). Чаму ён вось так адпусціў нас? Ані пагрозы?

Р о п а т. Не ведаю.

Пайшлі.

Е з у і т. Сорам табе, Кунцэвіч. Не толькі я – уся царква ад цябе адварочвае твар.

П а л і к а р. Загадай, загадай – і я напушчу на іх варту! Адарві ім галовы, каб не адарвалі табе!

Е з у і т. Нейкія няясныя твае падазрэнні, нейкія здагадкі, домыслы – і вось ужо няма ранейшага воўка божага, а ёсць ануча.

Кунцэвіч. На мяне хочаш навесці смерць гэтых людзей? Не! Яны не панясуць свае галовы пад пахай.

Е з у і т. То панясеш ты. (Мякка, але з прытоенай пагрозай.) Ды зразумей, няма ўжо табе шляху назад. Дазволь нагадаць, як ты да нас у Полацк прыйшоў?

Кунцэвіч.Памятаю. Студзень. Дзевятага. Снег сляпучы. Званы.

Е з у і т. А хто цябе сустракаў ля самай заставы места?

Кунцэвіч. Усё рымскае духавенства. I на чале вы, езуіты.

Е з у і т. Правільна. А калі мы да гэтага бывалі на сустрэчы праваслаўнага біскупа? Ніколі. Ergo – народ адразу зразумеў, чыя аброць дябе вядзе. Падазрэнне было спадарожнікам першага твайго кроку. А спадарожнікам другога была агіда. Бо звараціў ты масу народу.

Кунцэвіч. I мянушка мне за гэта стала “душахват”.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29