1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29

Званы Віцебска

Е з у і т. Так. А не паспеў памерці Гедэон Полацкі, як ты адкрыта пачаў “паўсюль усё знішчаць, а нясхільных катаваць пакутамі і прыўлашчываць манастыры воўчым правам”. I спадарожнікам трэцяга твайго кроку была нянавісць. Нават многія уніяты заразіліся ёю і адышлі. Але цябе не абразуміла і нянавісць. Аршанцы цябе ў Дняпры ўтапіць хацелі. Магілёўцы гарматы навялі, а пасля ім галовы секлі і прымусілі заплаціць дваццаць тысяч злотых. Інакі цябе ў Кіеве забілі б, каб не ўцёк. Так, уцёк ад пакутніцкага вянца. Ведаеш, што ён азначаў бы?

Кунцэвіч. Ведаю. Цяпер іду насустрач яму, не апускаючы вачэй. Мне ўсё адно – міне або не міне вуснаў маіх чаша сія... Да нядаўняга часу было ўсё адно... I таму я не аддам табе іхніх галоў.

Е з у і т. Няўжо ты яшчэ не бачыш, што спадарожнікам чацвёртага твайго кроку стала ўсеагульная ярасць? I ты не сцяў ёй галавы, адпусціў яе.

Кунцэвіч (злавесна). Змоўч, Станіслаў Касінскі. Іначай я загадаю раздзерці цябе на кавалкі.

Заслона

КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ

Царква-шалаш у Задзвінні. Над ёю і пералескам пахмурнае лістападаўскае неба. З шалаша далятаюць спевы, але там цесна, і таму частка народу стаіць звонку. Тут, уласна, усе гараджане, што ўдзельнічаюць у дзеянні. Чуваць гамонка, але нейкая прыглушаная, нібы яе гняце самое неба. Крыху ўбаку ад усіх, за дрэвамі, Ропат і Багуся.

Р о п а т. Мамка Прузына дзе?

Б а г у с я. У царкве, дзе ж яшчэ? Гэтая заўсёды наперад ушчэміцца. Нават табе не давялося – я ж заўважыла тады – ёй у лапу даць.

Р о п а т. Я, каб цябе бачыць, не тое, што ў лапу – я ўсё аддаў бы. Нават лепшую маю шаблю, імем “Багуся”. Нават лепшую сваю сякеру – гізаўру імем “Данель” – для бацькі твайго нябожчыка куў у падарунак. Нават сябе самога з бессмяротнай душою разам.

Б а г у с я. Я не вінаватая, Ропат. Думала я. Аж тры месяцы. Далей мучыць цябе не магу... Не.

Р о п а т. Я цябе не вінавачу. Я дзеля цябе і зараз бы галаву сабе адсек і яшчэ паспеў бы на той бок Віцьбы перакінуць, анёл мой белы.

Б а г у с я. Дорага б я дала, каб ты быў здаровы і спакойны, каб не казаць гэтага табе... Але што я зраблю? Прачнуся ўначы і яшчэ не разумею – адкуль раптам радасць, а потым: “Ён ёсць на свеце, проста ёсць”.

Р о п а т. О божа! Рэжаш ты мяне тупым нажом... Антоні Вольха?

Б а г у с я. Так.

Р о п а т. Ненавіджу яго.

Б а г у с я. Я цябе прашу, не трэба. Будзь нам братам.

Р о п а т. Як быццам нехта конча мае патрэбу ў лішнім браце або сястры.

Б а г у с я. Гэта ты праз мяне. Не йдзі туды. Не ахвяруй жыццём.

Р о п а т. Ды я не ахвярую. Проста жэрабя мне выпала. Ты не бойся. Я ні ад мяча, ні ад кахання не памру. (У глотцы ў яго камяк.) Суцешуся. Бывай.. I вось што... Дай напаследак вусны. (Цалуе яе і хуткім крокам ідзе прэч.)

Падыходзіць з-за дрэў Антон і Вольха.

В о л ь х а. Ого! Я да яе, а яна тут іншаму раток падстаўляе.

Б а г у с я. Кінь. Не магла я адмовіць яму яшчэ і ў гэтым апошнім.

В о л ь х а. Апошнім? (Сеў на пень, нібы яго не трымаюць ногі.) Апошнім. Т-так. Ніколі мне не было яшчэ так кепска.

Паўза.

Б а г у с я. Ён іншага можа забіць.

В о л ь х а. Тады трэба ісці разам з ім. Хаця часам гляджу на цябе і думаю: “Ды спрахні ты, ды праваліся ты хаця і ў апраметную, горад”.

Б а г у с я (сядаючы побач). Гэта хай нехта іншы думае, што вось няхай свет праваліцца і нічога вакол не будзе, акрамя маёй печкі... Слухай, я, напэўна, бессаромная дзеўка, але... абдымі мяне.

В о л ь х а. Бессаромная. Я, відаць, таксама бессаромны, але... пацалуй мяне.

Паўза.

Не трэба мне нічога. Ні зямлі, ні горада, ні веры, што нам толькі псуе, ні крумкача Ізахвата. Нічога. Абы толькі ты. I яшчэ вось гэтыя мае рукі. Яны могуць і з золата, і са срэбра, і з дыямантаў рабіць. Але я іх не за тое люблю. Я іх за тое люблю, што яны могуць песціць цябе... вось так, расплятаць твае валасы, дакранацца да тваіх плячэй, да рук, да ўсяго... Ты не думай, я цябе ў дождж, бегма, як да Заручаўя на руках нёс бы, абы ты не змокла, не захварэла.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29