1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29

Званы Віцебска

Б а г у с я. Скажы мне тую песню, што ты за мяне прыдумаў. Яна – праўда.

В о л ь х а.

Я за цябе, мой каханы, і сама пайду.

Цераз поле, мой каханы, шырокае,

Цераз мора, мой каханы, глыбокае,

У двор твой, мой каханы, весняй хмараю,

У сенцы твае, мой каханы, дробным дажджом,

У хату тваю, мой каханы, ясным сонейкам.

За стол твой, мой каханы, паненкаю,

У ложу тваю, мой каханы, маленькаю.

Б а г у с я. Маленькаю.

В о л ь ха. Ну, схавайся ў мяне на руках, маленькая. Яны табе ўсё зробяць. Золата-срэбра чужое будзе. Затое будзе хата з залатой сасны, дах – са срэбнай асіны. Цёпла будзе ад печкі і ад цябе. Бог ты мой, ты ўся – як пух. Дзеці ў нас будуць.

Б а г у с я. Многа.

В о л ь х а. Хай многа. I ўсе майстры і добрыя людзі.

Б а г у с я. Набі мяне, можа, я цябе тады менш любіць буду!

Паўза.

Толькі... нічога гэтага не будзе.

В о л ь х а. Як нічога?!

Б а г у с я. А так, нічога. Нічога, пакуль горад наш – як авечка сярод ваўкоў, а пастухі – далёка. Хату – адбяруць, у студню – наплююць, храм – чужынцы загадзяць. Дзяцей – за чужую зямлю біцца пагоняць. На мяне які-небудзь Палікар вокам кіне.

В о л ь х а. Я яго доўбняй тады.

Б а г у с я. Тады позна будзе... Бачыш, што робіцца?

Вол ьх а. Не бойся. Я цябе нікому ў крыўду не дам. Я за цябе... Я калі і вазьму доўбню, то толькі за цябе.

Выбух галасоў ля шалаша.

П а с і ё р а. Людзі некалі слаўнага места Віцебскага! Бедныя! У шалашы загнаныя, у норы, як зверы! Думаеце, адны вы так? Вось з’явіліся з загонамі людзі. Пятро Васільевіч, палачанін, з сынам Васілем, Ладысь – аршанец, Васіль – магілевец, ды Авянір, а прасцей Вінусь – вільнянін. Прыйшлі раіцца, як далей быць, як жыць, як дыхаць.

Палачанін. Наконт нас і казаць няма чаго. Усе ведаюць, як ён нас прыціснуў. Ведаючы, якія беды нас чакаюць, проста хоць дзяцей не раджай.

В а с і л ь. Што ты, бацька, чым мы вінаватыя? Што ты нас назад буслу аддасі?

Аршанец. У нас за тое, што мы яго тапіць хацелі, усе грамадскія лазні на Дняпры зачыніў перад праваслаўным вялікаднем. I ў каго сваёй не было – тыя да суседзяў хадзілі і набіваліся, як салоная рыба ў бочку.

М а т ы с. Гэна... ведаем... У нас крамніцы і каморы зачыніў, яткі мясныя, пастрыгальню, перавозы на Дзвіне і на Лучосе... Хай яму... бручкай па мордзе.

Абдзярыха. Латок з маімі калдунамі найлепшымі тройчы перакідаў, каб яго самога так апракінула! Бачыце, у царкву яго, анахцамскую, не хаджу, каб па ім так тыя анахцамы давеку хадзілі.

Вільнянін. Вільня кіпіць. Вялікая грамада. У замках і па слабодах і дамах шляхецкіх хоча паўторна бунтавацца.

Палачанін. Яны яшчэ раз хочуць свой каляндар рымскі ўвесці. Каб было на дзесяць дзён наперад ад нашага. Дзесяць дзён жыцця кожнага з нас украсці. Каб перад богам не ведалі, як сказаць, што мы ў іх рабілі. Забылі, як мы, палачане, ужо хрысцілі іх за гэтыя дзесяць дзён доўбнямі.

Навум Воўк. Кіньце вы пра калдуны ды календары. Справу кажыце.

М а м к а (выйшаўшы з шалаша). А ў храме, а пане мой божа. Я пабыла на прачыстую, то закаялася. Пань і паннаў голкамі колюць і за паню з падкручаннем шчыкаюць.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29