1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29

Званы Віцебска

I л я. Ну, гэта табе не вялікая бяда.

М а м к а. Змоўч, поп, нахабная твая пыса. Хто, як не брат твой, у Заручаўі, напіўшыся, вакол уваскрасенскай царквы на казле са спяваннем сто другога псалма ездзіў?! Вось за такіх і зваліўся на нас Ізахват.

I л я. Што ты, што ты, баба?

Абдзярыха. Ты папа Ілю катаеш, каб цябе да нагі выкаціла? Ты святога чалавека, каб цябе так па спіне свянціла.

Учапіліся адна адной у валасы.

Н е ў с ц я. Ну вось, галубочкі мае, і вайне пачатак, каб вам, даражэнькія мае сёстры, скулу на язык.

Абдзярыха. А табе столькі туды скулляў з муллем, колькі твая маці з цыганамі грашыла. Ды вялікіх скулляў, з мае калдуны.

М а м к а. Каб табе такую вайну кожны дзень у хаце.

Н е ў с ц я. Дальбог, каб ведаў, не звязваўся б. Не бабы, а татарская навала.

П а с і ё р а. Ціха, бабы! Слухай, народ! Не да бабскіх спрэчак. Не за валасы, за душу ўхапілі.

М а м к а. А божа ж мой, ну, чысты анёл.

П а с і ё р а. Ад Вільні да Магілёва куюць людзей у жалезы, кідаюць у цямніцы. Людзі ў Барысаглебскім манастыры адзінаццаць дзён трывалі асаду. Толькі полацкая замкавая варта агнём іх узяла.

Р о п а т. Вось гэта людзі!

П а с і ё р а. То што мы будзем? Цярпець? Магнацтва, акрамя нямногіх, здрадзіла, запляміўшы наш гонар. Яны цяпер па-чужынску цвэнкаюць, усе гэтыя тышкевічы, агінскія, валовічы, сангушкі, сапегі, браніцкія, аскеркі, храпбтовічы і іншыя, імя іх – легіён. Ім ужо мова Кірылы з Турава, Скарыны і Цяпінскага – грубая, як калі ў жываце бурчыць. Псы. Ледзь не адны мы засталіся, мы, просты народ. Што рабіць?

В о л ь х а. Мы, мяшчане, у законе выраслі, звыклі паважаць закон. Мо напішам каралю ды пацерпім крыху яшчэ. Вы ведаеце, я не з зайцоў...

I тут кінуўся да яго Ропат з бердышом-гізаўраю ў руцэ.

Р о п а т. Змоўч ты, смоўж! Церпім, як у часы ранніх хрысціян. Толькі нас не львам, нас сабакам-падлажэрам кідаюць. А мы маўчым! Досыць маўчаць, Віцебск, досыць, зямля!

В о л ь х а. Галосіш занадта гучна. Парадзіхаю. Ды крыкам нічога не народзіш.

Р о п а т. Бачыш? Гэта гізаўра.

П а с л а н ц ы. Ды разбараніце іх. Зброю ўзнялі. Не ведаюць – на каго.

В о л ь х а. Калі ўзняў зброю – трэба апускаць. Ну!

Р о п а т (усадзіўшы гізаўру ў зямлю ля ног Вольхі). Не пойдзеш – галаву развалю. До цярпець! Воўк перарэжа ўвесь статак...

У гэты момант з’яўляецца на чале гвардыі Палікар і ўзброены доўбняй зверападобны Д а р а ф е й.

Н е ў с ц я. Раўніцелі веры з’явіліся. Ну дакладна як у юнацкіх снах нявінныя атракавіцы, каб ім, галубочкам, здохнуць без пакаяння.

Ма т ы с. Ідуць... Аж... засмярдзела.

I л я. Бязлепіцу і грубасць сказаў. На такіх трэба казаць: “Пачэ калу смярдзяй”.

Д а р а ф е й. Што, айцы, зноў незаконнае зборышча? Давай, давай адсюль. А то ўздасца вам па грахах вашых. Шкуру гарачымі бізунамі дзерці буду.

Навум Воўк. Глядзі, гэты табе унію ніжэй спіны прапіша.

П а л і к а р. Не звягай на унію, чарвяк.

Палачанін. Хочаце, каб мы глагол, у якім нарадзіліся, змянілі на чужы.

А р ш а н е ц. Каб віцебскія ды аршанскія званы на лаціне спявалі.

Вільнянін. Хай пяюць... Абы на іх адпяванні.

I л я. Толькі як ты з чортам дамовішся на чужой мове?

Дарафей. А можа, звыклі б. А, братачкі?

П а с і ё р а. Можа. Можа, нават і лепей, каб звыклі. Каб толькі не стаяў над намі Рым. I ніхто ў свеце. Досыць. Абрыдла.

Д а р а ф е й. Ух ты, як ён на каралёў брэша. Начытаны. А што, хіба Ягелоны не раўнялі ўсіх у правах?

Р о п а т. Раўнялі. Бо разумелі – гвалтам з намі нічога не зробіш.

Абдзярыха. А цяперашнія, відаць, розум страцілі. “Цёсечка-цёсечка, а потым – стой, воўк цябе рэж”.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29