1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29

Званы Віцебска

М а м к а. Лабідуды нейкія, хай бы вам гарэць.

П а л і к а р. Змоўч, бабы.

Д а р а ф е й. Куражацца. Цану сабе набіваюць перад намі.

Абдзярыха. Цана нам такая, што ты з усім сваім майном толькі й купіш тую ваду, у якой мы ногі мылі.

М а м к а. Для піцця.

Н е ў с ц я. Бедныя яны, няшчасныя вашы каралі. Скудныя розумам.

Р о п а т. Нас пагубіце, але тады і дзяржава веры загіне. Канец! Не быці ёй ужо сярод першых у храме сусвету.

М а т ы с. Мякінныя... вы... галовы.

Д а р а ф е й. Гэта вашы папы мякінныя галовы. Схлапелі, амужычыліся. У распусту ўпалі. Жэняцца. Халера на іх!

I л я. Твая тут праўда, браток. (Тон яго слоў прынізлівы.) Гэта ясна. Ты ведаеш, хто за ўсіх разумней, хто за ўсіх весялей і хто за ўсіх дурней?

П а л і к а р. Ну?

I л я. Вялікія вы і мудрыя людзі. Разумней за ўсіх, сапраўды, ксёндз.

Д а р а ф е й. О, урэшце. А чаму?

I л я. Бо ніколі не жэніцца. А весялей за ўсіх поп... Вось як я. Ён рана ўстае і, не еўшы, пяе. Малебен трэба служыць нашча.

Д а р а ф е й. Ну, а дурней за ўсіх хто?

У гэты момант адзін са служак, пракраўшыся за спінамі, кінуў у шалаш паходню. За рогатам гэтага не заўважыў ніхто, акрамя Багусі. Яна кінулася да падпальшчыка, схапіла яго за глотку. Дарафей моцна штурхнуў яе, і яна ўпала.

Д а р а ф е й (узняў доўбню). Ды што там?! Душы схізму ў імя бога. Бі!

Але тут, нібы скінуўшы здранцвенне, адным скачком дагнаў яго Вольха. Выдзер доўбню, аперазаў па спіне, узняў грамілу ў паветра.

В о л ь х а. Не! Гэта мы вас – бі! Дзяўчат нашых ганьбіць? Людзі – на іх!

Віцьбічы рынулі наперад. У святле палаючага шалаша закіпела лютая бойка.

(Вольха, усё яшчэ матляючы Дарафея, крычыць.) Каб мірам, любоўю прыйшлі – ніхто б, ніколі нас ад вас не адвёў... Нa табе!.. Хіба шыбеніцай, плахай!.. На!.. Але сілай віцьбічаў, але сілай нас – хрэн возьмеш! Зубы зломіш, поп! (Шваркнуў ім аб зямлю.)

Дарафей ляжыць, аглушаны.

(Вольха кінуўся да Багусі, узняў.) Птушачка мая белая. Як ён цябе? Дзе ён цябе? Божа мой, божа, руку на кабету! Што з табой? Дзе баліць?

Б а г у с я. Нічога. Цяпер ужо нічога. Ён не прыбіў цябе?

Варту, між тым, пагналі. Народ збіраецца на паляну.

П а с і ё р а (ціха). Ну, усё. Усе сродкі ўжылі. Адзін выхад – забіць.

В о л ь х а. За веру забіць чалавека? Быці – як яны?

I л я. Думаеце, толькі вера? Каб гэта, то яшчэ палова бяды. Унь Сцяпан часцей царкву мінае, чым карчму. Не толькі вера. Праўдзівей, не столькі вера. Справа на тое пайшла, ці быць, ці заставацца нам у векі вякоў – і давеку – тым, чым мы ёсць. I пра гэта вы і думайце перш за ўсё.

Пасіёра. І ў знак роты, прысягі, што будзем стаяць, як адзін, – кідайце ўсе шапкі ў купу.

Абдзярыха. Хустку здзерці, з босай галавой пайсці – горай ужо для бабы ганьбы, здаецца, і няма. Але ёсць, ёсць, дзеткі, горшая ганьба. Бабы, кідай хусткі!

Людзі моўчкі кідаюць у купу шапкі і хусткі.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29