1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29

Званы Віцебска

П а с і ё р а. Званар Янка Гужнішчаў, ты тут?

З в а н а р. Тут.

П а с і ё р а. Абыдзеш усіх сваіх. Заўтра якое?

З в а н а р. Года ад нараджэння Хрыстова тысяча шэсцьсот дваццаць трэцяга. Месяца лістапада – дванаццатага. Дзень святога Іаана Літасцівага.

П а с і ё р а. Ну, літасці ім не будзе. А ў католікаў хто?

З в а н а р. Ды яно, здаецца, Тэадора-пакутніка.

П а с і ё р а. Гэта ўжо лепей. Звані заўтра па-каталіцку.

З в а н а р. Калі?

Пасіёра. А сёмай гадзіне раніцы ўдарыш у ратушны звон.

З в а н а р. Што ж, званіў па ўсіх. Нават па мёртвых. А гэта што? Гэта звон вясёлы. Як на вялікдзень. Заўтра мая вялікая Юлляна пакажа гораду медную глотку. I вялікая Вольга. I вялікі Альгерд. А я іх толькі гэтак па баках: “Ну, мае званочкі, ну, маленькія, пастарайцеся для слаўнага места”.

М а м к а. Ну добра, ну як шляхтай навакольнай падступяць – хай. Усе на муры выйдзем. А як вялікае войска?

Н е ш а. Да Масквы па дапамогу.

П а с і ё р а. Думаў. Не паспеюць.

В о л ь х а. Самім ім кепска. Казакаў на дапамогу трэба прасіць..

Г ал а с ы. Казакаў! Казакаў!

Р о п а т. Бурмістры хай едуць. Каб, у выпадку чаго, не пала на горад кара.

Аршанец. А спраўляцца мы будзем. Мы, якіх тут і ў твар не ведаюць.

П а с і ё р а. Ідзі, званар. Яны чулі маленні Віцебска. Хай пачуюць Віцебскі набат.

Заслона

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

КАРЦІНА ЧАЦВЁРТАЯ

Ноч на 12 лістапада 1623 года. Пакой у палатах Кунцэвіча. Скупа гарыць некалькі свечак. У пакоі Кунцэвіч і Палікар.

П а л і к а р. Ну, пабілі нас. З кім не бывае? Але горад спакойны. Агні, як то належыць, усе пасля каманды варты згасілі. Ніхто нікому нічога ніякага. А ў нас поспех. Усё ж шалаш спалілі.

Кунцэвіч. З сінякамі, але са славай. Наша ўзяла – і рыла ў крыві.

П а л і к а р. Толькі што чуткі ходзяць: пагаворваюць, што нібы нехта збіраецца казакаў прызываць. Ды без такіх чутак месяца не праходзіць. Лапцявая пошта.

Кунцэвіч. I тут рацыя. А ўсё ж падрыхтуй чалавек трох ганцоў. I калі нейкі шумок пойдзе – адпраў па адным да казакаў. Маўляў, не трэба падмогі, усе памірыліся, жыццё ідзе гладзенька, як яйка коціцца. Гэта так, дзеля беражонага ваўка, якога і зайцы не заядуць.

П а л і к а р. Ды нічога страшнага.

Кунцэвіч. I я думаю. Прывядзі гэтых дзвюх. Урэшце, старую пусці, а з маладою пастой за дзвярыма.

Палікар выйшаў. Праз некаторы час адчыняюцца дзверы, і ў іх з’яўляецца ён у суправаджэнні Еўгі Бабук і Багусі Данель. Прытрымаў Багусю за руку, а Еўгу падштурхнуў наперад. Дзверы ён, аднак, да канца не зачыніў: шафа для папер не дае Кунцэвічу ўбачыць гэта.

Е ў г а. У-у-у-у. Вялі сюды – пугач крычаў над Узгорскім канцом. Над прачыстай, над палатамі гэтымі, над ратушай. Пу-га, пу-га, пу-га, у-у-га-га-га-га! Вось, без галоў ходзяць. I ты, ог-го-ой, – без галавы.

Кунцэвіч. Славайсу, цётка Еўга. Што гэта ты? Ходзіш, ілжэпрарочыш, людзей без прычыны палохаеш?

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29