1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29

Званы Віцебска

Е ў г а. Якая прычына? Б-бачу-у. Без галоў. Жар гарыць. Як тады ў Вільні, падчас пагромаў.

Кунцэвіч (страсянуў яе за плечы). Слухай. Адказвай. Ну!

Е ў г а. Вочы страшныя. Унь! Унь безгаловыя.

Кунцэвіч. Выкладвай, ведзьма! Праўду ты мне тады, на вуха?.. Праўду?!

Пад паглядам гэтых страшных вачэй Еўгу нібы на хвіліну адпусціла.

Е ў г а (у прастрацыі). Праўду... Праўду... Усе думалі, ты святы. Такі малады, гожы прыказчык у купца. У манастыр Святатроіцкі хадзіў. Усе цябе любілі, ціхі, ветлы. А пасля манастыр – у вунію. I ты – у вунію. Паслушнік. Да гэтых, да шэрых хадзіў. З вачыма змяінымі. I зараз адзін з іх – з табою. А пасля не ты – змей вогненны прыляцеў. Пагромы пачаліся. Храмы віленскія змей паліў, людзей пабіў, вокны каменнем дашчэнту падрузгатаў. I тады ўсе зразумелі – ЗМЕЙ. Ідзі адсюль, ЗМЕЙ. I адзетая ў сонца, з месяцам пад нагамі, крычала: “ЗМЕЙ! ЗМЕЙ!” I кінуліся ўсе бегчы, нават тыя, што ЗМЕЯ сонцам лічылі. I тая, што крычала, з адзінай зорачкай над галавой.

Кунцэвіч. Што брэшаш, стары куль з лахманамі?! Хіба яны не загінулі ў пагроме? У віленскі мяцеж? Калі грамілі? Адзін аднаго?

Е ў г а. Не... не...

Кунцэвіч. Хіба не ад рукі праваслаўных мяцежнікаў? А шкілеты чые ў пажарышчы былі?

Е ў г а. Чыесьці. Не-не. Уцяклі. Ад агіды перад ласкавай пашчай змея.

Палікар за дзвярыма: «Пане мой, ну і ну».

Кунцэвіч. За што ж тады? За што ж я тады іх? Слухай, слухай, ведзьма! Праўду шаптала? Т о й?

Е ў г а. Праўду. Праўду. Ходзяць. Без галоў. Ідуць. Шмат. Труну нясуць дубовую.

Кунцэвіч. Т-та-ак. Палікар!

П а л і к а р (увайшоў). Тут я.

Кунцэвіч. Адвядзі яе ў піўніцу, накармі, да раніцы не пускай. Небяспечны горад ноччу, сам ведаеш... Пасля прывядзі другую.

Палікар пайшоў.

Праўда. Значыць, усё праўда. Бог мой, якая палёгка і які боль! I я не падобны на тую смакоўніцу, якую ссякаюць і кідаюць у агонь... Але тады за што, за што ж я іх?! Калі грэх – не грэх, а злачынства – не злачынства?! За што?! Не, не, я ўсё ж добра абярнуўся. Граху на мне няма – гэта раней было. I ўлада ёсць. I моцная рука. Гэ-эх ты-ы! Д-дудка мая-а, ух-х я! (Ён прайшоўся, пават паспрабаваў быў выкінуць некалькі каленцаў.) Не! Не! Усё добра! Золатам засыплю! Цяпер ёсць рукі, у якія можна яго сыпануць. Раку. Вадаспад залаты! Ох і навароцім мы! З золатам і розумам, з сілай і маладосцю. Магутны, багаты князь! Нават каменьчыкі з дарогі прыбраныя! Мацнейшы за ўсіх. А чаму сапраўды не князь? (Задумаўся.) Так, некалькі грэбляў на шляху ў вады. Віцебск, магістрат, людзі, жанчыны. Нічога, усё гэта хітрасцю адолеем, усе грэблі – залатым кайлом праб’ём. Няма перашкод!!!

Палікар падштурхнуў у пакой Б а г у с ю.

Б а г у с я. Што гэта такое, айцец? Нашто вы сарамаціце маё імя? Сярод ночы! Маці-ўдаву, што ад гора счарнела, са мной не пускаеце.

Кунцэвіч. Таму і не пускаем, што сярод ночы. Рагаткі, варта ад зладзеяў.

Б а г у с я. Невядома яшчэ, хто страшней, злодзеі ці ваша варта... Мамку тады чаму пусцілі? Яна там, у парадных сенцах, усіх крыкам аглушыла, лаецца.

Кунцэвіч. “Бабы багабрыдкія”, як казалі айцы хрысціянства. Мамку патрымаюць, а пасля вас праводзяць дамоў. З ліхтарамі.

Б а г у с я. Каб пасля ўся вуліца, усе пляткаркі горада языкамі на мне боб малацілі? Калі дамоў?

Кунцэвіч. А гэта – як у нас размова пойдзе. Можа, і зараз. А калі не адразу ўгавару – раніцай.

Б а г у с я. На што гэта вы мяне... умаўляць будзеце?

Кунцэвіч. Як дома? Цяжка без бацькі? Я чуў – збяднелі.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29