1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29

Званы Віцебска

Б а г у с я. Анягож. Увесь караван лайбаў з грузам на Дзвіне ўзялі і расшарпалі, так што канцоў не знойдзеш. А там палова чужых тавараў была. Каб сораму не было – апошняе аддалі. Праўда, многія не бралі: Воўк, Неша, Неўсця Ярамяшэвіч... Марцыян Ропат.

Кунцэвіч (убок). Ага... (Да Багусі.) Невядомыя парабавалі?

Б а г у с я. Ды не... Кажуць, пераапранутыя людзі Мікалая Завішы. Войт Віцебска... Ваш... I з ім нібы людзі Палікара... Тэж ваш.

Кунцэвіч. Разбяруся.

Б а г у с я. Позна разбірацца. Ды вы не турбуйцеся. Мы не бядуем. Неяк пражывём. Горш, што ад гэтага Палікара – пасля такога! – праходу няма.

Кунцэвіч. Ну, цяпер гэты яблык Палікару не па зубах... Ведаў я твайго бацьку. Добры быў чалавек, добры бурмістр. I вось у памяць аб ім вырашыў я табе памагчы.

Б а г у с я. Чым гэта?

Кунцэвіч. У мяне тут ёсць майно. I яно ўпусце прападае. Ды ты маўчы, маўчы. Слухай. У пасадзе Узгорскім, ад Завіцьбенскага моста, два дамы пустыя. Унізе, уздоўж Віцьбы, сем гародаў без будоў. У вуліцы Багародзіцкай – два дамы ды гарод. У вуліцы Падзвінскай – свірны і клеці – купцам іншагароднім тавары ссыпаць. У пасадзе Пясянскім, ля Пескаваціка, – млын, дом млынара-арандатара ды гарод. Ды ў Рускім пасадзе, за Дзвіной, млын, шапавальня, лес, а ў ім тры буды. Ну, і ў Задунаўскім пасадзе восем дамоў і дванаццаць пустых пляцаў. I, між іншым, значная частка гэтых дамоў і пляцаў мяжуе з землямі пана Васіля Боніча, галоўнага віцебскага бурмістра, жонкі яго і іхняга сына адзінароднага Радзіміра.

Б а г у с я. I гэта ўсё мне? За якія такія паслугі? I якая мне радасць ад суседзяў-Бонічаў?

Кунцэвіч. Табе. У памяць бацькі. Замуж выходзь ды жыві ў багацці і шчасці. Калі нават Палікар і нашкодзіў, у што я не веру, то ў выкупленне яго граху ці за тое, што кепска на яго падумала.

Б а г у с я. Замуж я пайду. Але не так. Абразілі вы мяне, айцец. Імя стаптаць задумалі.

Кунцэвіч. Ды што ты, дурное дзяўчо.

Б а г у с я. Уначы прыведзена. Пасля замуж выходжу з багатым пасагам. I пасаг той – былое ваша майно. I смех і грэх. Як жа так?

Кунцэвіч. Сумленне маё чыстае. I тваё будзе чыстае перад богам і мужам. А зласлоўе – хто зласлоўя ў жыцці не адчуў?

Б а г у с я (прысаромлена). Прабачце, айцец. Але пры чым тут Бонічы?

Кунцэвіч. А пры тым, што землі вашы аб’яднаюцца. I будзеце вы самай... другой па багацці сям’ёй гарадской на Віцебшчыне. Тым болей, што даю яшчэ тры вадзяныя млыны на Віцьбе, пільню і тры тысячы злотых. А Радзімір Боніч – арол.

Б а г у с я (сумна). Дзякуй. Але гэта называюць: без мяне мяне жанілі, я на млын авёс павёз. У мяне ж не спыталі? За добрае сэрца дзякуй, нават не чакала, але...

Кунцэвіч. Дык за каго ж ты пойдзеш, дурнічка? За Вольху, за... Ропата? Не кажу, гожыя хлопцы. Але ж галадранцы. Што ж, голая за голага? Дзеці ж пойдуць.

Б а г у с я. Пракормім. Рукі ёсць. Але ісці без сэрца? Чаму вы гэтага так хочаце?

Кунцэвіч. Таму што я так хачу. Таму што м н е патрэбны ў сябры два самыя сільныя роды места Віцебскага. Таму што хачу шчасця для чатырох людзей.

Б а г у с я (ціха, без рэзкасці). Хочаце вы, а замуж за нялюбага ісці мне?

К у н ц э в і ч. Першы крок – і адразу ж перашкода. На пачатку шляху конь упаў. Дрэнная прыкмета. I аб што спатыкнуўся? Аб гэтую выжлачку. (Голасна.) Слухай, я з табою па-добраму. Дык слухай і ты мяне!

Б а г у с я. Не вашая гэта, прабачце, ойча, справа, за каго я пайду. Тут віцебскія, дый не толькі віцебскія, а і ўсе нашы дзеўкі – самі сабе гаспадыні. Тут вам не іншыя мясціны, дзе па церамах сядзяць і прадыхнуць не смеюць, дзе жанчыны – “сасуд скудзельны”. Вось так. Захачу за Ропата, захачу – за Вольху. А і захачу, то хоць за гіцля і шкурадзёра Яшку або за Хведзьку-дурачка.

К у н ц э в і ч. Не смей на маім шляху стаяць. Не будзь перапонай. Знішчу!

Багуся. А я была, дурная, першы раз падумала, што Віцебск памыліўся.

Кунцэвіч. Узяць. Каб падумала. А наконт смерці ў ерасі твайго бацькі, брата і іншых, то... нахабствам і дзёрзкасцю сваёй вы мяне прымусілі і змусілі на гэта. Тое, што ў Вільні, тое будзе цяпер і ў Віцебску. I не толькі ў ім. Клянуся.

Паўза.

Палікар, загадай, калі яна не адумаецца, на Заручаўскіх і на Завіць-Фенскіх могілках усіх схізматаў трупы выкапаць.

Палікар. I што?

Кунцэвіч. I кіньце гэтае падла на сметнік псам! Псы яны ёсць, песяй смерцю здохлі, хай не паганяць святой зямлі. Што ж ты не падаеш? Непахаваным ім ляжаць.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29