1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29

Званы Віцебска

Б а г у с я. Іх пахаваюць. Мо цішком, а мо і пры святле дня, пры ўсіх. А вось хто пахавае вас?

Кунцэвіч. Палікар! Па варту! Усіх магільшчыкаў збіць у купы. З паходнямі. Зараз жа, ноччу.

П а л і к а р выйшаў. Багуся і Кунцэвіч глядзяць у вочы адно аднаму. За вокнамі тупат, галасы. Успыхнула адна паходня, другая, шмат. Злавеснае чырвонае святло. П а л і к а р вярнуўся.

Б а г у с я. Прадалі нас паны, прадалі сільныя. Адны мы засталіся, просты народ. Сяляне, мяшчане, бедныя папы, бедныя гандляры. Прыбітыя, святлом пісьма мала адзначаныя. Але мы – народ. Гэтым усё сказана. Мы – народ.

Яе вывалаклі за дзверы. Кунцэвіч стаіць, учапіўшыся рукамі ў валасы. За акном, дзе агні, зноў тупат і песня.

Гэй, казачэйку, пане ж мой. Я ўпадабала жывот твой.

Люба ж табе гараваці, дай мне з табой паехаці,

Душа мая, я ўжо твая. Ручку дай, а ўсядай.

Я твая. Ты мая, Куліна.

Кунцэвіч. Іхняя песня. Будзьце вы клятыя, горды народ жалезам калёным... Палікар!

П а л і к а р. Я.

К у н ц э в і ч. Не забудзьце, што гаварылі пра казакаў. Ідзі жалезам. Жалезам. А што, калі не толькі яна кахае? Што я тады рыхтую сабе? Ды не, не. Даб’юся. Пераканаю. Ніхто не адбіваецца, калі яму голымі рукамі сонца з неба здымаюць... Што ж, тады не сын Боніча. Тады дачка войта Завішы. I хай з горада мяса ляціць. За гардзёлку. Хто супраць нас?

Чуваць песня.

Гэй, казачэйку, пане ж мой. Вельмі ж то благі ёсць скарб твой.

Казак шчасліў, хоць нябогат. Ніц нікому невіноват.

Ён гаруе. Ён чатуе1. Дзе паеду – здабуду.

У баяраў. Татараў. Куліна.

Заварушылася нешта ў цёмным кутку. З’явіўся твар Касінскага.

Е з у і т. Вось хто супраць нас.

Кунцэвіч. Ты, айцец? I, як заўжды, патаемнымі дзверцамі.

Е з у і т. Звычка...

Кунцэвіч. Даўно тут? Шмат чуў?

Е з у і т. Чуў няшмат. Тое, што патрэбна. Т-та-ак. Ці не збіраешся, пад уплывам апошніх няпэўных чутак, кінуць нас ды сам сабе старацца?

Кунцэвіч. Гэта толькі мая справа.

Езуіт. Ну не! Гэта ўжо не толькі твая справа. Далёка зайшло. Памятаеш, як Масальскі ў цябе страляў? Каб не паклаў яго Палікар – ляжаць бы табе на сырой зямлі. Або як цябе тапіць хацелі? Ці як у Магілёве сказалі, каб убіраўся ад муроў, калі не хочаш атрымаць у азадак дзесяціфунтовае ядро. Ты, відаць, тады асаблівай патрэбы ў такім набытку не адчуваў, бо жыва ўбраўся. Позна, Іасафат.

Кунцэвіч. До. Дагэтуль я слухаў часам вашы парады, хаця й рабіў па-свойму. Цяпер я слухаю толькі сябе.

Е з у і т. Што ж, тады мне давядзецца зрабіць табе прыемны падарунак. Магчыма, ты, атрымаўшы яго, перадумаеш.

Кунцэвіч. Што?

Е з у і т. На гэты раз не проста збіцце тваіх людзей і не проста тое, што нават ты сам з-за Дзвіны можаш чуць з адбудаваных за палову дня шалашоў песні, і крыкі, і наругі, і кпіны з цябе.

Кунцэвіч (уздыхнуўшы). Яны самі не ведаюць, што робяць.

Е з у і т. Зана-адта добра ведаюць. Але горш тое, што на дапамогу прыйшлі з іншых гарадоў, што на чале стаяць людзі, якіх паважае ўсё Віцебскае, усё Полацкае ваяводствы... Гэта Сцяпан Пасіёра і Навум Воўк, і Марцыян Ропат, і Сымон Неша, і Антоні Вольха, і Хведар Цар, і Сымон Старынскі, і дзесяткі іншых... Ну? Што?

Кунцэвіч. О божа... Агонь, пагром, уцёкі пад дажджом. Такія маленькія цёплыя рукі. Такія пальчыкі. Разня... Ён?.. Яны на мяне? На мяне? Чым жа я так задзер сваю зямлю, што нават аднаго племя людзі, нават свая кроў?!

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29