1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29

Званы Віцебска

Е з у і т. Выпі вады. Ладна ж па табе ўдарыў нейкі слышок.

Але Кунцэвіч ужо супакоіўся.

Кунцэвіч. Можа, і сапраўды я ўсё жыццё хлусіў? Можа, час выпраўляць?

Е з у і т. Няма чым ужо выпраўляць.

Кунцэвіч. Можа, і сапраўды досыць... Гэтых людзей, гэтых... вартых... найлепшага ў свеце... мяцежнікамі. Маладых, гожых, замест багацця і славы – на плаху... Не, не, не, толькі не гэта! Не! Гэй, людзі! Гэй, Палікар! Вярнуць служак, вярнуць магільшчыкаў! Выпусціць усіх са склепаў, з жалезаў! Хай жэняцца – з кім хочуць, вераць – як хочуць. Я ўсё адно ўсё ім аддам. Досыць! Досыць!

Е з у і т. Я адаслаў адсюль усіх.

Кунцэвіч. Чаму?

Е з у і т. А няўжо ты думаеш, што мы ўвесь час рыхтавалі цябе да нечага іншага, чым пакутніцтва, пакутніцкая смерць? Тады ты дурнейшы, чым я думаў. Ага, ты быў разумны і сам хацеў гэтага. Ты падурнеў толькі цяпер, бо цябе апанавалі раптам любоў да жыцця, нечаканая радасць і гардыня. Няма чым ганарыцца. Увесь твой шлях – гэта не ты, вялікі дзеяч веры, вялікая асоба гісторыі. Думаеш, гэта ты задзіраў гэты народ? Гэта мы – тваімі рукамі і тваім языком, тваімі ўчынкамі, тваімі думкамі, добрымі і благімі, Рабілі мы. Але адказваць будзеш ты.

Кунцэвіч. Так... Цяпер я разумею... Цяпер я відушчы і ўсё бачу да дна. Але што, што цяпер рабіць?

Е з у і т. Нічога. Толькі адно. Калі хочаш яшчэ паслужыць богу – падымай сілу, кінь галавешку ў гэтае асінае гняздо, выпалі іх, раздушы.

Кунцэвіч. Але ж людзі, юнакі, хлопчык... I іх усіх?

Е з у і т. Калі не паспееш – і іх.

Кунцэвіч. Але што-о?!

Е з у і т. Тады толькі адно. Памерці пакутнікам. Мужна. Як хацеў. Так, каб ва унітаў з’явіўся хаця адзін годны святы.

Кунцэвіч. Дык вы... вы... Гэта назнарок. Супраць народа, мовы, крыві сваёй. О, сволачы, сволачы! О, якія сволачы!

Е з у і т (выходзячы). Дарэмна, біскуп. Позна. Іншага шляху няма.

Кунцэвіч. Іншага шляху няма. Празрэўшы, здохнуць, як пёс. О, псы, псы! За што? Няўжо і сапраўды ўся справа мая няправедная? Божа! Ускую пакіну мя?! За што караюся?!

Заслона

КАРЦІНА ПЯТАЯ

Двор перад палатамі Кунцэвіча, агароджаны частаколам. Злева, пад мурам, спуск у склепы і дзверы ў кухню. Проста насупраць – сходы, што вядуць на гульбішча. За аркамі ягонымі – акенцы. Але гульбішча не даходзіць да левага краю сцэны. Там – глухая сцяна з двума маленькімі, несіметрычнымі акенцамі – байніцамі. Справа, за мурам, што замыкае двор, амаль той самы від, што і ў першай карціне, толькі крыху з іншага боку, і далёкі сілуэт ратушы, і прачысценская царква.У вокнах яе агеньчыкі, і адтуль далятаюць спевы: ідзе ютрань.

Двор асвятляе ліхтар, які гайдаецца на ветры. Золкі і мокры лістападаўскі перадсвітанак. Яшчэ не пачынала днець.

З дзвярэй склепа тысячнік Палікар выводзіць Б а г у с ю.

П а л і к а р. Ну што, Багуся, што зробіш? Загад – гэта загад. Сказаў – слухайся і не брыкайся. I ты таксама добрая. Бачыш, што за чалавек – ну і прамаўчала б. А то давялося піўніцы пакаштаваць, Што, бедная, мокра, халодна? Ведаеш што? Хадзем зараз да яго, кінемся пасля ютрані ў ногі. Ён гнеўны, але добры, даруе. Ды зробіць, што трэба, ды мы да мяне, у цёплы дом. Усё ў мяне ёсць, багаты я.

Б а г у с я. Ясна, што багаты. Лайбы, разам з войтам, на Дзвіне разбіваючы, як не быць багатым?

П а л і к а р. Наклёп! Дальбог, наклёп!

Б а г у с я. Не ведаю. Раней і я думала, што нехта вільнуў языком, як сабака хвастом, але, убачыўшы ўчарашняе, думаю: праўда. Трупажэры.

П а л і к а р. Багуся, ды нічога не здарылася. Гэта ён згарача пальнуў. Праз хвіліну ніхто і не памятаў, а ён першы. Ніхто нікуды не пайшоў. Не гарачыся, бяленькая мая. Вельмі, вельмі кепска табе будзе, калі я не заступлюся.

Б а г у с я. Адкасніся. Лепей бы я са змеем ляжала, з калодай трухлявай ў балоце, з брылай лёду, з пракажоным, чым з табою, кат.

Варта выводзіць з піўніцы Е ў г у.

Е ў г а. Ага, пугач тут. Гу-гу! На святых руку ўздымаеш.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29