Званы Віцебска

М а т ы с. Здохні, кунцэвічаўскае адроддзе! Не Марына... было... імя тваёй маці, а сука!

Абдзярыха. Антыхрыста спарадзіла!

З у л і с я. Не Гаўрыла-шавец яе за падол хапаў, а чорт!

Вальгіна. Божухна! Гэта ж цяпер, якраз перад сяўбою і каласочкі пасвяціць недзе! Не ўзыдуць зярняткі!

Плач.

Гэта ж ён, падла уніцкае, на арабіну, на кроў сына яе, святой вадою пырснуць не хоча.

З у л і с я. Бацька ягоны боты псаваў, а гэты псуе душы.

Абдзярыха (накрываючы дзежку з калдунамі). Каб табе, піндзюр, не толькі маіх, на свеце лепшых, калдуноў не паспытаць, каб табе – ніякіх.

I л я. Ідзіце адсюль, людзі, ідзіце да мяне ў шалаш, у Задзвінне. А гэтымі – няхай іхнія ж дзеці ў голад давяцца.

Абдзярыха. Каб табе, гнідзе, у Дзвіне захлынуцца! Каб табе столькі язваў было, як гронак на арабінках гэтых!

Е ў г а. Язваў, як гронак! Язваў, як гронак! А там яго прыпякуць, прыпякуць! Галава рассядзецца, на азадак будзе падобная!

Ланцуг служак, так званая біскупская “гвардыя”, цясніць народ. Наперадзе тысячнік Палікар Абрагімовіч, здаравенны змрочны грак у варанёных даспехах.

П а л і к а р. Кідай каласы! Кідай арабіну гэтую паганскую!

З у л і с я. Палікар Абрагімовіч! Крумкач ты!

I л я. Татарын тваю прабабку таптаў, а і ты – “за хра-ам”.

Вальгіна. Б’юцца! У імя бога б’юць!

I тут на дарозе “гвардыі” паўстае другі ланцуг: Марцыян Ропат, поп І л я, Навум Воўк, Сымон Н е ш а, Неўсця Ярамяшэвіч-Скверша, Васка Матыс, іншыя. Спынілі.

Навум Воўк. Ану, хто супраць бога і Віцебска?!

Н е ў с ц я (тысячніку). Адыдзі, галубачка, адыдзі, ластавачка ты наша. Ты што ж гэта віцьбічаў зачапіў? Гэта ты – дарэмна... Ану, гець з дарогі, маць тваю не займаць, бацькі не чапаць!

М а т ы с. Яно... Што ж гэта... людзі... Яно... хаця і ў скарботным падпіцці, бо – успенне, а... крыўдна...

Н е ш а. Хай скажа Сцяпан Пасіёра! Лепей не скажаш.

П а с і ё р а. Ціха, людзі. Не трэба пакуль. Час яшчэ не прыйшоў. Патрывайце.

Г а л а с ы. Не-не. Сцяпана на рукі!

Сцяпана Пасіёру падымаюць на рукі, даюць яму жардзіну, каб ёю абапіраўся на зямлю. Пасля людзі ставяць яго сабе на плечы.

З у л і с я. Бач ты, пышны які! А гожы. Галоўка – проста як макаўка... пустая.

В а л ь г і на. Ды што ты яго вечна зневажаеш?

З у л і с я. А так, балбатун. Адно словы гаворыць.

П а с і ё р а. Людзі слаўнага места Віцебскага! Каменем мураванага! Дубам чорным апаясанага! Упрыгожанага безліччу званіц і палацаў! Багатага разумнымі дзядамі, магутнымі мужамі, жонкамі, што як вясёлкі. Чыстага водамі, зялёнага садамі, працавітага і кніжнага... Ды не. Раней багатага, раней кніжнага. Уніты прыйшлі. Хай рассыпецца слава наша – жарам. Ім – усё адно.

З’яўляецца Б а г у с я Д а н е л ь з П р у з ы н а й Т р а п а ш к а в а й, сваёй “мамкай”.

М а м к а. Хадзем, сонейка, хадзем, пяшчотка, у царкву. Сам арцыбіскуп там. Ён – святы. Ён нават спавядае часам проста так, на вуліцы.

Б а г у с я. I п’яных таксама?

М а м к а. Ну, гэтага не ведаю. Можа, часам і п’яных. Ды што п’яны? Не ўвесь жа час п’яны? Затое ж гаворыць!

Б а г у с я. Па мне дык гэты лепей гаворыць. Унь вочы якія! I побач... унь Антоні Вольха.

П а с і ё р а. Плач коціцца ад Узгорскага пасада і да Задунаўскага, і ўсёй вуліцай Вялікай, ад канца да канца. Воўк драпежны прыйшоў у Віцебск. Біскуп уніцкі Ізахват. Школы зачыненыя, цэрквы запечатленыя. Якія уніты не аднялі, і ў тых – корчмы і дамы распусты.

I л я. I нужнікі ў алтарах.

П а с і ё р а. Каб мір зберагчы, мы згадзіліся былі і на унію. Хай будуць два народы, польскі брат ды наш, пад адным началам папы. Хай бы пакінулі нам абрады нашы і мову...

П а л і к а р. Уга! Мы – па-лацінску. Вы – па-славянску! I тое, і тое незразумелае.

Пасіёра. ...I родную нам мову ў кaзанях. Тую, з якой нас бог у свет пусціў. Але пастыры-ваўкі загадваюць адарваць сэрца ад родных нам крыніц і мову сваю – забыць, стаўшы лацінянамі. А ў першым пасланні карынфянам сказана: “Бо калі я малюся на незнаёмай мове, то хаця дух мой і моліцца, але розум мой застаецца без плода”. Што ты на гэта, убоіска бязмозглае? Што нам з католікамі дзяліць? Людзі як людзі.

Г а л а с ы. За вунію роўных мы стаялі б.

З у л і с я. А тое за вушы цягнуць! Хто да папы, хто да іншых чужынцаў? Як ні назаві ярмо, яно – ярмо.

П а с і ё р а. Цяпер яны, сыраядцы, захацелі пазбавіць нас апошняга, беднага, але нашага свята. Спакон вякоў на прачыстую свяцілі нашы людзі каласы. І вось яны захацелі, каб Маці, паміраючы, не блаславіла іх на ўваскрасенне.