1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29

Званы Віцебска

П а л і к а р. Змоўч, варона!

За брамаю шум і нейкія выгукі. Пасля в а р т а, на чале з Дарафеем, прывалакла ў двор п а п а I л ю.

Той супраціўляецца, і нават з поспехам.

Д а р а ф е й. Вось. Учора шалаш спалілі. Учора ж і аднавілі. Ну, думаю, раз аднаўлялі, то неадменна гэты ілжэпоп паедзе туды ютрань правіць. Засаду зрабіў. А цёмна, як у камінара пад пахай. Аж вёслы. Крадзецца, птушачка, правіцца за Дзвіну цешыць сатану. Ну вось, схапілі, кухталёў надавалі, дый... Куды цяпер? У кухаварню?

П а л і к а р. Туды, ды павучыце яго там, як трэба шанаваць Хрыста.

Іля раптам крутануўся, і варта пасыпалася ад яго. Поп б’ецца так, што можна глядзець і глядзець.

I л я. Ангелы. Сыны Сатанііла. Вось я вам!

Г а л а с ы. Бі! Хапай!

I л я. На табе! Я ў веры яшчэ недасканалы. Цярпець не навучыўся! На! Вось табе лешч. Атрымай на абаранкі.

Е ў г а (кідаючыся бараніць Ілю). Совы! Совы! Святога абселі. Ізахват-сыназабойца кроў з добрых п’е. Пусціце! Пусціце яго!

Дарафей штурхае яе. Яна падае і стукаецца галавою. Поп Іля “навесіў” архідыякану так,

што той адляцеў і закруціўся.

I л я. Ах ты, зверагласіе! Ах ты, тупамысліе! Ты блажэнную, звер?! На!

Ілю ўсё ж схапілі, падставіўшы ножку. Скруцілі па руках і нагах, павалаклі да кухаварні. Дарафей,

хістаючыся, ідзе следам.

Д а р а ф е й. Ну, чакай.

I л я. Не ўбаюся цябе. Яка вотрак з пешчы вогненнай выйду цэлы, ты, байструк тхара і свінні!

П а л і к а р. Пакажыце яму там. А і я падмагу.

Зніклі. Багуся кідаецца да Еўгі, падымае яе.

Б а г у с я. Баба Еўга! Баба Еўга! Забілі? Баба Еўга?!

Еўга раптам застагнала, пасля села, аберуч абхапіўшы галаву, і раптам сказала не дзікім, а цалкам асэнсаваным, свядомым, нават прыемным голасам.

Е ў г а. О божа! Што гэта! Нібы туман нейкі рассеяўся. Нібы пара нейкая чорная з галавы выйшла. А-а, гэта ты, донька. Я люблю цябе. Ты, малая, ніколі мяне не дражніла, заўсёды хлеба давала. Было тады табе восем, калі на мяне туман найшоў. А цяпер?

Б а г у с я. Васемнаццаць. Пачакай, баба Еўга. Вось. (Яна кідаецца да вядра пад рынай, мочыць хусцінку і абцірае параненай галаву.) Вось-вось, зараз будзе лягчэй.

Е ў г а. О-ох. Думаеш, я сама сябе не стыдаюся? I ў мяне ж святлей у галаве бывае. На дзень-другі. Раз упала і ўдарылася. Другі раз дзеці гулялі ў снежкі. Ну, нейкі доўбень закатаў у мокры снег камень ды кінуў і выпадкова трапіў мне па галаве. Два дні непрытомная, пасля тры дні ў розуме, а пасля – зноў.

Б а г у с я. А чаго гэта вы, баба Еўга, Ізахвата сыназабойцам назвалі ды пра галовы крычалі нешта?

Е ў г а. Пра галовы не ведаю. А Ізахват... Ізахват сапраўды забойца сыноў сваіх.

Б а г у с я. А жанчына, што мела ў чэраве і крычала ад мук нараджэння? Жанчына з адзінаю зоркай над галавой?

Е ў г а. Была і жанчына. Я тады была таксама павітухай. У Вільні. Жыла ў Крывым тупічку, тут жа ля святадухайскай драўлянай царквы, толькі што пабудаванай. Туды мы і сталі хадзіць, а раней хадзілі ў святатроіцкі манастыр, які ў той час моцна пачалі цясніць. Там мы і ўбачылі ўпершыню Івана Гаўрылавіча.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29